Чым адметны народны ансамбль песні “Пліса” са Смалявіччыны

«Плiса» пачалася з «Ранiцы»

Смалявіцкі гурт ад іншых адрозніваюць шматгалоссе і ўнікальны аўтарскі рэпертуар
НАРОДНЫ ансамбль песні “Пліса” называюць на Смалявіччыне спеўнай візітоўкай раёна. Што невыпадкова: калектыў літаральна жыве сваёй творчасцю, а са сцэны зачароўвае прыгожай беларускай музыкай. У прыватнасці, аўтарскай, чым не многія з  самадзейных гуртоў могуць пахваліцца, альбо цікавымі аранжыроўкамі вядомых і не вельмі народных песень.


Карэспандэнт “СГ” адправілася ў Акцябрскі ДК у госці да ансамбля, які плённа працуе на пляцоўцы ўстановы культуры амаль 20 гадоў.

ДЫРЭКТАРА Дома культуры Алега Сёміна, па сумяшчальніцтве харызматычнага саліста “Плісы”, знайсці мне было лёгка. Разам з мастацкім кіраўніком ансамбля Кастусём Герашчанкам ён знаходзіўся ў невялічкім пакойчыку ДК, што нагадваў прыстасаваную гуказапісную студыю. Гаспадары творчай лабараторыі ўводзяць у курс справы:

— Так выглядае наша творчая “кухня”. Цяпер для таго, каб рабіць музыку, неабавязкова мець інструментальны ансамбль ці аркестр. Ёсць сучасныя тэхналогіі, дзякуй богу, але ж свае кампазіцыі мы ўсё ж такі аздабляем гучаннем жывых народных інструментаў. Менавіта тых, якія выгадна адрозніваюць гучанне “Плісы” ад іншых, — жалейка, сапілка, флейта, баян, дуда. Ну а шматгалоссе, якім славіцца калектыў, ужо выстройваем самі.

Гэты спеўны прыём — фішка ансамбля, нечым напамінае манер выканання знакамітых “Песняроў”. Дарэчы, для Алега Сёміна гэта ў пэўнай ступені сімвалічна. У свой час уладальнік шыкоўнага голасу ледзь не трапіў у склад легендарнага калектыву. А пазней лёс звёў з былым вакалістам “Песняроў” Валерыем Скаражонкам, з якім сябруе і супрацоўнічае культработнік да сённяшніх дзён.

ШЛЯХ Алега Уладзіміравіча ў культуру – асобная гісторыя. Нарадзіўся творца ў вёсцы Пліса. Яшчэ ў школе актыўна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці, што зусім не замінала яму добра вучыцца, спяваў у дзіцячым хоры школы, затым — у вакальна-інструментальным ансамблі пры Акцябрскім ДК. Бацькі жадалі, каб паступаў у тэхнічную вышэйшую навучальную ўстанову. Не атрымалася: скончыў вучылішча па спецыяльнасці “электраманцёр”. А пасля служыў у арміі, паралельна займаўся музыкай, іграў у палкавым ансамблі, успамінае Алег Сёмін:

— Тады нам нават пашчасціла стаць фіналістамі тэлевізійнага праекта “Калі спяваюць салдаты”. У верасні мы павінны былі ехаць на здымкі ў Маскву, але я да таго часу ўжо звольніўся… Паступіў у інстытут культуры. Пасля вучобы прыйшоў на працу ў Смалявічы, дзе тады толькі-толькі ствараўся раённы арганізацыйна-метадычны цэнтр. Але на нейкі час прыйшлося пакінуць прафесію, а душу заўсёды цягнула ў яе. Удзельнічаў у вясковай самадзейнасці, таму калі надарыўся выдатны момант уладкавацца на працу ў Дом культуры, не вагаючыся, вырашыў зноў паспрабаваць. І не пашкадаваў. У нас выдатны, адкрыты да супрацоўніцтва творчы калектыў. Мы сфарміравалі свой рэпертуар, у нас ёсць свой твар, з удзячнасцю адклікаемся на розныя прапановы, асабліва тыя, што тычацца сольных канцэртаў, а таксама выездаў за мяжу, каб прадставіць Беларусь на міжнароднай песеннай арэне.

— Асабліва часта ў апошні час выступаем на розных сцэнічных пляцоўках Расіі, Украіны, Польшчы, — дадае Кастусь Герашчанка. — І ведаеце што, мы ўпэўніліся: прыгажосць беларускай песні зачароўвае слухача. Да прыкладу, калі ў Адыгейскай філармоніі даведаліся, што наш ансамбль можа там выступіць, толькі дзеля нас пашырылі праграму. А пра нейкую папулярнасць, калі стваралі калектыў, мы і не марылі. Яго рабілі на аснове былога ансамбля “Раніца”. Так адбылося, што лёс зноў прывёў мяне ў Акцябрскі, дзе склаўся касцяк тагачасных спевакоў — Алена Васько, Вольга Хвайніцкая, Ларыса Сасноўская, Сяргей Папковіч. Мы вырашылі сабрацца і пачалі працаваць.

З цягам часу склад ансамбля аднавіўся. Цяпер у ім працуюць яшчэ Ірына Велянцейчык, дарэчы адзіны ў гурце музыкант з прафесійнай адукацыяй, і Іван Алешка.

ЖЫЦЦЁ творцаў, можна сказаць, непадзельна злучана з “Плісай”. Асабліва цікавы артыстам працэс супрацоўніцтва з беларускімі аўтарамі. Напрыклад, з Кастусём Цыбульскім, Эдуардам Акуліным, Дзмітрыем Даўгалёвым і іншымі. Калі ёсць нядрэнныя вершы (за гады працы Кастусь Герашчанка навучыўся адрозніваць добрую паэзію ад дрэннай), іх акцябрскія музыкі бяруць у распрацоўку — і робяць новую песню. Творчы працэс складаны. Разлічваць на тое, каб запісаць кампазіцыю ў прафесійнай студыі (гэта ў сярэднім 200 долараў), не даводзіцца. Таму песні на адзіны пакуль дыск, дзе размешчана каля сотні кампазіцый, вырашылі запісваць сваімі сіламі — і таксама здзейснілі.

Асаблівае пытанне для “Плісы”, як, мне здаецца, для любога гурта, гэта як стаць знакамітымі. Творчыя амбіцыі ў гурта ёсць: абмяжоўвацца толькі невялікімі сцэнічнымі пляцоўкамі — значыць перастаць расці прафесійна. Але для гэтага ёсць усе падставы: дыск, аўтарскі рэпертуар і калектыў, творчага імпэту якому не займаць. Таму наступны этап “Плісы” — шлях праз радыё і тэлебачанне. А пакуль ансамбль чакае вынікаў конкурсу, які праводзіць Маладзёжны тэатр эстрады, на лепшую сучасную эстрадную песню аб Беларусі «Белатон». На спаборніцтва акцябрскі ансамбль адправіў дзве абсалютна новыя кампазіцыі — “Вяртанне” і “Я застаюся тут”, музыку да якіх напісаў Кастусь Герашчанка.

uskova@sb.by

Фота з архіва “Плісы”
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter