Беларусь Сегодня

Минск
+20 oC
USD: 2.07
EUR: 2.33

«Каждый год к нам обращаются около 800 человек»: какие условия надо соблюсти, чтобы получить разрешение на установку кондиционера

Полюс холаду на фасадзе

Cамавольная ўстаноўка кандыцыянераў забаронена законам.
Знясільваючая спякота ў кватэры ўсё часцей прымушае задумвацца аб усталяванні ў ёй кандыцыянера. Прызнаюся, кожны раз мой запал астуджаюць перспектыва збору дакументаў, будаўнічае смецце і шум. Таму цікавасць да гэтай тэхнікі ў мяне пакуль тэарэтычная. I тым не менш яна ёсць. Карэспандэнт «Р» задумалася, як законна ўстанавіць кандыцыянер.

«Адно акно» для прахалоды

Паехалі. Для таго, каб устана­віць на фасадзе дома апарат, які даруе прахалоду, патрабуецца ўзгадненне. Атрымаць яго можна ў раённым упраўленні па архітэктуры і будаўніцтве. Але перш трэба аднесці дакументы ў службу «Адно акно». Тэлефаную ў адміністрацыю Фрунзенскага раёна Мінска. Даведваюся, што мне, як уласніку, трэба прынесці тэхнічны пашпарт на кватэру, у якой збіраюся ўстанаўліваць кандыцыянер, дакумент, які пацвярджае права ўласнасці на памяшканне. Заяву напішу на месцы па форме, распрацаванай спецыялістамі аддзела архітэктуры. Пры сабе абавязкова мець пашпарт. Нюансы ўдакладняе начальнік аддзела № 8 упраўлення суправаджэння электронных баз даных «Адно акно» КУП «Мінскае гарадское агенцтва абслугоўвання насельніцтва» Вольга Антонава.У службе «Адно акно» мне падрыхтуюць копію тэхнічнага пашпарта, на якой я, у адвольнай форме, пакажу месца ўстаноўкі кандыцыянера. Спецыялісты «Аднаго акна», падрыхтаваўшы заявы і дакументы, перададуць іх да разгляду ў раённае ўпраўленне па архітэктуры і будаўніцтве. Працэдура, дарэчы, бясплатная. Узгадненне займае максімум 15 дзён са дня падачы заявы.

Начальнік упраўлення суправаджэння электронных баз даных «Адно акно» КУП «Мінскае гарадское агенцтва абслугоўвання насельніцтва» Нэлі Пажытак удакладняе: за 5 месяцаў гэтага года службамі «Адно акно» адміністрацый раёнаў Мінска зарэгістравана 822 заявы на ўзгадненне ўстаноўкі кандыцыянераў і іншых канструкцый. У мінулым годзе — 1225 заяў.

Калі згоды не дадуць

Ва ўстаноўцы кандыцыянера могуць адмовіць. Па розных прычынах. Адна з iх — прадстаўленне несапраўдных дакументаў. Адмовяць ва ўзгадненні і тады, калі ўстаноўка кандыцыянера знізіць прыгоднасць шматкватэрнага дома да эксплуатацыі або ў выпадку ўзнікнення пагрозы абвальвання яго канструкцыі. Не дазволяць устанавіць кандыцыянер на фасадзе жылога дома, які мае гісторыка-культурную каштоўнасць, а таксама на фасадзе дома, які выходзіць на галоўную вуліцу ці плошчу, удакладняюць спецыялісты ўпраўлення па архітэктуры і будаўніцтве адміністрацыі Фрунзенскага раёна.

Можна, вядома, паспрабаваць абысці закон і ўстанавіць сістэму на свае страх і рызыку. Праўда, самавольная ўстаноўка кандыцыянераў забаронена законам. За яе давядзецца заплаціць штраф ад 2 да 15 базавых велічынь (сёння гэта ад 51 рубля да 382,5 рубля). Самавольна ўсталяваны кандыцыянер можна ўзаконіць. Працэдура ўзгаднення такая ж, як і пры законнай устаноўцы, — праз службу «Адно акно». Толькі да дакументаў трэба прыкласці фота фасада з кандыцыянерам. Праўда, не заўсёды гэта атрымліваецца. Так, у Цэнтральным раёне Мінска з пачатку вясны дэманціравана каля 100 кандыцыянераў. Гаворка ідзе пра абсталяванне, устаноўленае незаконна на фасадах будынкаў цэнтральных вуліц. Каб не трапіць у такую сітуацыю, усё рабіце своечасова i згодна з адпаведным алгарытмам.

У ТЭМУ

1. Перш чым выбраць кандыцыянер, вызначцеся з памерам памяшкання і размяшчэннем абсталявання ў ім. Ад гэтага залежыць магутнасць прылады. На адзін квадратны метр плошчы памяшкання павінна даводзіцца 100 Вт магутнасці агрэгата. І калі, скажам, кандыцыянер вырабляе холад на 2 кВт, то гэтага хопіць, каб стварыць камфортную тэмпературу ў пакоі плошчай да 20 кв. метраў.

2. Выберыце тып кандыцыянера: падлогавы (мабільны), канвектар або спліт-сістэма. Мабільны кандыцыянер лёгка пераносіць з аднаго пакоя ў іншы, ён часта дапаўняецца функцыямі ачысткі і іанізацыі паветра. Але падлогавы агрэгат гучна працуе. А зручны ён тым, што яго не трэба ўстанаўліваць, праробліваючы дзірку ў сцяне. Адпаведна, не трэба выклікаць майстроў, што танней.

3. Не спрабуйце сэканоміць, устанаўліваючы кандыцыянер самастойна. Непрафесійная работа небяспечная тым, што магчыма пашкоджанне абсталявання і нават абвальванне канструкцыі. А мантажная кампанія, якую вы запросіце, павінна мець ліцэнзію і дакументы, якія пацвярджаюць кваліфікацыю для прадастаўлення такіх паслуг.

4. Ведайце, што як мінімум раз у год у кандыцыянеры трэба мяняць фільтры, каб усярэдзіне не назапашваліся хваробатворныя бактэрыі. І чым больш людзей праходзіць праз пакой, тым часцей гэта трэба рабіць, рэкамендуюць медыкі.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Фото: Виталий ГИЛЬ
Загрузка...
Новости и статьи