“Помні імя сваё...”

Сярод нас нямала людзей адзінокіх, асірацелых, якія вельмі хочуць, каб хтосьці быў побач. Жыць аднаму нялёгка, асабліва калі ў чалавека ёсць яшчэ і дом, гаспадарка. Таму і шукаюць: гаспадар гаспадыню, гаспадыня гаспадара, спадзяюцца, што абавязкова сустрэнуцца. І сумесны пошукавы праект Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё” будзе рады дапамагчы ў гэтым. Звяртайцеся, расказвайце пра свае клопаты, праблемы, жаданні.

Патрабуюцца сябры
“Раней я жыла з бацькамі ў Мінску, у двухпакаёвай кватэры. Затым бацькі памерлі. Кватэра, як яны завяшчалі, засталася мне і брату. Брат сваю палову прадаў, і я апынулася ў “камуналцы”. Была вымушана рабіць абмен, у выніку якога жыву зараз у вёсцы. Аднойчы ў Мінску сустрэла я добрага чалавека, армяніна па нацыянальнасці АБРАМЯНА Гарандзіна Васкані. Ён прыязджаў у Мінск, каб знайсці сабе працу. Але сталася так, што потым паехаў шукаць яе ў Маскву ці Маскоўскую вобласць. Вестак ад яго даўно не было, а я вельмі хвалююся: як ён там, як склалася яго жыццё, ці ёсць праца, жыллё? Я зусім адна, нікому ў вёсцы не патрэбная. Сяброў сабе не знайшла, бо большасць ведаюць толькі сябе і свае сем’і. Не дай Бог, здарыцца што са мной, не будзе каму і кубак вады падаць. Да таго ж у мяне з жыллём зноў праблемы: трэба рамантаваць у доме ацяпляльную сістэму, а рабіць гэта няма каму, таму жыву цяпер на прыватнай кватэры. Дапамажыце знайсці майго сябра. Вельмі чакаю ад яго вестачку. А таксама ад тых, хто захоча стаць маім сябрам. Алена Ісакаўна Гайдзянкорн, Пухавіцкі раён”.
Блізкія людзі
“У Вялікую Айчынную вайну я страціла маці, малодшую сястрычку, а на дзядзьку, роднага брата маці, прыйшло паведамленне, што прапаў без вестак. Перад смерцю маці і бабулі я паклялася, што буду шукаць дзядзьку, пакуль не знайду яго. Дзядзьку звалі Навум Барысавіч ХАЙКІН, 1911 года нараджэння. Не можа быць, каб ён прапаў бясследна, недзе павінна быць яго магіла, нейкія звесткі. Жонка дзядзькі памерла ў 1979 годзе, а дзеці пасля чарнобыльскай катастрофы з’ехалі з родных мясцін за мяжу. Я ў гэты час была ў бальніцы і страціла з імі сувязь. Дачка дзядзькі Лізавета Навумаўна ЛЮБІНА, 1933 года нараджэння, сын Ігар Навумавіч ХАЙКІН, 1937 года нараджэння. У іх былі дочкі. Вельмі хочацца пачуць іх галасы, сустрэцца. Дапамажыце іх знайсці, я даглядаю магілу іх маці, якая пахавана недалёка ад маёй. Яўгенія Аляксандраўна Курбанава, Гомель”.
Тамара Аляксандраўна Рымар з Мінска шукае свайго брата Аляксандра Аляксандравіча ГАЛЕЦКАГА, які жыў у горадзе Астана (Казахстан). Вось ужо чатыры гады ад брата няма ніякіх звестак.
“Мая пляменніца Галіна ДАМАШЭВІЧ жыла ў Польшчы, працавала зубным урачом. 23 лютага 2007 года Галіна памерла. Хачу даведацца, хто яе хаваў. Хто жыве зараз у кватэры пляменніцы? Сяброў у Галіны было шмат. У Польшчы жыве таксама радня яе мужа. Можа, хто адгукнецца і адкажа на хвалюючыя мяне пытанні. Браніслава Іванаўна Борыс, Ліда”.
“Мой брат Міхаіл Парфёнавіч КАМАРОЎ, 1956 года нараджэння, з сяла Белаводка Бранскай вобласці, паехаў на заробкі ў Бранск ці ў Маскву. Мінула пяць гадоў, але дагэтуль пра яго нічога невядома. Высылаю фотакартку, на якой Міхаіл стаіць паміж двух братоў, другі злева. Можа, яна дапаможа ў пошуку. Аляксандр Парфёнавіч Камароў, Магілёў”.
“Мой пляменнік Аляксандр Мікалаевіч ПУЗІК, 1962 года нараджэння, жыў у вёсцы Мязовічы Асіповіцкага раёна. У войску служыў у Латвіі, там ажаніўся і застаўся жыць. Жонку завуць Ірына. У іх сям’і двое сыноў. Старэйшаму Сашу прыкладна 23 гады, Валянціну -- 22. Да распаду Савецкага Саюза прыязджалі да родных у Беларусь, а зараз пра іх нічога не ведаем. Я шмат разоў пісала на адрас, дзе жыла сям’я, але безвынікова. Пляменнік некалькі гадоў таму перанёс чэрапна-мазгавую траўму. Можа, ён хварэе і яму патрэбна дапамога? Вельмі хвалюемся за яго здароўе. Ніна Іванаўна Бяляцкая, Салігорск”.
“Летась з дапамогай Беларускага радыё, “Народнай газеты”, Беларускага і Польскага таварыстваў Чырвонага Крыжа знойдзена месца пахавання майго дзядулі Івана Андрэевіча Аўрайцэвіча. За гэта ўсім вялікі дзякуй. А зараз дапамажыце мне знайсці сваякоў у Аргенціне. У 30-я гады мінулага стагоддзя Мікалай Дзмітрыевіч Летка з братам і Мікалаем Мікалаевічам Дземашкевічам паехалі туды на заробкі. Дземашкевіч перад вайной вярнуўся на радзіму, а браты ЛЕТКІ засталіся ў Аргенціне, ажаніліся. Мікалай Дзмітрыевіч Летка ўзяў у жонкі дзяўчыну, у якой рускае імя Марына. У іх сям’і было чацвёра дзяцей: сыны Іосіф, прыкладна,1932--1933 года нараджэння, і Міхаіл, прыкладна 1934 года нараджэння, дочкі Ірына і Эсівель, прыкладна 1945 і 1947 гадоў нараджэння. Мужа адной з іх завуць Пётр. Ён родам з былой Магілёўскай губерні. Перапіска з роднымі абарвалася ў 1970 годзе. Хочацца яе ўзнавіць, а калі пашанцуе, то нядрэнна было б і сустрэцца. Сяргей Міхайлавіч Васілевіч, Маладзечна”.
Гісторыя адной сям’і
“Мая стрыечная сястра Ганна Фёдараўна ЗАРУБІЦКАЯ нарадзілася ў 1940 годзе ў вёсцы Рыжанкі Чашніцкага раёна. Маці яе памерла ў час родаў. Праз тыдзень дзяўчынку ўладкавалі ў дзіцячы дом у Віцебску. Маці мая Любоў Прохараўна Зарубіцкая хацела ўзяць Ганну да сябе, але прадстаўнікі ўлады не дазволі, сказалі: “Хопіць вам дваіх, гэтых выхоўвайце”. Справа ў тым, што акрамя Ганны сіротамі засталіся яе сястра Нэлі і брат Афанасій, і мая маці выхоўвала іх. Бацька Ганны, дзядзька Фёдар, родны брат маёй маці ездзіў да дачкі ў дзіцячы дом, наведваў яе, вазіў падарункі выхавацелькам і прасіў добра глядзець за ёй. Калі пачалася вайна, дзядзька пайшоў на фронт і дамоў не вярнуўся, загінуў. Дзіцячы дом, у якім была Ганна, у час вайны хацелі вывезці ў Германію, але цягнік трапіў пад бамбёжку. Ведаем, што сястра засталася жывая. Пасля вайны Нэлі і Афанасій, калі падраслі, хацелі знайсці Ганну. Але ім адказалі: “Просім не турбаваць, удачарылі”. Спадзяёмся, што прыёмныя бацькі Ганны расказалі ёй праўду пра тое, што яе ўдачарылі, што родная яе маці памерла, а бацька загінуў на фронце. Мая маці яшчэ жывая, ёй 91-ы год. Марыць убачыць пляменніцу. Яна даглядала Ганну, пакуль малую не забралі ў дзіцячы дом. Я таксама хачу сустрэцца з табой, Ганначка. Адгукніся!
Шукаю таксама родных па лініі другога брата сваёй маці Васіля Прохаравіча ЗАРУБІЦКАГА, 1914 года нараджэння. Да вайны з жонкай Машай яны жылі ў горадзе Днепрапятроўску. Васіль Прохаравіч працаваў машыністам, а Маша -- правадніцай хуткасных паяздоў. У час вайны дзядзька быў на караблі, абараняў Севастопаль, загінуў у 1942 годзе на моры, пахаваны ў брацкай магіле. Не ведаем, ці жывая яго жонка (прозвішча яе было Дзюба). Хочацца, каб адгукнуліся іх дзеці, унукі. Валянціна Васільеўна Зарубіцкая, Чашнікі”.
Дарагія сябры
“Шукаю прыяцельку Людмілу Аляксееўну МОЦАК. Мы з ёй доўгі час перапісваліся, а потым у мяне здарылася няшчасце, і перапіска спынілася, можна сказаць, па маёй віне. Зараз я хачу яе ўзнавіць, але адрас згубіла. Жыла яна ў Малдове. Мужа яе звалі Саша Моцак, дачку -- Юля. Валянціна Міхайлаўна Жукава, Брэст”.
“Піша вам былы вязень фашысцкай няволі, інвалід 2-й групы Зінаіда Карнееўна Власава з горада Горкі. У 1955--1956 гадах у нас, у Горках, быў дзіцячы дом для сірот вайны. Я з пятага класа сябравала з Верай Іванаўнай КАЛЕСНІКАВАЙ, сядзелі з ёй за адной партай. Жыла я тады ў вёсцы, непадалёку ад Горак, і часта запрашала дзяцей да сябе ў дом. Мой бацька, таксама сірата, заўсёды казаў мне: “Запрашай дзяўчатак з дзеддома ў госці”. Калі Вера закончыла сем класаў, яе накіравалі ў Оршу вучыцца на фельчара, я таксама паехала з дому. Некаторы час атрымлівала ад сяброўкі пісьмы, а потым сувязь абарвалася. Раней мы з ёй былі, як сёстры. Вельмі хачу яе знайсці, даведацца, як склаўся лёс”.
Пошукі і знаходкі
Ніна Іванаўна Калодзіч з Іванава ў 1953 годзе скончыла педагагічнае вучылішча ў горадзе Ганцавічы. Па размеркаванні ўсе паехалі працаваць у розныя раёны. Ніна Іванаўна хацела даведацца, як склаўся лёс сябровак і сяброў. Спачатку знайшліся звесткі пра Васіля Гаўрыкава. А цяпер калегі адшукалі Ларысу Станкевіч і Пятра Мелехаўца. Яны, дарэчы, муж і жонка і былі вельмі рады, калі даведаліся, што іх шукаюць. Жывуць у Оршы, а дакладны іх адрас і нумар дамашняга тэлефона высланы пісьмом. Ёсць таксама звесткі пра Інэсу Яўстратаўну і Аліну Яўстратаўну Трухан. Вельмі шкада, але Інэса памерла, а вось яе сястра Аліна жыве ў г.п. Ружаны Брэсцкай вобласці.
Мінчанкі Надзея Рыгораўна Гарановіч і Соф’я Уладзіміраўна Карэнька шукалі аднакурснікаў з 6-й фельчарскай групы Маладзечанскага медвучылішча, якое яны закончылі ў 1969 годзе. Нам пашчасціла ўжо адшукаць Яўгенію Іосіфаўну Грабянёк, якая жыве ў Канадзе. А цяпер знайшлася і Валянціна Іванаўна Пруднік. Яна пражывае значна бліжэй -- у Кобрыне.
Валянціна Пятроўна Чмыхава з Гомеля шукала Мікалая Рыгоравіча Цейкіна, 1959 года нараджэння. Рассталіся яны 33 гады таму. У маладосці жанчына думала, што гэта не так важна, што ўсё забудзецца. Але з гадамі зразумела, што ёй вельмі дарагі гэты чалавек. Пошукі далі станоўчыя вынікі. Як паведаміла Валянціна Пятроўна, яна ўжо сустрэлася з Мікалаем Рыгоравічам, пагаварыла з ім, успомніла маладыя гады. Цяпер будзем спадзявацца, што яны не страцяць адно аднаго.
Уладзімір Сяргеевіч Кучынскі з Магілёва прасіў дапамагчы даведаццца пра лёс Міхаіла Рыгоравіча Жардзецкага, разам з якім з 1958 па 1961 год праходзіў вайсковую службу ў Мурманску. Апошні раз сустракаліся ў 1962 годзе на вяселлі сябра. Адгукнулася Валянціна Рыгораўна Чарнагузава: “Напэўна, Уладзімір Сяргеевіч Кучынскі шукае майго мужа Жардзецкага Міхаіла Георгіевіча (імя па бацьку часта блытаюць з Рыгоравічам). Я памятаю фотакартку, дзе сфатаграфаваны муж і жонка Кучынскія, і на адвароце надпіс “Сябру Міхаілу ад Кучынскіх”. Калі Уладзімір Сяргеевіч сапраўды шукае майго мужа, пакідаю для яго свой адрас і нумар тэлефона”.
Уладзімір Сяргеевіч Кучынскі спадзяецца сустрэцца з сям’ёй свайго сябра, якога ўжо няма, пагаварыць, даведацца, як склалася жыццё ў яго жонкі.
Плённым для творчага калектыву праекта “Помні імя сваё” быў яшчэ адзін тыдзень. Столькі чалавек атрымалі звесткі пра сваіх родных, блізкіх, знаёмых, з якімі даўно была страчана сувязь. Мы з калегамі ўдзячны супрацоўнікам адраснага бюро ўпраўленняў ўнутраных спраў Віцебскага і Брэсцкага аблвыканкамаў, а таксама тэлефаністкам РУП “Белтэлекам” Валянціне Рагавенцы, Валянціне Шкурат і Вользе Карась за дапамогу ў пошуку.
Маладыя гады
“Мікалай і Лёня прыехалі ў Казахстан на заробкі. Я жыла тады ў вёсцы Прамень-Усход, за дваццаць кіламетраў ад Алма-Аты. У 1960 годзе пазнаёмілася з Мікалаем. А мая сяброўка Люба спадабалася Лёню, і хутка яны пажаніліся. Мы з Мікалаем сустракаліся год. А потым да нас на практыку прыехаў малады аграном, і я яму, відаць, спадабалася. Пачаў заляцацца, а аднойчы сказаў: “Выходзь за мяне замуж”. Я доўга думала і вырашыла: Мікалай здалёку, з Украіны, а аграном мясцовы, працаваць збіраецца непадалёку, вось і пайшла за яго. Праз год мужа прызвалі ў войска. У нас ужо дачушка была. Затым яму прапанавалі ваеннае вучылішча. Тры гады ён вучыўся, а я чакала. Жыла ў бацькоў. Мікалай даведаўся пра гэта і пачаў прыходзіць да нас, браў на рукі дзіця і казаў: “Гатовы цябе з малой замуж узяць”. Але я сказала яму, каб больш не прыходзіў. Пасля вучобы мужа накіравалі ў Беларусь. Я прыехала разам з ім. Мы выхавалі траіх дзяцей, усе яны дарослыя. Сем гадоў таму муж памёр. Хачу знайсці сябра маладосці Мікалая ВОРАНАВА, забыць якога так і не змагла. Лілія Аляксандраўна Даньшына-Навасельцава, Мінск”.
“У 1971—1972 годзе я перапісвалася з хлопцам-салдатам, які служыў у Оршы. Звалі яго Дзмітрый ЗЕЛЯНЮК. У пісьмах Дзмітрый называў сябе Міцем. Я ў той час вучылася ў тэхнікуме і ведала, што да арміі Міця таксама закончыў тэхнікум, збіраўся паступаць у ветэрынарны інстытут. Цікава, ці збылася яго мара? Як склаўся лёс Міці? Зінаіда Васільеўна Казакова (Куляшова), Касцюковічы”.
Бацькі і дзеці
“Мяне завуць Вераніка Іванаўна Кадава. Калі я нарадзілася, бабуля з мамай забралі мяне ў Слонім. Мама захварэла, а мяне здалі ў дзіцячы дом. Мне тады быў адзін гадок. Да шасці гадоў я была ў дзіцячым доме. Потым мяне накіравалі ў Парэчскую спецшколу-інтэрнат. Выйшла са школы ў 1999 годзе. Паступіла ў вучылішча, вывучылася на швачку. На працягу пяці гадоў працавала швачкай у Слоніме. Там мне, як сіраце, дзяржава дала кватэру. Затым паехала ў Мінск, вывучылася на маляра. Мне гэта прафесія падабаецца. Цяпер працую ў Мінску. Мая мама Аляўціна Казіміраўна Кадава трагічна загінула ў 2003 годзе. Я яе бачыла адзін раз, у 19 гадоў. Мама мяне не пазнала. А бацьку я ніколі не бачыла. Завуць яго Іван Уладзіміравіч, прозвішча не ведаю. Тата, адгукніся! Я вельмі сумую і хачу цябе хоць раз у жыцці ўбачыць”.
“Я нічога не ведаю пра сваіх бацькоў. Мяне бабуля падкінула пад дзіцячы дом, калі я была зусім малая, і прозвішча гэта мне далі там. Ведаю, што ў мяне была сястра Надзя і брат Аляксей. Дапамажыце даведацца пра маіх родных. Зоя Аляксееўна Далуна, Дрыбінскі раён”.
“Жылі мы ў Хабараўскім краі, у вёсцы ля станцыі Літоўка. Па сямейных абставінах давялося пераехаць у Беларусь. Тут жылі мае маці і брат. Я хацела забраць і сваю дачку Алу, але свякроў не аддала яе. Застацца я там больш не магла: быў куплены білет, які каштаваў нямала. Паехала. Паслала на былое месца жыхарства шмат пісьмаў, цікавілася пра дачку, але безвынікова. Нарэшце прыйшоў адказ, што мая дачка больш там не жыве і ніхто не ведае, куды яна паехала. Ужо шмат гадоў я нічога не ведаю пра Алу. Дапамажыце знайсці яе. Галіна Мазалоўская, Дрыбінскі раён”.
У поездзе “Кіеў–Харкаў”
“Пісьмо маё незвычайнае, і надзеі на тое, што знайду гэтага чалавека, амаль няма. І ўсё ж спадзяюся... Завуць яго Аляксандр, і ведаю, што жыве ён у Беларусі. У мяне ёсць яго фотакарткі, якія я высылаю. А таксама свой фотаздымак. Можа, ён убачыць і адгукнецца. А гісторыя такая. Я вярталася з камандзіроўкі поездам “Кіеў—Харкаў” і пазнаёмілася з хлопцам. Ён выйшаў разам са мной у Харкаве, мы дзень правялі разам, і потым ён паехаў дамоў у Беларусь на адпачынак. Аляксандр служыў у Германіі, мы пісалі адно аднаму лісты. Праз год ён прыехаў да мяне з дзвюма пуцёўкамі ў санаторый, але паехаць з ім я не змагла, бо ўрачы паставілі мне страшны дыягназ. Аляксандру пра гэта сказаць не магла, прыдумвала ўсялякія іншыя прычыны. У санаторый ён паехаў з маім братам. Я на тры гады лягла ў гіпсавы ложак, затым мне зрабілі аперацыю на пазваночніку. Перапіска і ўсе нашы адносіны з Сашам, канешне, закончыліся. Мінулі гады, я паправілася, выйшла замуж, нарадзіла дачку. Раптам атрымала пісьмо ад Сашы. У ім ён прасіў праверыць латарэйны білецік, які ён купіў, калі ў чарговы раз ехаў праз Харкаў. Я праверыла, напісала, што ён нічога не выйграў, крыху паведаміла пра сябе. Я ўсё жыццё хацела зноў сустрэцца з гэтым чалавекам, з першым сваім каханым. Марыла быць з ім, але цяжкая хвароба разлучыла нас. А раптам ён пазнае мяне і адгукнецца. Разіта Фёдараўна Касмачэўская (у дзявоцтве Ткачэнка), Харкаў”.

Радыёпраграма “Помні імя сваё” выходзіць у эфір на Першым нацыянальным канале Беларускага радаё ў нядзелю ў 18.00 і ў сераду ў 21 гадзіну.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter