"ПОМНІ ІМЯ СВАЁ..."

Па дапамогу на наш праект звяртаюцца не толькi жыхары Беларусi, але i iншых краiн, у прыватнасцi Расii, Фiнляндыi, Германii, Iталii, Украiны. Яны шукаюць родных, знаёмых, каханых. Мы з калегамi з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, а таксама чытачы “НГ” i радыёслухачы стараемся дапамагчы, радуемся, калi страчаныя сувязi наладжваюцца, калi праз гады i дзесяцiгоддзi людзi знаходзяць адзiн аднаго.

ДАРАГIЯ СЯБРОЎКI
“Хачу даведацца пра лёс сяброўкi Антанiны СЛАВIНСКАЙ (на здымку справа). Мы разам хадзiлi ў школу ў горадзе Лепелi. Не бачылiся больш за сорак гадоў. Як добра было б перапiсвацца, сустрэцца. Марыя Фiлiпаўна Яско (Трыбухоўская), горад Мiнск”.
“Сёлета спаўняецца 50 гадоў, як я закончыла Навапольскi сельскагаспадарчы тэхнiкум. Хачу адшукаць сваю сяброўку Нiну Пятроўну СIМАКОВIЧ, 1935 года нараджэння, з якой вучылiся ў адной групе. Яна была родам з вёскi Крутаўцы Гiрмантаўскага сельсавета (у той час, здаецца, Баранавiцкай вобласцi). У яе была малодшая сястра Тамара. Нiну нiбыта накiравалi на працу ў Дараганава. Кацярына Фёдараўна Казлянок (Рэдзько), горад Мiнск”.

ПIСЬМО З РАСII
“Спадзяюся знайсцi свайго саслужыўца Аляксандра ГАЛКIНА, 1943 цi 1944 года нараджэння, ураджэнца Гомеля цi Гомельскай вобласцi. Ён, як i я, служыў у Каспiйскай флатылii, што базiравалася ў 1964 годзе ў горадзе Баку. Аляксандр праходзiў службу вадалазам, а я вадзiцелем камандзiра, капiтана 1-га ранга Пятрэнкi. Адгукнiцеся, хто ведае Аляксандра. Уладзiмiр Васiльевiч Пятунiн, горад Сызрань Самарскай вобласцi (Расiйская Федэрацыя)”.

РОДНЫЯ ЛЮДЗI

“Дапамажыце знайсцi брата ад першага шлюбу майго бацькi. Прозвiшча яго СМАЛЯКОЎ. Iмя дакладна не памятаю: Iгар цi Уладзiмiр, здаецца, Уладзiмiр Пятровiч. У час вайны быў у дзiцячым доме ў Ляхавiчах. Пасля вайны яго перавялi ў другi дзiцячы дом, у якi — не ведаю. Мацi хлопца падарвалася на мiне ў лесе. Валодзя, адгукнiся! Я так хачу сустрэцца з табой. А яшчэ хачу знайсцi звесткi пра нашага бацьку Пятра Нестаравiча СМАЛЯКОВА, здаецца, 1916 года нараджэння. У 1941 годзе павестка яму была з Бабруйскага ваенкамата. У 1944-м прапаў без вестак. Нi пiсьмаў, нi фотаздымкаў яго не захавалася, бо пасля вайны маму абакралi, забралi i сумачку, дзе яны знаходзiлiся. А так бы хацелася на iх паглядзець. Дапамажыце даведацца пра ваенны лёс бацькi. Я вырасла без яго ласкi. Мне не было каму сказаць слова “тата”. Крыўдна, што мой такi лёс. Надзея Пятроўна Смалякова, Гродзенская вобласць”.
“Мама расказвала, што ў яе ёсць брат Аляксей Мiкiтавiч ТУЗ, якi, здаецца, жыў у горадзе Iванаве ў Расii i працаваў урачом. Жонка Клаўдзiя таксама была медыкам. Iх ужо можа i не быць сярод жывых, а вось дзецi, напэўна, засталiся. Вельмi хочацца даведацца пра iх, знайсцi родных. Для пошуку мала фактаў, але раптам пашанцуе. Кацярына Рыгораўна Баран (Акулава), Лiдскi раён”.
“Я, Ларыса Аляксандраўна Лiцэвiч (у дзявоцтве Кацура), шукаю стрыечнага брата Сяргея Фёдаравiча ДАРАШКОВА. Нарадзiўся ён у 1944 цi, можа, у 1945 годзе. Я з 1948-га. Калi ён служыў у войску, мы перапiсвалiся. Аднойчы Сяргей быў у камандзiроўцы ў Рэчыцы i прыходзiў да нас. Жылi мы ў вёсцы непадалёку ад гэтага райцэнтра. Лiчу, што па маёй вiне перарвалiся нашы стасункi. Вельмi б хацелася даведацца, дзе Сяргей i як склаўся яго лёс. Мацi яго завуць Феня, сястру — Маня. Хутчэй за ўсё ён жыве ў Мазыры”.

ЗНАЙШЛIСЯ!
Елiзавета Iванаўна Выдумчык з Круглага шукала Уладзiмiра Канстанцiнавiча i Генадзя Канстанцiнавiча Маслоўскiх. Iх бацькi жылi ў мястэчку Быцень Iвацэвiцкага раёна. Уладзiмiр працаваў пчаляром у Лунiнцы. Апошнi раз жанчына сустракалася з iм у 1959 годзе. Высветлiлася, што Уладзiмiр Канстанцiнавiч Маслоўскi жыве ў Гродне, яго адрас i хатнi тэлефон будзе высланы поштай. А вось Генадзь Канстанцiнавiч, на вялiкi жаль, 10 гадоў таму пакiнуў гэты свет.
Вера Вiкенцьеўна Казачонак з Докшыцкага раёна прасiла дапамагчы адшукаць сына Аляксандра Сяргеевiча Казачонка, 1959 года нараджэння. Ён жыў у Лiдзе, у ваенным гарадку, быў бортрадыстам на верталёце. Некаторы час служыў у Германii. У кастрычнiку 1993 года звольнiўся са службы, афармляў дакументы на пенсiю. А ў студзенi 1995-га яго жонка паведамiла, што ўжо пяць дзён як Сашы няма. Ад такой навiны ў вачах Веры Вiкенцьеўны пацямнела, i да гэтага часу жанчына не знаходзiць сабе месца, шукае сына, але безвынiкова. На жаль, Вера Вiкенцьеўна, не суцешым вас i мы. На запыты атрымалi адказ, што ваш сын лiчыцца прапаўшым без вестак, а рашэннем суда ён выпiсаны па месцы жыхарства як памерлы. Пра гэта паведамiлi ў адрасным бюро i сын Аляксандра Сяргеевiча.
Кацярына Ягораўна Хамiчэнка з Жодзiна шукала сваю пляменнiцу Марыну Мацвейчык i яе брата Алега. У канцы 70-х гадоў яны жылi ў вёсцы Леснякi Ваўкавыскага раёна. Папярэднiя самастойныя пошукi не далi станоўчых вынiкаў, i Кацярына Ягораўна звярнулася па дапамогу на наш праект. I недарэмна. Калегi з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё знайшлi Марыну i размаўлялi з ёй па тэлефоне. Дакладны яе хатнi адрас i нумар тэлефона прыйдзе па пошце. За дапамогу ў пошуках мы ўдзячны супрацоўнiкам Гродзенскага абласнога адраснага бюро, а таксама тэлефанiсткам рэспублiканскага унiтарнага прадпрыемства “Белтэлекам” Юлii Мукасёвай, Iрыне Тэжык i Галiне Пракапенi. Спадзяёмся на далейшае плённае супрацоўнiцтва.

ДАЧКУ ШУКАЮ... 60 ГАДОЎ

“У час вайны я трапiла ў канцлагер ва Усходняй Прусii. Там былi людзi розных нацыянальнасцей, i кожная мела сваю лату. Я насiла квадратную сiнюю, на якой белымi лiтарамi было напiсана “ОСТ”. Лагер быў вызвалены байцамi Савецкай Армii. Салдаты дапамаглi мне выйсцi, бо я была на апошнiм месяцы цяжарнасцi. Прайшлi пяць кiламетраў ад лагера, i ў мяне пачалiся роды. Як гэта адбывалася, расказваць цяжка. Мяне завялi ў пусты дом, дзе ляжала крышку саломы. Сярод нас была адна старэнькая бабулька, якая i прыняла на рукi маю народжаную дачушку. Яе не было ў што загарнуць. Бабулька зняла з сябе нiжнюю спаднiцу i загарнула дзiцятка. Доўга затрымлiвацца мы не маглi, трэба было iсцi далей ад фронту. Я, знясiленая пасля родаў, iшла з маленькай на руках. Затым нас сабралi ў адным месцы i адправiлi на Радзiму. У дарозе я i дачушка захварэлi. Нас знялi з поезда i паклалi ў Рызе ў бальнiцу, дзе мы праляжалi больш за месяц. Нас выпiсалi, мяне апранулi, абулi, далi ў што загарнуць дачушку. Прыехалi ў Мiнск, а iсцi няма куды. Прыйшлi да маёй сястры, тыдзень пабылi ў яе, трэба было вырашаць, што рабiць далей. Мы з сястрой вырашылi часова аддаць дачушку ў дзiцячы прыёмнiк, што быў на вулiцы Абутковай. Думала: уладкуюся на працу, атрымаю неабходныя дакументы i забяру крывiначку. Дзяўчынку ўзялi ў прыёмнiк, ёй тады было ўжо пяць месяцаў. Уладкаваўшыся на працу, я ездзiла кармiць дачку. Яна пабыла там каля сямi месяцаў. I вось аднойчы я прыехала яе кармiць, а мне сказалi: “Ваша дачка памерла, больш не прыходзьце сюды. Мы зрабiлi ўсё, як трэба, вы б самi так не зрабiлi”. I больш гаварыць са мной не сталi. Я была ў адчаi, але не паверыла, што дачка памерла. Пайшла па архiвах. У адным з iх, на вулiцы Лодачнай, даведалася, што дзяўчынку ўдачарылi, але хто — невядома. Куды толькi я ні звярталася са сваiм горам — усё безвынiкова. Дарагiя людзi, дапамажыце даведацца, дзе мая дачка Янiна Iльiнiчна ЛIПНIЦКАЯ, якая нарадзiлася 11 мая 1945 года. Магчыма, у яе зараз iншае прозвiшча, але, можа, прыёмныя бацькi расказалi дачцэ яе гiсторыю. Калi яна пачуе цi прачытае, няхай адгукнецца. Кацярына Пятроўна Някрасава, горад Мiнск”.

ПАЗНАЁМIЛIСЯ Ў САНАТОРЫI
Вольга Iосiфаўна Валасюк з Кобрына шукае Марыю ПАДДУБОЦКУЮ, год нараджэння якой 1935-ы цi 1936-ы. “Мы разам былi ў санаторыi ў Гродзенскай вобласцi ў 1967 годзе. Пасля гэтага пiсалi адна адной лiсты, але перапiска наша праз некаторы час спынiлася. Марыя, вiдаць, памяняла месца жыхарства, бо, калi я напiсала ёй на ранейшы адрас, мне адказалi, што такая тут не жыве. Працавала яна ў Мiнску на трактарным заводзе. Разам з намi тады ў санаторыi адпачывалi яе сяброўкi Ганна МОНЧЫКАВА i Ганна БАГУЗАВА. Усе яны з Мiнска i ведаюць адрасы адна адной. Магчыма, з iх дапамогай я знайшла б Марыю”.

ПАМЯЦЬ СЭРЦА
Мяркуем, што на пiсьмо Тамары Iванаўны Лушчынай з Магiлёва абавязкова адгукнецца Георгiй Мяфодзьевiч ШЫБЕКА. “У 1955 годзе мы разам закончылi Смальянскi сельскагаспадарчы тэхнiкум, што ў Вiцебскай вобласцi. Па размеркаваннi я трапiла ў Магiлёўскую вобласць, Георгiй паехаў у Гродзенскую. Цiкава даведацца, як склалася яго жыццё. Пасля заканчэння тэхнiкума мiнула больш як 50 гадоў. Якiмi мы сталi? Разам з намi вучылася i закончыла тэхнiкум мая сястра Надзея. У 1977 годзе я дапамагла ёй з Расii пераехаць у Магiлёў. Тут, наколькi я ведаю, жыве больш за дзесятак чалавек нашага выпуску з тэхнiкума. Многiя з iх закончылi Беларускую сельскагаспадарчую акадэмiю”.

ШТО ВЕДАЮЦЬ ЗЕМЛЯКI?
“Мой пляменнiк Мiхаiл Мiкалаевiч ПIГУНОЎ, 1964 года нараджэння, жыў у Буда-Кашалёўскiм раёне. Паехаў на лесараспрацоўкi ў Карэлiю, у горад Петразаводск. З таго часу пра яго нiчога невядома. Разам з iм паехалi чатыры мужчыны-землякi з аднаго раёна, як iх завуць, не ведаю. Арганiзаваў паездку мужчына, прозвiшча якога Глотаў. Усе, хто паехаў з Мiшам, праз месяцы два вярнулiся, а пра яго сказалi, маўляў, нiчога не ведаем. Чаму шукаю я? Бацька Мiшы Мiкалай Мiхайлавiч Пiгуноў, 1932 года нараджэння, без нагi i зусiм невiдушчы. Мацi вельмi хворая, не можа пiсаць, увесь час плача. Я вельмi прашу знайсцi Мiшу. Соф’я Мiхайлаўна Данiльчанка, горад Гомель”.

МОЖА, ЁН ГЕНЕРАЛ?
“З 1952 па 1955 год я служыў у войску, быў сяржантам, камандзiрам гарматы. У 1954-м да нас прыслалi маладых лейтэнантаў, якiя сталi камандзiрамi ўзводаў. Маiм камандзiрам быў Алег Аляксеевiч КОЎБIЙ (прозвiшча памятаю дакладна, а вось iмя цi iмя па бацьку, магчыма, забыўся). Калi я дэмабiлiзаваўся ў канцы 1955 года, ён прасiў па дарозе дамоў заехаць да яго сваякоў, якiя жылi ў Вiлейцы. У яго, ведаю, была сястра. Лейтэнант гаварыў: “Заедзь да маiх родных, i ты, несумненна, закахаешся ў маю прыгажуню сястру”. Як зваць яе, не ведаю. Тады ў мяне не атрымалася заехаць у Вiлейку. Цяпер мне 73 гады, хачу знайсцi свайго камандзiра. Можа, ён ужо i генерал, але я па-ранейшаму лiчу яго маiм камандзiрам узвода. Дапамажыце таксама знайсцi лейтэнанта МЕЦIКА (iмя i iмя па бацьку не памятаю), а яшчэ Пятра СЛЫНЬКО, Пятра КIТАЙГОРУ i Сцяпана ГАЛУШКУ — былых хлопцаў-сяржантаў з Украiны. Мiхаiл Цiханавiч Гром, Шаркоўшчынскi раён”.

ПРАПАЛI БЕЗ ВЕСТАК

“Шукаю весткi пра брата Мiкалая Рыгоравiча БАЧКОВА, 1925 года нараджэння, ураджэнца Крычаўскага раёна. Падчас вайны яго схапiлi фашысты. Знаходзiўся ў лагеры ў Крычаве. Потым iх вывезлi ў Германiю. Брат працаваў на заводзе, здаецца, у Дрэздэне. Жыў у цяжкiх умовах. Пасля вызвалення трапiў у армiю. Атрымалi пiсьмо, што брат прапаў без вестак. Ганна Рыгораўна Дачук, горад Брэст”.
“Я, Тамара Iванаўна Лушчына, шукаю iнфармацыю пра дзядзьку (брата маёй мамы) Мiкалая Якаўлевiча ТАРАСЕВIЧА, 1907 года нараджэння, ураджэнца Данбаса. Па словах мамы, у 1941 годзе яго везлi палонным у таварным поездзе праз станцыю Коханава Аршанскага раёна ў кiрунку Брэста. Усе палонныя былi вельмi схуднелыя. Жанчыны, якiя жылi на станцыi, прыносiлi да гэтых паяздоў хлеб i вараную бульбу. Родныя займалiся пошукамi Мiкалая Якаўлевiча. Адказ быў адзiн — прапаў без вестак у балотах пад Масквой у канцы 1941 года”.
Зiнаiда Васiльеўна Капытава адшуквае месца пахавання братоў, якiя прапалi без вестак: Мiкiты Васiльевiча КАПЫТАВА, 1914 года нараджэння, ураджэнца Оршы, i Iвана Васiльевiча КАПЫТАВА.
“У мяне падчас Вялiкай Айчыннай вайны загiнуў брат Часлаў Пятровiч БУЯК, 1920 года нараджэння. Апошнi лiст ад яго родныя атрымалi 22 лютага 1945 года, палявая пошта 52207”М”. Звярталiся ў Маскву ў архiвы — адказу не атрымалi. Дапамажыце. Ганна Пятроўна Шулiцкая, горад Мiнск”.
“Мой дзядуля Мiкалай Макаравiч БАРТАЛЕВIЧ, 1900 года нараджэння, прапаў без вестак у вераснi 1944 года. У мамы ёсць мара — знайсцi i наведаць магiлу яе бацькi. Сусед дзядулi, якi разам з iм быў на фронце, расказваў, што Мiкалай Макаравiч загiнуў пры пераправе праз Одэр. Можа, адгукнецца хто з былых саслужыўцаў дзядулi. Вольга Уладзiмiраўна Максiменка, горад Мiнск”.
“Шукаю дзядзьку Войцеха Францавiча ЮРКЕВIЧА, 1921 года нараджэння, ураджэнца вёскi Прудок Асiповiцкага раёна. Прапаў без вестак у апошнiя днi вайны ў Германii. Вясной 1945 года родныя атрымалi ад яго апошняе пiсьмо. Можа, хто-небудзь памятае дзядзьку, ведае, дзе i пры якiх абставiнах ён загiнуў — напiшыце. Аляксандр Асташэвiч, горад Мiнск”.
Валянцiна Рыгораўна Плiско шукае бацьку Рыгора Аляксеевiча АБАБКОВА. У 1946-м родныя атрымалi паведамленне, што ён прапаў без вестак летам 1944 года. Жанчына спадзяецца, што адгукнуцца баявыя таварышы бацькi.
“Мой брат Станiслаў Мiкалаевiч СКВАРЦОЎ, 1918 года нараджэння, да вайны працаваў нармiроўшчыкам у Кiсялевiчах (там была рамбаза). Рамантавалi трактары, магчыма, i танкi. За 2—3 днi да акупацыi Бабруйска фашыстамi брат i яшчэ некалькi рабочых пайшлi за раку Бярэзiну, збiралiся шукаць у лесе партызан. I больш мы нiякiх звестак ад яго не атрымлiвалi. Займалiся пошукамi — прыходзiлi адказы, што сярод загiнуўшых брат не лiчыцца. Леанiд Мiкалаевiч Скварцоў, горад Бабруйск”.
“Дапамажыце знайсцi магiлу бацькi Паўла Пятровiча КРЭДЗIКОВА, 1918 года нараджэння. На фронт ён пайшоў добраахвотнiкам з горада Сеўска Бранскай вобласцi. У Курску трапiў у палон. Мама расказвала, што хадзiла пешшу да яго, бачыла бацьку за калючым дротам. I больш нiчога пра яго мы не ведаем. Эма Паўлаўна Iконава, горад Полацк”.
“Шукаю бацьку Рыгора Фёдаравiча ГАНЧАРОВА, 1912 года нараджэння, ураджэнца вёскi Антонаўка Б-Нямкоўскага сельсавета Свяцiлаўскага (цяпер Веткаўскага) раёна Гомельскай вобласцi. Працаваў на заводзе “Гомсельмаш”. Быў прызваны ў армiю 13 мая 1941 года на 45 дзён з Гомеля. Спачатку быў у Пахомавым Гаi каля Гомеля, а потым iх перакiнулi ў iншае месца. Пахавальную на бацьку мацi не атрымлiвала. Пасля вайны падавала ў вышук, атрымала адказ, што прапаў без вестак. Мацi чакала бацьку да самага апошняга дня (памерла ў 1985 годзе). Мне таксама хочацца ведаць пра роднага чалавека. Звяртаюся за дапамогай да немалой чытацкай аўдыторыi “Народнай газеты”, да сведкаў ваеннага лiхалецця, якiя памятаюць пачатак вайны i, магчыма, могуць успомнiць майго бацьку. Вера Рыгораўна Ганчарова, горад Гомель”.

РАСКIДАЛА ПА СВЕЦЕ

“Пiша вам Валянцiна Васiль-еўна Коваль з Вiцебска. Звяртаюся па просьбе бацькi Васiля Захаравiча Курлукова, якi жыве ў горадзе Клiмавiчы. Ён вельмi хоча знайсцi ўнука Дзянiса Эдуардавiча БЫВАЛЬДА. Разам з бацькам Эдуардам Мiхайлавiчам Бывальдам яны жылi ў горадзе Наябрску Цюменскай вобласцi. У 1995 годзе паехалi жыць у Канаду. З таго часу нам нiчога пра iх невядома. Дзядулю Дзянiса 75 гадоў, i ён вельмi хоча сустрэцца з унукам, якога не бачыў 15 гадоў”.
“Шукаю сваякоў майго бацькi, маiх стрыечных братоў i сясцёр. Мой бацька Альберт Iванавiч Карпеза, 1901 года нараджэння. Ведаю толькi пра аднаго яго брата Iгната Iванавiча КАРПЕЗУ, 1898 года наражэння, якi жыў у Кiеве. Але бацька расказваў, што ў iх была вялiкая сям’я, шмат братоў. Вiкенцiй Альбертавiч Карпеза, 1943 года нараджэння, горад Мiнск”.

АДГУКНIЦЕСЯ, ПАРТЫЗАНЫ!
“Прашу адгукнуцца былых партызан 6-га атрада брыгады Дубава, тых, хто разам ваяваў, ведаў i памятае Фёдара Паўлавiча ШЛЫКА i можа пралiць святло на гiсторыю яго гiбелi. Тамара Мiхайлаўна Шлык, горад Наваполацк”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter