Спявачкі Ларыса Тукіш і Людміла Сінкевіч рознымі шляхамі прыйшлі ў мастацтва

Песні — гэта радасць і дабрыня

Спявачкі Ларыса Тукіш і Людміла Сінкевіч рознымі шляхамі прыйшлі ў мастацтва. Цяпер іх творчасць ведаюць і цэняць у беларускіх суполках Латвіі ды за яе межамі
Спявачкі Ларыса Тукіш і Людміла Сінкевіч рознымі шляхамі прыйшлі ў мастацтва. Цяпер іх творчасць ведаюць і цэняць у беларускіх суполках Латвіі ды за яе межамі.


На Купальскім фэсце ў Дагдскім краі спявае Ларыса Тукіш


Таленты бываюць розныя

Гэтым тэкстам мы распачынаем у газеце рубрыку “Таленты з дыяспары”. Мяркуем, пазаштатныя карэспандэнты дапамогуць яе весці, дашлюць свае паведамленні пра таленавітых супляменнікаў з замежжа. Не сакрэт: многія супляменнікі, жывучы ў замежжы, “прыцягваюцца” ў беларускія суполкі дзякуючы сваім талентам. І яшчэ заўважана: чым больш у тых суполках людзей таленавітых — тым больш цікава разгортваецца іх дзейнасць. А таленты, як вядома, бываюць рознымі. Ды часцей на віду аказваюцца тыя, хто мае і арганізацыйны талент, умее кіраваць — а не проста спяваць, іграць на музінструментах, танцаваць, маляваць, складваць вершы ці дэкламаваць іх са сцэны. А ёсць майстры і майстрыхі, рамеснікі, рукадзельніцы, швачкі, таленавітыя настаўнікі роднай мовы, журналісты-летапісцы... У адной з вялікіх абшчын, чуў, энтузіястка ўзяла на сябе такі няпросты абавязак: даўно вядзе “картатэку юбіляраў”. Там нікога ніколі не забываюць павіншаваць з юбілеем, проста з днём нараджэння. Таксама талент! І пра такіх людзей хочацца больш ведаць. Пішыце пра іх у нашу газету!

А нагодаю, каб расказаць пра таленавітых спявачак Ларысу Тукіш з Дагды і Людмілу Сінкевіч з Рыгі, стала публікацыя “Цёплыя словы за добрае свята” (ГР, №31, 20. 08. 2015). Тады пра Купальскі фэст у Дагдскім краі Латвіі напісала Зофія Іоніна з тамтэйшага таварыства “Вербіца”. У ліку тых, хто выступаў на фэсце, былі як Ларыса Тукіш (салістка і кіраўніца мясцовага гурта “Вярба”), так і Людміла Сінкевіч з Рыгі. А так сталася, што пад здымкам доўгавалосай бландзінкі Людмілы, які быў адабраны з дасланых у рэдакцыю, мы падпісалі: “Ларыса Тукіш з Дагды”. У Ларысы ж таксама доўгія белыя валасы… Перапрашаем за памылку чытачоў і ўсіх, каго пакрыўдзілі. Пра недакладнасць нам паведаміла Зофія. Вось мы і вырашылі бліжэй пазнаёміцца як з Людмілай, так і з Ларысай: каб больш іх не блытаць.

Ларыса Тукіш — з Дагдскага краю 

Пра Ларысу расказала Зофія Іоніна: “Нарадзілася ў Дагдзе, закончыла там сярэднюю і музычную  школу. Дзве вышэйшыя адукацыі атрымала ў Даўгаўпілсе, стала выкладчыцай па класе фартэпіяна і па класе харавога дырыжыравання. З 1987-га працуе ў Дагдскай музычнай школе”. Дагда — радзіма бацькі спявачкі, Сямёна Грэбнева: ён з ліку карэнных жыхароў Дагдскага краю, а жонку сюды прывёз, калі яны пажаніліся. Ларысіна дачка Дар’я жыве цяпер у Рызе”. 

Дарэчы, да 1924 года, удакладняе Зофія Іоніна, Латгалія ўваходзіла ў Віцебскую губерню, дадае: “Любоў да беларускай культуры тут аб’ядноўвае ўсіх нас, бо ёсць і беларусы мясцовыя, і прыезджыя — з Браслаўскага, Верхнядзвінскага раёнаў Віцебшчыны, з Брэста, Гродна, іншых месцаў. Са з’яўленнем у Дагдзе Беларускага таварыства “Вербіца”, якім кіруе Таццяна Гогалінская, тут больш чуваць пра беларусаў. І сама я ў Латгаліі жыву даўно (калі канкрэтней, то гэта Дагдскі край, пасёлак Эзерніекі). Тут шмат рускіх, украінцаў, палякаў, армян, і ўвесь гэты народ называюць: латгальцы”. 

На пытанне, ці свабодна валодае Ларыса Тукіш беларускаю мовай, Зофія адказвае: “Не, бо нарадзілася ў Латвіі, вучылася ў латышскіх школах. Тут, у прымежных раёнах, такія магчымасці: слухаць беларускае радыё, тэлевізар глядзець і спяваць беларускія песні. Дарэчы, я сама  ў Латвіі пачала размаўляць на беларускай мове толькі як стала сябрам “Вербіцы” — ад часу стварэння суполкі, з 2011 года. Цяпер і пашыраю родную мову: у школе на ёй чытала пераклады вершаў латышскіх паэтаў на Днях паэзіі. Чытаю і свае вершы — таксама па-беларуску”.

Ларыса Тукіш — з ліку энтузіястак, якія падтрымалі ідэю: стварыць беларускую суполку ў Дагдзе. “А якія ж беларусы без песень! — разважае Зофія Іоніна — Вось і заснаваўся гурт “Вярба”. У ім сабраліся ўжо сталыя жанчыны, а Ларыса іх падбадзёрвае, натхняе, усяляе надзею: усё атрымаецца! Як пакліча на рэпетыцыю, то яны пра ўсе свае балячкі забываюць. Гурт спявае як беларускія народныя, так і песні на словы Станіслава Валодзькі. У юбілейны для Станіслава год, калі “Вербіца”  адзначала сваю першую гадавіну, на свяце цэлы вечар гучалі песні на яго словы ў выкананні “Вярбы”, салісткі Ларысы Тукіш,  падпяваў і сам паэт”. Спявае Ларыса з дзяцінства, цяпер у яе рэпертуары беларускія, рускія, украінскія народныя песні. Працуе і з рознымі вакальнымі ансамблямі — як дзіцячымі, так і дарослымі. У гурта “Вярба” ды яго кіраўніцы-салісткі складваюцца сяброўскія стасункі з калегамі з Беларусі, самадзейныя артысты выступалі ў Браслаўскім, Верхнядзвінскім раёнах. Ларыса кажа: “Сваімі песнямі мы нясём радасць, дабрыню і любоў, і гэта больш за ўсё патрэбна людзям”. Вельмі важна, лічыць яна, падтрымліваць добрасуседскія стасункі, развіваць і збліжаць культуры братніх народаў.


Людміла Сінкевіч — з Рыгі

Напісаць пра Людмілу Сінкевіч пагадзіліся супляменнікі з Рыгі, інфармацыю “Я не змагла б жыць без музыкі” даслала старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова. “Сінкевіч Людміла Вацлаваўна — салістка ансамбля беларускай народнай песні “Надзея” горада Рыга, салістка Саюза беларусаў Латвіі, — чытаем у допісе. — Яна ўдзельніца многіх песенных фестываляў і конкурсаў, якія праходзілі як у Латвіі, так і ў Беларусі, Эстоніі, Францыі. Таленавітая, абаяльная спявачка шмат робіць для пашырэння беларускай культуры”.


На сцэне фэсту — спявачка з Рыгі Людміла Сінкевіч

Пра сябе Людміла расказвае: “Я, пэўна, і нарадзілася для таго, каб займацца музыкай. Яшчэ ў чатыры гады казала бацькам: стану музыкантам. Такая была мара, і я рухалася за ёй: закончыла музычную школу па класе фартэпіяна ў Ашмянах, на Гродзеншчыне, потым — Маладзечненскае музвучылішча імя М.-К. Агінскага — з чырвоным дыпломам, па класе опернага спявання. Вучылася ў Беларускім дзяржуніверсітэце культуры і мастацтваў, атрымала ступень бакалаўра ў Балтыйскай міжнароднай акадэміі на факультэце “Упраўленне праектамі ў культуры”.

Цяпер у яе рэпертуары ёсць песні на беларускай, латышскай, рускай, французкай, італьянскай мовах.

Яшчэ 11 гадоў таму яна жыла ў Мінску, вучылася, прафесійна займалася спяваннем і музыкай. Марыла стаць спявачкаю. Пра Латвію ведала зусім мала: Юрмала, Рыжскі бальзам, шпроты... І яшчэ слова gulbis (лебедзь) па-латышску. А менавіта яно і аказалася прозвішчам яе будучага мужа-латыша. Знак лёсу? Людміла вельмі рада, што талент яе запатрабаваны на шматлікіх імпрэзах, канцэртах Саюза беларусаў Латвіі, які аб’ядноўвае 15 беларускіх і славянскіх суполак па ўсёй краіне: “Песні і музыка засталіся ў маім лёсе, гэта — важная частка майго жыцця. На канцэртах я спяваю беларускія песні, а дома — калыханкі для сына. Так што пасля пераезду ў Латвію жыццё працягваецца, і як жа здорава, што ў мяне склалася ўсё менавіта так!”

Іван Іванаў

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter