Хутка прыхільнікі маладога, але ўжо ўпадабанага многімі беларусамі стылю ў мастацтве “стымпанк” прадэманструюць свае работы ў мінскім Цэнтры Сучасных Мастацтваў

Погляд на свет праз акуляры

Хутка прыхільнікі маладога, але ўжо ўпадабанага  многімі беларусамі стылю ў мастацтве “стымпанк” прадэманструюць свае работы ў мінскім Цэнтры Сучасных Мастацтваў
Хутка прыхільнікі маладога, але ўжо ўпадабанага  многімі беларусамі стылю ў мастацтве “стымпанк” прадэманструюць свае работы ў мінскім Цэнтры Сучасных Мастацтваў. Першая выстава пройдзе ў маі. Там госці змогуць не толькі азнаёміцца з экспазіцыяй, але і пагутарыць з прадстаўнікамі гэтага  неадназначнага  напрамку. 

Sergey Gayko
Сяргей Гайко

 Стымпанк — напэўна, адна з нямногіх з’яў, якая ўпарта не ўмяшчаецца ў пракрустава ложа азначэнняў. Не, вядома ж, у гэтага сучаснага ці то руху, ці то напрамку, ці то стылю ў мастацтве азначэнні ёсць. Наколькі я разумею, гэта мікст культуры другой паловы ХІХ-га стагоддзя і жанру фэнтэзі. Гэта калі, да прыкладу, на сукенку, пашытую з натуральнай тканіны, надзеты гарсэт з металічнымі ўстаўкамі, а ў вобласці таліі прышпілены рэвальвер. Калі  цыліндр на галаве ўпрыгожваюць стылізаваныя акуляры-гоглы. Хоць можна абысціся і без яго і прыйсці на тэматычную вечарынку, скажам, з агнямётам і ў процівагазе. А пры-шытыя да касцюма фрагменты нейкіх механізмаў — будуць да месца: смелыя фантазіі толькі вітаюцца.

У Беларусі пра стымпанка даведаліся не так даўно: усяго пару гадоў назад. Дакладней сказаць, аматары “ўсяго натуральнага” проста не ведалі, як правільна называецца тое, што ім даўно падабалася. 

Цікава, што, узнікшы ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя, стымпанк знайшоў сваіх шматлікіх прыхільнікаў сярод людзей ва ўзросце, чые валасы, вобразна кажучы, пасерабрыў час. Гэтым ён, як субкультура, відавочна адрозніваецца ад сваіх “сабратаў”.  Можа, стымпанк — гэта такая гульня для дарослых? 

Аднымі з першых у Мінску, хто ўзяўся аб’яднаць сяброў па інтарэсах, сталі сямейная пара: Сяргей і Алена Гайко ў тандэме з Вольгай Акуліч — музыкантам, рэжысёрам і проста творчай асобай. У хуткім часе да іх далучыўся Дзмітрый Ціханенка. Прэса ўжо ахрысціла яго “медных спраў майстрам”: Дзмітрый стварае неверагодныя па прыгажосці эксклюзіўныя рэчы ў стылі стымпанк сваімі рукамі. 

Паступова тэматычныя вечары перасталі насіць дамашні характар. І вось сёння ўжо з усёй Беларусі стымпанкеры з’язджаюцца на сустрэчы, якія прахо-дзяць у кафэ і клубах Мінска. 
Дык якая ж філасофія гэтай з’явы і як удаецца яе прыхільнікам сумяшчаць будзённае жыццё з нерэалістычнымі сюжэтамі, героямі якіх яны час ад часу становяцца? Разабрацца, што да чаго ў гэтым пытанні, мне дапамог Сяргей Гайко — “мазгавы цэнтр” стымпанку, арганізатар мінскіх вечарынак, бізнесмен, шчаслівы бацька сямейства і проста цікавы суразмоўца. 

Yelena Gayko
Алена Гайко

Прызнаюся, літаральна з першых хвілін зносінаў адчула сябе збянтэжа-най: мой суразмоўца на пытанне, што ж такое “стымпанк”  у яго разуменні, пачаў разважаць аб тым, што спроба растлумачыць каму-небудзь і што-небудзь заўсёды ўпіраецца ў асіметрычны дуалізм моўных знакаў. Інакш кажучы, якое б азначэнне ні давалася і стымпанку, гэта будзе ўсяго толькі чыясьці суб’ектыўная ацэнка. Але ж мне ад майго візаві і патрэбна была яго ацэнка. Слухаючы развагі Сяргея, я зразумела, што ён таксама знаёмы з творчасцю пісьменніка Яўгена Клюева, у прыватнасці, з творам “Паміж дзвюх крэслаў”, дзе пісьменнік даходліва раскрыў сутнасць асіметрычнага дуалізму.

Бясспрэчна, з асіметрычным дуалізмам мы пастаянна сутыкаемся ў жыцці. Бо слова само па сабе не мае ніякага адцення. Проста кажучы, тое, як названы рэчы, ніяк не звязана з тым, што яны з сябе рэальна ўяўляюць. І ўвесь парадокс чалавечых зносінаў у тым і заключаецца, што, выказваючыся, мы рызыкуем быць незразумелымі. Ці не адгэтуль і мноства канфліктаў паміж людзьмі на бытавым і прафесійным узроўнях? Пераканана, для таго, каб нас разумелі, мы павінны канкрэтызаваць як свае пытанні, так і адказы. Што я і паспрабавала зрабіць. 

— Сяргей, адносіны да стымпанку супярэчлівыя: адны называюць гэтую з’яву чарговай субкультурай, якая ў хуткім часе перастане быць моднай, і ўсе пра яе забудуць. Другія лічаць, што гэта форма пасіўнай, маўклівай агрэсіі. А мне ўспамінаецца фільм “Гульні розуму” Рона Ховарда. Наколькі я разумею, стымпанк — гэта адыход ад рэчаіснасці ў прыдуманы свет. Якая ваша асабістая трактоўка гэтага паняцця? 

— Для мяне стымпанк — гэта спосаб самавыяўлення. Калі хочаце, стыль жыцця. Але наогул, якое б вы азначэнне стымпанку ні давалі, гэта, паўтаруся, усяго толькі нечая суб’ектыўная ацэнка — слова само па сабе не мае ніякага адцення. Гавораць: хочаце адняць у прадмета частку яго душы, прыдумайце яму імя. Ну, лічыце, што слова “стымпанк” узята таму, што проста зручна менавіта так называць гэтую з’яву.  

— Але ўжо сама назва адсылае ў пэўную гістарычную эпоху?

— Так, віктарыянскую. Але справа не ў той эпосе. Гэта было практычна апошняе стагоддзе жывых рэчаў, калі панавала мануфактурная вытворчасць. Дакладней, здзяйсняўся яе пераход да прамысловай. Час, калі прадметы ствараліся рукамі чалавека і былі высакаякаснымі, сапраўднымі. А цяпер мы ствараем “аднаразовыя” рэчы з сінтэтычных матэрыялаў, не заўсёды высокай якасці. Ставім на паток і — вуаля!  

— У прадметаў невысокай, як вы гаворыце, якасці ёсць свае перавагі. Напрыклад, вопратка мінулага сезона ўжо не модная ў гэтым, таму яе не шкада і выкінуць.

— З пункту гледжання грошай, прыбытку — вы маеце рацыю. Але я лічу, што ў першую чаргу трэба думаць не толькі пра заробак для сябе, а пра карысць для іншых. 

— А якую карысць прыносіце вы?

— У мяне ёсць майстэрня, дзе я ствараю розныя цікавыя штукі ў стылі стымпанк. Яно ўсё ўнікальнае, у адзіным экзэмпляры, якаснае. Такога нідзе не купіш. Хіба што за вялікія грошы.

— А калі няма вялікіх грошай, як тады быць? Ці ёсць прынцыповае адрозненне, чым упрыгожана сукенка: стразамі ці брыльянтамі? 

— Я асабіста аддаю перавагу натуральным матэрыялам. Давялося неяк прачытаць запіску майстроў, якія будавалі ў трыццатых гадах маскоўскі метрапалітэн. У ёй былі дадзены рэкамендацыі, што і як рабіць. Запомнілася фраза пра драўляныя сядзенні, якія  “павінны быць пакрытыя празрыстым лакам, каб пазбегнуць спакусы афарбоўвання”. Маштабна думаў чалавек! Дарэчы, наш галоўны праспект Неза-лежнасці пабудаваны яшчэ па старых тэхналогіях: тынк дзесяцігоддзямі не адвальваецца. Для сучасных пабудоў гэта ўжо неймаверная раскоша. Я, як дызайнер, ведаю, пра што гавару.

— Дарэчы, чым вы займаецеся ў паўсядзённым жыцці? 

— Мой асноўны від дзейнасці звязаны з вытворчасцю выставачных стэндаў і афармленнем інтэр’ераў гандлёвых павільёнаў, магазінаў і кафэ.

— Цяпер зразумела, чым вас прыцягнуў стымпанк: ён прадастаўляе шырокія магчымасці для палёту дызайнерскай фантазіі. Раскажыце, як вы з аднадумцамі праводзіце час у стылі стымпанк?

— Ладзім касцюмаваныя вечарынкі, запрашаем на іх музыкантаў, слухаем іх, танцуем, праводзім конкурсы, арганізоўваем выставы, фатаграфуемся… Карацей, весялімся. Да майскай выставы ўдзельнікі ўжо рыхтуюцца. Пройдзены першыя этапы тэматычных сустрэч, знойдзены аднадумцы сярод літаратараў, кінематаграфістаў, мастакоў і дызайнераў.

Steampunks are preparing for the holiday
Стымпанкаўцы рыхтуюцца да свята

— Мне падаецца, такім чынам вы адыходзіце ад недасканалай рэчаіснасці ў ілюзорны свет ідэалаў. Але, магчыма, варта паспрабаваць паўплываць на тое, што не падабаецца ў гэтай рэальнасці, а не ствараць альтэрнатыўную?

— Вы бачыце супярэчнасць там, дзе яе няма. Стымпанк — гэта захапленне, не больш. Усе мы знаходзімся ў гэтай рэальнасці, падабаецца яна нам ці не. Мала таго, мы ўплываем на яе стварэннем, да прыкладу, унікальных рэчаў. Прадметы, якія я раблю, а таксама маё дачыненне да іх, мая актыўнасць — усё гэта рэальна.
  
— Не баіцеся, што знешні антураж стымпанку з яго кідкімі касцюмамі аслепіць чалавека і ён не разбярэцца, у чым, уласна, сутнасць рэчаў?

— Усё залежыць ад жадання і мэт. Захочацца паглыбіцца ў тэму — калі ласка. Часам чалавек  хоча проста атрымаць пазітыўныя эмоцыі. Для гэтага яму дастаткова самавыяўлення на “знешнім узроўні” . А яшчэ і крыху іроніі ў сувязі з гэтым не перашкодзіць. 

— Сёння стымпанк на піку папулярнасці. Старажытныя прадметы інтэр’еру, акуляры-гоглы, кійкі і неверагодныя вобразы, магчыма, з будучых дызайнерскіх калекцый… Хто вам шые ўборы і робіць аксэсуары? 

— Большасць прадметаў, вядома, муляжы. Але не ўсе. Кійкі, да прыкладу, я заказваю ў майстра Багдана Шымановіча. Ён робіць іх віртуозна. Многія стымпанкаўцы самастойна шыюць касцюмы з таго, што ёсць пад рукой. Але мода ў дадзеным кантэксце выпадковая. Толькі як падстава пайграць. Сапраўды, так апраналіся людзі некалькі стагоддзяў назад. Плюс дадайце крыху ўяўлення — вось і атрымліваецца вопратка ў стылі стымпанк. Але я не займаюся стымпанкам таму, што гэта папулярна. Наадварот, я ім займаюся, таму гэта папулярна. Два гады назад пра стымпанк ніхто не ведаў. Цяпер жа фраза накшталт: глядзі, лямпа ў стылі стымпанк прадаецца, нікога ўжо не здзіўляе. 

— Раскажыце, як вы сталі “віноўнікам” папулярызацыі гэтага напрамку ў Беларусі?

— Карэктна будзе сказаць: не я адзін. Неяк пад Новы год мы з жонкай вырашылі арганізаваць тэматычную вечарынку дома. “Кінулі кліч” праз інтэрнэт. Столькі людзей выказала жаданне стаць нашымі гасцямі! А потым на нас выйшла Вольга Акуліч і прапанавала прафесійную дапамогу. І пайшло-паехала. У хуткім часе да суполкі далучыўся Дзмітрый Ціханенка — ужо вядомая персона. Дарэчы, ён якраз з тых хлопцаў, хто вельмі даўно чымсьці захапляецца, а потым высвятляецца, што іх хобі мае цалкам канкрэтную назву. Цяпер нашы вечарынкі наведваюць сотні людзей, прыязджаюць з розных абласцей Беларусі. 

— А які жаночы вобраз у гэтым стылі: далікатная паненка з букетам палявых кветак або ваяўнічая амазонка? 

— Віктарыянская эпоха — гэта час геаграфічных адкрыццяў, падарожжаў, актыўных каланізацый. Таму жанчына стымпанку — дынамічная, цікаўная, дапытлівая, з біноклем у руках. Яна не сядзіць дома ў чаканні мужа, а рухаецца, нешта робіць. Але, вядома, капялюшыкі і спадніцы — па-ранейшаму абавязковы атрыбут дамскага касцюма. 

— Якую будучыню прадказваеце стымпанку? 

— Вы цяпер прапаноўваеце мне даць яму ацэнку. Тым самым мы перамяшчаемся ў сферу трактовак слоў. А я гэтую сферу не вельмі люблю. Постмадэрнізм сёння абвяшчае ідэю людзей, якія падглядаюць за тымі, хто падглядае.  Гэта значыць, мы марнуем сілы на абмеркаванне размовы аб нейкім “месцы”, далёка ад якога знаходзіцца прадмет або з’ява, у якой заключана сутнасць. Гэта значыць, гутарка ідзе пра ацэнку чаго-небудзь рознымі людзьмі. Я знаходжуся ў рэальным жыцці і нешта ў ім раблю. І лічу, што гэта правільна — нешта рабіць. Калі ўсе будуць ствараць штосьці добрае, наш свет стане лепшым. Ці ўспомняць у лепшым свеце пра стымпанка ці не ўспомняць — мне ўсё роўна. 

Аліса Красоўская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter