Сёння адбываецца адно з галоўных мерапрыемстваў Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва ў Беларусі — Міжнародны форум прадпрымальніцтва. На ім будуць прадстаўлены рэальныя рашэнні, якія могуць дапамагчы малому і сярэдняму бізнесу паспяхова развівацца. Чырвонай лініяй, якая пройдзе праз усе выступленні на форуме, стане пераадоленне бізнесам сучасных выклікаў. Абмяркуюць 11 канкрэтных пытанняў. Падчас форуму кампаніі з Беларусі і ўсяго свету прадставяць свае самыя паспяховыя кейсы.
У сераду 20 лістапада адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнага конкурсу «Прадпрымальнік года». Як чакаецца, удзел у ёй прымуць Прэм’ер-міністр Сяргей Румас, міністр эканомікі Дзмітрый Крутой, кіраўнікі іншых органаў дзяржаўнага кіравання, прадстаўнікі міжнародных арганізацый, паслы, лідары бізнес-асацыяцый. Нацыянальны конкурс «Прадпрымальнік года» праводзіцца з 2016-га і працягвае традыцыі конкурсу «Лепшы прадпрымальнік», які праводзіўся з канца 1997 года. Асноўнымі мэтамі падрыхтоўкі і правядзення конкурсу з’яўляюцца развіццё прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванне дзелавой актыўнасці насельніцтва.
Асаблівае месца ў праграме гэтага года займае і першы Рэгіянальны форум прадпрымальніцтва, які адбудзецца ў Брэсце 21 лістапада. Па словах намесніка міністра эканомікі Дзмітрыя Матусевіча, гэта адно з самых цікавых мерапрыемстваў праграмы бягучага года:
— Для нас вялікае значэнне мае менавіта гэты форум, бо ён ідзе ў кантэксце той работы, што вядзе Урад па развіцці рэгіёнаў. Мы хацелі б паказаць, што інавацыйнасць мае экстэрытарыяльны характар. Дарэчы, лепшы ментар года атрымае сваю ўзнагароду менавіта там.
mich@sb.by