Паэт Міхась Пазнякоў -- аб літаратуры для дзяцей, малой радзіме і падтрымцы таленавітай моладзі

Пісьменнік Міхась Пазнякоў: «Мае настаўнiкi – дзецi»

Вытокі яго творчай працавітасці там – у быхаўскім родным Заброддзі


Час ад часу чытачы “СГ” сустракаюцца з гэтым знакамітым аўтарам у штотыднёвай рубрыцы “Беларускі ручнік”. Вершы Міхася ПАЗНЯКОВА на любімыя для яго тэмы — Радзіма, маці, мова, хлеб — кранаюць тонкія струны душы. Але паэзія — толькі адна іпастась літаратара. Міхась Паўлавіч плённа працуе на ніве дзіцячай літаратуры, крытыкі, публіцыстыкі, перакладаў. Яго творы ўключаны ў школьныя падручнікі, перакладзены на 22 мовы свету. А за кнігі «У родным краi», «Гульняслоў», «Серабрыстыя чайкi» аўтар вылучаны на саісканне Дзяржаўнай прэміі ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры 2016 года.


— Міхась Паўлавіч, намінацыю на Дзяржпрэмію вы атрымалі за выданні для дзяцей. Мне здаецца, гэта сімвалічна: ваша першая кніжка “Дзіўныя “блізняты”, надрукаваная ў 1987 годзе, адрасавана менавіта маленькім чытачам. Чаму так актыўна працуеце на глебе якраз дзіцячай літаратуры?

— Таму што я настаўнік і па прафесіі, і па душы. У мяне выйшла больш за 80 кніг, і 52 з іх адрасаваны маленькім чытачам. Апроч таго, у самога трое дзяцей і 13 унукаў. Я для іх любімы бацька і дзядуля.

Сёння такі час, што кніга для маленькіх вельмі запатрабавана. Мяркуйце самі. За год адбываецца звыш 200 сустрэч з чытачамі і да 150 — з маленькімі чытачамі. Нядаўна пабываў у Быхаве, Шклове, Магілёве, Круглым, Асіповічах, Маладзечне, Бабруйску… Бачу, як дзеці цягнуцца да кнігі.

У той жа час дзеці — і мае настаўнікі, яны дапамагаюць адчуваць прыгажосць свету, дабрыню, чалавечнасць. І ўсе гэтыя пачуцці стараюся ўкладваць у творы.  Лічу, што любы пісьменнік павінен быць настаўнікам, нават калі ён і не педагог па адукацыі. Чаму? Таму што сапраўдная літаратура — тая, якая вучыць добраму, вечнаму, светламу. Гэтак жа і кніга, прызначэнне якой — не толькі даваць веды, але і выхоўваць душу. Вучыць талерантнасці, стрыманасці, узважлівасці, працавітасці. І гэта асабліва запатрабавана ў гэты разбэшчаны час, калі важна захаваць нашу краіну мірнай і стваральнай. Таму літаратар павінен быць выхавальнікам. Яго творы мусяць дапамагаць чалавеку ў жыцці, арыентаваць на духоўныя каштоўнасці.

— У анатацыях да многіх вашых кніг бачыла такі тэзіс: “Будуць прыдатны да сямейнага чытання”. Што маецца на ўвазе?

— Бацькі, кім бы па прафесіі ні былі, таксама павінны быць педагогамі. Я ўвогуле прапанаваў бы курсы педагагічныя праходзіць тым маладым людзям, якія ўступаюць у шлюб і чакаюць сваё першае дзіцятка. Чаму? Бацькі цяпер амаль заўсёды занятыя, а як жа выхаванне? Патрэбна больш удзяляць увагі сваім дзецям, выхоўваць іх душы.

Сямейнае чытанне — гэта чытанне твора, дзе ставяцца нейкія праблемныя пытанні — маральныя, духоўныя, — а потым абмяркоўваюцца разам з дзецьмі. Бацькі павінны ўмець трактаваць тыя мастацкія вобразы і пачуцці, якія закладзены ў кнізе, каб растлумачыць дзіцяці нешта, а не навязваць сваё меркаванне прамалінейна.

Памятаю, аднойчы ў школьным падручніку прачытаў гісторыю пра чатырох жанчын, якія сталі перад дзедам хваліцца сваімі сынамі. Адзін салаўём умеў спяваць, другі — на руках хадзіць, трэці — скакаць высока. “А мой просты хлопчык”, — кажа чацвёртая маці. У той жа момант падбег ён да яе, забраў вёдры з вадой і панёс дадому. Дзядуля кажа: “Добра пра сыночкаў сваіх казалі, але ж я толькі аднаго тут бачу сапраўднага”. Я, калі бачыў, што мама па ваду ідзе, усё кідаў і бег дапамагчы. Вось які ўплыў слова. І важна ўмець стварыць мастацкае палатно, якое прымусіць задумацца.

— Гэта значыць, літаратуру бацькі мусяць разглядаць як сапраўдныя падручнікі для пашырэння светапогляду  дзяцей?

— Так. З дзецьмі патрэбна займацца, а ў хатняй бібліятэцы мець кнігі, што называецца, на выраст. Дазвольце прывяду да прыкладу свае кнігі, вылучаныя на Дзяржпрэмію. “У родным краi” —  кніга вершаў, загадак, скорагаворак, аб’яднаных тэмай любові да роднай зямлі: Бацькаўшчына ж — пачатак чалавека. “Гульняслоў” — выданне займальнае, пра наша нацыянальнае багацце, увасобленае ў мове. Там сотні заданняў — рэбусы, крыжаванкі, шарады. Дарэчы, быў прыемна здзіўлены, калі некаторыя з крытыкаў ставілі гэтае выданне ў адзін шэраг з “Букваром”. Кніга гэта будзе карысная ў навучанні чытанню, мысленню, логіцы… Праз гульню дзіця асвойвае гукі, літары, слова, сказ, тэкст. Вучыцца разважаць. Працяг “Гульняслова” — “Серабрыстыя чайкi”. Кніга ўключае ўжо апавяданні і казкі, якія выхоўваюць душы дзяцей: дабрыню, міласэрнасць, спагаду, справядлівасць у іх.

Дарэчы, хачу пахваліцца — атрымаў нядаўна добрую навіну: бібліятэкі сталіцы назвалі мяне аўтарам года. Яны правялі маркетынгавае даследванне сярод маленькіх чытачоў і прыйшлі да высновы, што па колькасці запытаў кніг беларускіх аўтараў менавіта мае самыя чытаемыя. Гэтую прэмію атрымліваю ўжо ў другі раз: упершыню — у 2007 годзе, і, бадай, прызнанне чытача для мяне даражэйшае за іншыя званні і прэміі. Гэта шчасце, якое здабываецца вялікай працай душы і розуму.

— Адкуль у вас такая працавітасць?

— З дзяцінства. У сям’і нас было 11 — у мяне 5 братоў, 5 сясцёр. Тата — брыгадзір, чалавек, вельмі сур’ёзны і клапатлівы. Гаспадарка ў нас у вёсцы вялікая была. Калі, напрыклад, усім людзям тата даваў апрацаваць па 50 сотак лёну, маёй маці — гектар. І казаў заўсёды: “Ты ж павінна паказваць прыклад. Калі жонка брыгадзіра не будзе, як жа астатнім працаваць?” Такі быў сумленны чалавек. Таму мы з маленства рвалі буракі,  лён, сцялілі яго на лузе, грузілі, хадзілі з касою, за плугам, бараной... Вось так прывучылі да працы.

— Калі не памыляюся, вы ж і цяпер фактычна кожны свой адпачынак праводзіце на малой радзіме — у быхаўскім Заброддзі…

— Безумоўна. Я не магу без яго. Бывае, мяне жонка цягне ў Крым, Парыж ці яшчэ ў якую Еўропу… Для мяне мой Парыж — маё Заброддзе на Быхаўшчыне. Мне там добра пішацца. Хаджу басанож па тых сцяжынах, дзе прайшло дзяцінства, дзе я пачынаўся. Для мяне родная вёска — цэнтр сусвету. Многа дзе езджу. Тыдзень праходзіць, і не магу: цягне ў Заброддзе. Там цяпер бацькоўская хата, а ў самой вёсцы засталіся толькі два жыхары…

Падтрымліваю сувязь з землякамі. Дапамагаю Глухскай школе, дзе вучыўся. Адзначаю вучняў за добрую вучобу, удзел у грамадскіх справах, поспехі ў спорце. Раблю гэта за свае грошы: збіраю ганарары. Дзякуй Богу, кніжкі выходзяць. Дарэчы, у гэтым годзе ўжо дзве пабачылі свет: “Школьны слоўнік беларуска-рускіх амонімаў” і “Хто прыдумаў і калі”.

— Не памылюся, калі назаву вас хросным бацькам некаторых з маладых аўтараў. Дзякуючы менавіта вашым намаганням як старшыні Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў у здольных да паэзіі і прозы з’яўляецца магчымасць зачапіцца за літаратурны Парнас…

— Гэта сапраўды так. Мы заснавалі літаратурную прэмію “Адкрыццё года”. Сам шукаю для яе спонсараў. Праводзім творчыя конкурсы — раённыя, універсітэцкія, агульнагарадскія і рэспубліканскія. Напрыклад, конкурс чытання твораў “Жывая класіка”. У гэтым годзе праводзілі яго сумесна з расійскімі калегамі. Пяцёра пераможцаў з Беларусі ў якасці падарунка атрымалі пуцёўкі ў “Артэк”. Хутка падвядзём вынікі конкурсу чытальнікаў беларускай паэзіі. Ганаруся, што кожны год ладзім з фундаментальнай бібліятэкай Белдзяржуніверсітэта “Славянскі калейдаскоп”, у якім удзельнічаюць студэнты ўсіх факультэтаў і інстытутаў Белдзяржуніверсітэта. Так мы адкрываем новыя таленты.

Рыхтуем калектыўныя зборнікі і асобныя кніжкі. Заснавалі серыю “Мінскія маладыя галасы”. За 5 гадоў у ёй выйшла іх 20 — гэта першыя кніжкі маладых літаратараў. Ніхто іх не выдае ў асобных, аўтарскіх, кніжках, я зноў-такі знаходжу спонсараў, угаворваю выдавецтвы, каб цэны былі танней. Дарэчы, зараз рыхтуем тры новыя кніжкі: Настассі Каротчыкавай, Аліны Цвірко і Кацярыны Стройлавай. Маладыя аўтары выступаюць на нашых літаратурных вечарынах, фэстах. Заснаваны школа юных паэтаў і школа юных празаікаў пры Мінскім гарадскім аддзяленні, Мінскі гарадскі тэатр паэзіі (на грамадскіх пачатках)…

Я проста ўпэўнены, што маладым трэба дапамагаць, і буду рабіць гэта, наколькі магчыма. Але абавязковая ўмова —  літаратурныя здольнасці пачынаючага аўтара. Астатняе — гэта няспынная, настойлівая работа над словам.

— Міхась Паўлавіч, вам належаць беларускамоўныя копіі знакамітых твораў. У тым ліку “Дон Кіхот” Сэрвантэса, “Квенцін Дорвард” Скота, казкі Андэрсена… Чым карысныя пераклады для нацыянальнай літаратуры?

— Разумееце, калі перакладаем замежных аўтараў на беларускую мову, мы пашыраем культурнае поле, далучаем чытача да лепшых узораў сусветнай літаратуры. Разам з тым пашыраем ужытак роднай мовы. Гэтак мы ўплываем на тое, каб яна развівалася. У свет, на вялікі жаль, пакуль ідзём менавіта праз рускую мову: мала хто ў свеце ёю валодае.

Мне ўспамінаецца 1966 год, я вучыўся ў санаторнай школе ў Браслаўскім раёне. Туды да нас прыехаў паэт Адам Русак. Першы прафесійны літаратар, якога я ўбачыў. І ўдзячны яму за тое, што менавіта ён пасеяў у сэрцы павагу да слова. Адам Герасімавіч сказаў: “Чытайце па-беларуску, шануйце родную мову, гэта спатрэбіцца ў жыцці. — Потым звярнуўся да хлопца і кажа: — Вось будзеш ты праводзіць дзяўчыну дадому і скажаш ёй: “Клюковка ты мая”. Яна ж пакрыўдзіцца. А калі вымавіш: “Журавіначка ты мая”, то ўсміхнецца. Вось як мякка, пяшчотна гучыць”.

ДАСЬЕ «СГ» 

Міхась Пазнякоў — лаўрэат 12 літаратурных прэмій, у тым ліку прэміі імя П. Броўкі, Я. Маўра, В. Віткі, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Міжнароднай прэміі ў галіне паэзіі. За літаратурную дзейнасць узнагароджаны 13 медалямі, у тым ліку медалём Францыска Скарыны. На творчым рахунку пісьменніка — звыш 3000 публікацый, больш як у 450 перыядычных выданнях, хрэстаматыях, падручніках, вучэбных дамапожніках, тэматычных і калектыўных зборніках.

uskova@sb.by

Фота Аляксандра КУШНІРА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter