“Помні імя сваё...”

У жыцці рознае бывае, але з гадамі даруюцца крыўды, непаразуменні, забываецца ўсё кепскае, недарэчнае, што здаралася часам, а памятаецца ў асноўным добрае, прыемнае, якога, спадзяёмся, у кожнага было ўсё ж больш. Пра сваё жыццё, маладыя гады, аднакласнікаў і аднакурснікаў пішуць людзі рознага ўзросту на адрас сумеснага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і “Народнай газеты” “Помні імя сваё”. А мы дапамагаем ладзіць сустрэчы.

Пошукі і знаходкі
Калегі зачытвалі, а мы друкавалі ліст пра лёс Дзмітрыя Анатольевіча Мажэйкі, 1982 года нараджэння, з вёскі Забалацце Мінскага раёна. Бацькі яго трагічна загінулі, і хлопец выхоўваўся ў інтэрнаце. Ён шукаў дзядзьку Паўла Сяргеевіча Мажэйку. Нядаўна калегі патэлефанавалі Дзмітрыю і даведаліся, што дзякуючы нашаму праекту родныя людзі знайшлі адзін аднаго.
Калектыўны ліст мы атрымалі ад навучэнцаў Аршанскага ліцэя тэкстыльшчыкаў. “Прачыталі ў “Народнай газеце” гісторыю “Разам з Заслонавым” пра Дзмітрыя Аўрамавіча Сотнікава, якога шукаюць родныя. Мы правялі расследаванне і лічым, што Дзмітрый Аўрамавіч Сотнікаў быў закатаваны ў сценах гестапа, якое знаходзілася ў пажарным дэпо Аршанскага льнокамбіната. Закатаваных фашысты скідвалі ў вялікую яму, якая ў той час была за тэрыторыяй фабрыкі. Падчас будаўніцтва трэцяй чаргі прадпрыемства ў 1966 годзе знойдзены астанкі 304 чалавек. На гэтым месцы зараз устаноўлена мемарыяльная дошка, а астанкі былі перазахаваны ў брацкую магілу, што на вуліцы Энгельса ў Оршы. Над ёй устаноўлена стэла “Ніхто не забыты, нішто не забыта”. У архіве Аршанскага ваенкамата ёсць усе матэрыялы пра гэта. Будзем рады, калі наш ліст дапаможа родным знайсці месца пахавання бацькоў, герояў Вялікай Айчыннай вайны”.
Вялікі дзякуй вам, маладыя людзі, за дапамогу ў пошукавай справе. Мы перададзім родным Д.А.Сотнікава дасланыя звесткі.
Прапалі без вестак
“Мой брат Пётр Трафімавіч ВОЛКАЎ, 1924 года нараджэння, з вёскі Пальмінка Гарадоцкага раёна. Са жніўня 1942 года ён быў у партызанскім атрадзе брыгады імя Кутузава, якая дзейнічала ў названым раёне. У пачатку 1943 года атрад пасля цяжкіх баёў з ворагам злучыўся з часцямі Чырвонай Арміі. Хачу даведацца: дзе змагаліся байцы гэтага атрада, дзе загінуў і пахаваны мой брат. Уладзімір Трафімавіч Волкаў, Гродна”.
“Наш бацька Іосіф Іванавіч БАЎТРЭЛЬ, 1909 года нараджэння, да вайны жыў з сям’ёй у вёсцы Магенцы Іўеўскага раёна. Прызваны на фронт. Загінуў у 1945 годзе. Пра гэта мы атрымалі паведамленне з ваенкамата. Даўно шукаем звесткі пра ваенны лёс бацькі, месца, дзе ён пахаваны. Аднойчы нам прыслаў пісьмо яго аднапалчанін Вераб’ёў з Украіны, які паведамляў, што ведае нашага бацьку, разам з ім ваяваў у Польшчы, фарсіраваў Одэр, дзе яго, Вераб’ёва, кантузіла, і сувязь з нашым бацькам была страчана. Ёсць меркаванне, што ў тым баі наш татка загінуў. Служыў ён у пяхоце, быў кулямётчыкам. Нас засталося трое дзяцей. Мы ўжо пажылыя, але пра бацьку ніколі не забываем. На тэрыторыі Польшчы шмат брацкіх магіл. Можа, на адной з іх ёсць і імя нашага бацькі? Марыя Іосіфаўна Лях (Баўтрэль), Іўеўскі раён”.
“Дапамажыце знайсці месца, дзе пахаваны мой брат Аляксей Пятровіч БАРАНАЎ, 1923 года нараджэння. У пачатку 1942 года брат знаходзіўся ў вучэбным атрадзе ў горадзе Глазава (тры ці шэсць месяцаў). Затым яго прызвалі на фронт. Прыслаў толькі адно пісьмо, больш вестак не было. Памятаю, што пасля яго ліста прыйшла паштоўка ад сябра Аляксея, усяго некалькі радкоў: ”Я -- таварыш вашага сына і брата, паведамляю, што адсюль ён выбыў...” Пасля вайны мы доўгі час шукалі роднага чалавека, але безвынікова. Праскоўя Пятроўна Маспанава (Баранава), Рагачоў”.
“У маёй бабулі былі тры сыны, і ніводзін з іх не вярнуўся з Вялікай Айчыннай вайны. Нашы бацькі беларусы, але мы жылі непадалёку ад Ленінграда. Перад вайной бацька адправіў маці і нас, траіх дзяцей, у вёску Цінкаўцы Верхнядзвінскага раёна да бабулі. Пачалася вайна. Тата пайшоў на фронт, а мы апынуліся на акупіраванай фашыстамі тэрыторыі. Пасля вызвалення атрымалі паведамленне, што наш бацька Адольф Рыгоравіч ШКЕЦІН, 1906 года нараджэння, прапаў без вестак. Пасля вайны мы засталіся ў Беларусі. Маці Ксенія Аляксандраўна Шкеціна, 1908 года нараджэння, жыве ў Магілёве са мной. Другая яе дачка -- у горадзе Днепрадзяржынску ва Украіне, трэцяя -- у Латвіі, у горадзе Рыга. Мы ўсе просім: дапамажыце знайсці звесткі пра ваенны лёс бацькі. Хочам даведацца, дзе ён ваяваў, пад кіраўніцтвам каго, дзе прапаў без вестак. Якая б гэта была радасць для нашай стогадовай маці! Альбіна Адольфаўна Шкеціна (Лоўкіна), Магілёў”.
“Мой брат Міхаіл Сямёнавіч ПЯТРОЎСКІ нарадзіўся ў 1915 годзе ў вёсцы Залубнішча Магілёўскай вобласці. У 1935-м закончыў школу рахункаводаў у Магілёве і потым праходзіў тэрміновую ваенную службу ў Іркуцку. У 1940 годзе яго накіравалі на працу ў мястэчка Хорашч пад Беластокам: працаваў бухгалтарам у абутковай майстэрні. У лістах дамоў брат паведамляў, што ў яго ёсць нявеста, збіраўся з ёй 25 чэрвеня 1941 года прыехаць да бацькоў на адпачынак. Але пачалася вайна. Што здарылася з братам, наша сям’я не ведае дагэтуль, хаця ніколі не спынялі яго пошукі. Марыя Сямёнаўна Пятроўская, Магілёў”.
“Я ўжо ў сталым узросце, але часта ўспамінаю тое, што ўразіла ў маладосці, узгадваю дарагіх мне людзей, асабліва тых, хто не вярнуўся з вайны. Добра памятаю дзядзьку Валодзю, Уладзіміра Аляксеевіча ЛАЦІННІКА, 1927 года нараджэння. Жыў ён у вёсцы Жыціна Старадарожскага раёна. На фронт прызвалі ў 1944 годзе. Я тады доўга бегла за ім і плакала. Дагэтуль захоўваю дарагі франтавы трохвугольнік з адрасам: палявая пошта, №16 066-Ф. У ім дзядзька паведамляў, што змагаецца на 3-м Беларускім фронце, непадалёку ўзрываюцца снарады, але пакуль жывы. У 1945-м прыйшло паведамленне, што дзядзька прапаў без вестак. Што з ім здарылася, мы так і не даведаліся. Яніна Васільеўна Савіцкая, Мінск”.
Дзе браты?
Ганна Міхайлаўна Мацко (дзявочае прозвішча Кавальчук) з Баранавіч хоча знайсці двух сваіх братоў. Яны пайшлі на фронт і прапалі без вестак. Ганна Міхайлаўна не можа гаварыць пра гэта без слёз, увесь час плача, таму пра гора сям’і расказала яе дачка Таісія Міхайлаўна Лешык, якая суправаджала маці ў рэдакцыю:
-- Родныя браты мамы Аляксандр Міхайлавіч (1919), і Мікалай Міхайлавіч (1921 гадоў нараджэння) КАВАЛЬЧУКІ жылі ў вёсцы Дорагава Карэліцкага раёна Баранавіцкай (цяпер Гродзенскай) вобласці. Пайшлі на фронт і прапалі без вестак. Мы неаднаразова звярталіся ў Чырвоны Крыж, Дзяржаўны архіў, але безвынікова. Аляксандр пайшоў у армію восенню 1939 года. Бацька завёз яго на падводзе на прызыўны пункт у Навагрудку. Атрымлівалі пісьмы з Фінскага фронту. Апошняе атрымалі пасля новага, 1940 года. У канцы 1942--пачатку 1943 года ўначы ў вёску Дорагава зайшоў невядомы мужчына і паведаміў, што Аляксандр жывы, яго забралі і павезлі ў Англію ці Канаду разам з гаспадаром, у якога ён раней працаваў. Мужчына паказаў яго фотаздымак і сказаў, каб пра гэты выпадак нічога нікому не расказвалі. Пазней на сельсавет Варонча прыйшло пісьмо, у якім быў фотаздымак Аляксандра, яго жонкі і дзіцяці. Яны стаялі каля машыны. Гэты здымак выпадкова ўбачыў чалавек з нашай вёскі. А пісьмо гэтае не перадалі. А ў 1958 годзе на імя яго хроснай маці Ульяны Фалейчык прыйшоў грашовы перавод з-за мяжы. Але яна баялася ў той час нават спытаць, ад каго і адкуль гэты перавод. Сказала, што ў яе за мяжой нікога няма. У 1965 годзе пляменніца вучылася ў інстытуце замежных моў і яе хацелі накіраваць на практыку ў Алжыр. Але адмовілі, патлумачыўшы, што ў яе ёсць родзіч (дзядзька) за мяжой. Але ж у нас на самай справе нікога няма. Па звестках аднаго саслужыўцы Івана Грыбка, мы даведаліся, што Аляксандр служыў у 701-м стралковым палку, 2-я рота, 3-і полк, 3-і узвод, Еліеева Гара, Ленінградскі фронт, Карэльскі перашыек.
Другі брат Мікалай паехаў працаваць у Эстонію і трапіў у штрафны батальён. Як сказана ў пісьме з Цэнтральнага архіва горада Падольска, ён служыў у воінскай часці 24084, быў улічаны ў 1946 годзе па матэрыялу Карэліцкага РВК. Пісьмы ад яго спачатку атрымлівалі, а потым перасталі. Толькі атрымалі вестачку пра тое, што ён прапаў без вестак. Просім дапамагчы нам у вышуку родных людзей.
Усё ж бацька
“Дапамажыце даведацца пра лёс майго бацькі Яўгена Іосіфавіча СЕСКЕВІЧА, 1919--1920 года нараджэння. Са слоў маці мне вядома, што мае бацькі пажаніліся ў 1939 годзе. У 1940-м Гомельскім ваенкаматам бацька быў прызваны на тэрміновую службу ў войска, якую праходзіў ў Львове ва Украіне. Службу спыніла вайна. Бамбёжка, часць была разбіта, на вачах смерць таварышаў... Бацька вярнуўся дамоў, але ў Гомелі ўжо былі фашысты. Па нявопытнасці, пад прымусам, а можа, ён паддаўся варожай прапагандзе, бацька пайшоў служыць у паліцыю, нягледзячы на тое, што мая маці ўсё рабіла для таго, каб ён гэтага не рабіў. Ішла вайна, працягвалася і служба ў паліцыі. Калі набліжалася вызваленне Гомеля, фашысты пачалі адступаць, мяркую, і мой бацька з імі. Праз некаторы час ён вярнуўся, напэўна, каб забраць нас, а можа, развітацца. Бабуля, калі ўбачыла, што ён едзе, забегла ў дом і сказала маёй маці хавацца. Маці схапіла мяне за руку, і мы агародамі пабеглі на могілкі, там і схаваліся. Былі на могілках, пакуль не прыйшла бабуля і не паведаміла, што бацька шукаў нас, быў злы, лаяўся, а потым ускочыў на падводу і паехаў. Колькі мінула часу, не памятаю, але аднойчы атрымалі ад бацькі запіску, хутчэй за ўсё з турмы, з просьбай дапамагчы яму. Яе прынёс незнаёмы мужчына, які, напэўна, быў з ім разам. Больш ніякіх звестак пра бацьку не было. Вялікае гора прынесла людзям вайна і мне ў тым ліку. Дачка паліцая -- гэта ўсё жыццё не дае мне спакою, хаця ў гэтым ніякай маёй віны. Даўно няма сярод жывых маёй маці, але з дзіцячых гадоў боль у маім сэрцы не праходзіць і не дае мне спакою, калі думаю пра лёс роднага чалавека -- бацькі. Праз многія гады людзі даведваюцца пра блізкіх ім людзей. І ў мяне таксама з’явілася надзея, што я атрымаю якія-небудзь весткі пра лёс свайго бацькі. Часта яго ўспамінаю, хаця ніколі не адчувала клопатаў, ласкі. Але я асуджаць яго не магу... Галіна Яўгенаўна Шыцікава, Гомель”.
Старэйшая сястра
“Прашу вас знайсці маю маці Веру Ігнатаўну БЕЛЬСКУЮ, якая жыла ў вёсцы Арэхаўна Полацкага раёна. Яе пасадзілі ў турму, калі я была яшчэ зусім маленькая. Маці адбыла вызначаны тэрмін, але дамоў не вярнулася. Яе, хутчэй за ўсё, ўжо няма сярод жывых, але, можа, засталіся дзеці, якія, напэўна, не ведаюць, што ў іх ёсць старэйшая сястра. Прашу іх адгукнуцца. Зінаіда Фёдараўна”.
Блізкія людзі
“Дапамажыце знайсці Аляксандру Фёдараўну КРЭМЕНЬ, якая жыве ў адной з вёсак Крупскага раёна. Перадайце, што я чакаю яе. Няхай прыязджае тэрмінова. Анатоль Васільевіч Качаеў, Пухавіцкі раён”.
Анатоль Сямёнавіч Трухан з Мінска шукае стрыечных братоў: Паўла Іванавіча і Уладзіміра Іванавіча ТРУХАНАЎ. Ведае, што жылі яны ў вёсцы Пагост былога Старобінскага раёна. Сястра іх Алена ў той час жыла ў Мінску, працавала на тытунёвай фабрыцы.
Дарагія сябры
“Мы ў 1953 годзе скончылі педагагічнае вучылішча ў горадзе Ганцавічы. Былі вельмі цяжкія пасляваенныя гады, але мы вучыліся старанна, сябравалі, абменьваліся фотакарткамі, якія дарылі з подпісамі ўспамінаць, не забываць. Па размеркаванні паехалі працаваць у розныя раёны. Мінула ўжо 54 гады, а час нашай вучобы не забываецца. Ён быў самы лепшы ў маім жыцці. Хачу даведацца як склаўся лёс маіх сябровак і сяброў Лізаветы Ануфрыеўны РАВІНСКАЙ, Інэсы Яўстратаўны і Аліны Яўстратаўны ТРУХАН, Ларысы СТАНКЕВІЧ, Аліны БЕРШТЭЙН, Пятра МЕЛЕХАЎЦА, Васіля ГАЎРЫКАВА. Можа, хто яшчэ адгукнецца з нашага выпуску. Ніна Іванаўна Калодзіч (Чарніковіч), Іванава”.
“28 лютага 2008 года спаўняецца 50 гадоў пасля заканчэння намі Мар’інагорскага сельгастэхнікума, у які мы паступілі ў 1955 годзе. Чым больш праходзіць часу, тым мацней настальгія аб маладосці. Так атрымалася, што пасля заканчэння тэхнікума мы не дамовіліся аб сустрэчах, і з таго часу я амаль ні з кім не сустракалася, за выключэннем 2--3 чалавек у час завочнай вучобы ў Гродзенскім сельгасінстытуце. Адгукніцеся, выпускнікі 1958 года групы 57 Мар’інагорскага сельгастэхнікума! Вельмі хочацца сустрэцца. Ніна Адамаўна Мурына (Харошка), Лідскі раён”.
“Сёлета, 25 мая, адбудзецца сустрэча выпускнікоў 1953 года Гарадзішчанскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна. Будзе 55 гадоў выпуску. Многія дзеці хадзілі ў школу за 5, 8, 10 кіламетраў. Летам на веласіпедах, зімой на лыжах. Тым не менш старанна вучыліся, клас быў дружны. Міхаіл Ждановіч, напрыклад, закончыў Маскоўскую ваенную акадэмію, працаваў на Байкануры. Зінаіда Кашчык доўгі час была дырэктарам школы ў горадзе Масты. Соф’я Кухарчык закончыла Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, працавала заатэхнікам. Любоў Мацюк пасля Беларускага дзяржаўнага універсітэта выкладала родную мову ў школе, нарадзіла чатырох блізнятак. Многія былыя аднакласнікі ведаюць адно пра аднаго. Хочам знайсці Марыю Міхайлаўну РАВІНСКУЮ, Іосіфа ШУМСКАГА, Ніну СЕНЬКУ, Раісу ЛОПУХ. Віктар ДАНІЛЬЧЫК быў вайскоўцам, на жаль, загінуў. Ён са шматдзетнай сям’і, і дзесьці на Гродзеншчыне павінны жыць яго родныя, можа, яны падкажуць, дзе пахаваны Віктар. Хочацца ведаць пра лёсы ўсіх былых аднакласнікаў. Леамілія Максімаўна Ласка, Брэст”.
“Мая сяброўка-аднакурсніца Таісія Іванаўна КУХАРЭНКА-(КАРАНЕЦ), 1955--1956 года нараджэння, у дзяцінстве жыла ў вёсцы Амговічы Слуцкага раёна. З 1972 па 1976 год мы разам вучыліся ў Мінскім электратэхнічным тэхнікуме сувязі. Яна выйшла замуж за Віктара Іванавіча Кухарэнку і яны паехалі жыць і працаваць у Гродна. А я па размеркаванні паехала ў горад Грозны. Спачатку мы пісалі адна адной лісты. А потым сувязь абарвалася. У 1982 годзе наша сям’я прыехала ў Беларусь. Я старалася знайсці сяброўку, але безвынікова. Валянціна Міхайлаўна Раманава, Быхаў”.
Маладыя гады
“Хачу знайсці сябра маладосці Аляксандра СОТЧАНКУ, які жыў у Прыбалтыцы, тэрміновую вайсковую службу праходзіў у ваенным гарадку Лапічы, паштовае аддзяленне Ручэй Магілёўскай вобласці. Я працавала тады ў прадуктовым магазіне, які знаходзіўся на тэрыторыі вайсковай часці. Там мы і пазнаёміліся. Зімой Аляксандр з сябрам Барысам прыязджалі на лыжах да мяне ў вёску, дзе жыла мая маці. Вайсковую часць, дзе служыў Аляксандр, перавялі потым у Пружаны, і мы больш не сустракаліся. Вельмі хачу ведаць, як склаўся лёс Аляксандра, ці шчаслівы ён. Няхай у яго будзе ўсё добра. Саша! Тады я зрабіла вялікую памылку і аб гэтым шкадую ўсё жыццё. Буду з нецярпеннем чакаць ад цябе вестачку. Ірына Міхайлаўна, Магілёўская вобласць”.
“У свой час я жыла на вуліцы Старавіленскай беларускай сталіцы. Тут і пазнаёмілася з маладым чалавекам, ваеннаслужачым Мікалаем ШЧАРБІНІНЫМ, 1926 года нараджэння, сібіраком, з Кемераўскай вобласці. Пазней Мікалай служыў у Маладзечне, мы з ім перапісваліся, і ён прыязджаў да мяне. Збіраліся пажаніцца, але не зрабілі гэтага па маёй віне. Не буду расказваць падрабязна, аднак мяне ўсё жыццё мучыць сумленне, што я зрабіла кепскі ўчынак, а ён вельмі добры чалавек. У яго, канешне, сям’я, у мяне таксама. Мы -- людзі сталага ўзросту, але мне вельмі б хацелася сустрэцца з ім і папрасіць прабачэння, калі, вядома, ён захоча прыйсці на сустрэчу. Хочацца ведаць, як склаўся яго лёс, якая ў яго сям’я, пазнаёміцца з імі. Ніна Аляксандраўна Куманяева (Краснагір), Мінск”.
Адгукніцеся!
Спадзяёмся, што адгукнецца Канстанцін ЖГІЛІНСКІ, 1948 года нараджэння, з Віцебскай вобласці, у свой час працаваў у Мінску на мясакамбінаце электрыкам, жыў у інтэрнаце. 
Просім адгукнуцца Міхаіла ЕРАШЭНКУ, 1934--1935 года нараджэння, з--пад Барысава, у войску ў свой час служыў у Азербайджане, затым працаваў на прадпрыемстве ў Сумгаіце.

Радыёперадача “Помні імя сваё” выходзіць у эфір на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў нядзелю ў 18.00 і ў сераду ў 21 гадзіну.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter