Пераезд з невядомымі.

Як вынесці заводы з цэнтра Мінска і пры гэтым не “пакрыўдзіць” работнікаў? Здаецца, простая школьная задачка: аб'ект перамяшчаецца з пункта А ў пункт Б. Аднак з пераездам прамысловых прадпрыемстваў з цэнтра Мінска ўсё выходзіць больш складана. За бліжэйшыя дзесяць гадоў два дзесяткі заводаў і фабрык мусяць змяніць сваю прапіску. Паспяховасць вырашэння гэтай задачы залежыць ад многіх невядомых. І адно з найважнейшых пытанняў – што будзе з работнікамі заводаў, якія павінны памяняць прапіску?

Як вынесці заводы з цэнтра Мінска і пры гэтым не “пакрыўдзіць” работнікаў?

Здаецца, простая школьная задачка: аб`ект перамяшчаецца з пункта А ў пункт Б. Аднак з пераездам прамысловых прадпрыемстваў з цэнтра Мінска ўсё выходзіць больш складана. За бліжэйшыя дзесяць гадоў два дзесяткі заводаў і фабрык мусяць змяніць сваю прапіску. Паспяховасць вырашэння гэтай задачы залежыць ад многіх невядомых. І адно з найважнейшых пытанняў – што будзе з работнікамі заводаў, якія павінны памяняць прапіску?

Месца — новае, а спецыялісты?

Аляксей Мікалаевіч працуе на прадпрыемстве “Мінск Крышталь” ужо шмат гадоў. “Работа нармальная, станцыя метро недалёка, добрая зарплата”, — тлумачыць ён свой працоўны патрыятызм. Пра тое, што яго прадпрыемства сабраліся перасяліць у Калядзічы, што пад Мінскам, ён чуў, але што збіраецца рабіць, пакуль не вырашыў. “Канешне, мяняць звыклае жыццё цяжка, — разважае ён. — Калі прапануюць вельмі прывабную зарплату, тады, магчыма, і буду ездзіць на новае месца. А іначай прыйдзецца шукаць штосьці іншае”.
 Прымаць няпростае рашэнне прыйдзецца таксама работнікам іншых прадпрыемстваў сталіцы. Да 2020 года, як прадугледжваецца прынятай праграмай Савета Міністраў, перамясціцца ў межах Мінска ці выехаць за горад мусяць 18 прамысловых аб’ектаў. Сярод іх, напрыклад, Мінскі авіярамонтны завод, некалькі станкабудаўнічых прадпрыемстваў, фабрыка “Беларускія шпалеры”, абутковая “Луч”,  “Сукно”, “Галантэя”.
“Вынасу за межы цэнтральнай і сярэдзіннай планіровачных зон горада падлягаюць буйныя крыніцы экалагічнага забруджвання, — тлумачыць стратэгію намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Аляксандр Барысенка. — Тое ж тычыцца і групы энерга- і матэрыялаёмістых вытворчасцей”. Мінск вырас, і яго тэрыторыю трэба выкарыстоўваць больш эфектыўна.

Эканамічнае і чалавечае вымярэнні

“Размовы пра наша закрыццё вядуцца яшчэ з 80-х гадоў”, — пацвярджае, што праблема ўзнікла не ўчора, гендырэктар ААТ “Дражджавы камбінат” Ігар Забаштанскі. Прадпрыемству хутка будзе 120 гадоў. І яго вытворчыя будынкі, як і пабудовы размешчаных па суседству на вуліцы Кастрычніцкай “Мінск Крышталь” і станкабудаўнічага завода імя Кастрычніцкай рэвалюцыі, не цешаць вока. Да галоўнага чыгуначнага вакзала краіны — хвілін дзесяць-пятнаццаць пешшу. Прыкладна столькі ж да Палаца Рэспублікі. Напэўна, сучасныя бізнес-цэнтры глядзеліся б тут больш гарманічна.
Аднак закрыць і разбурыць проста так немагчыма. Напрыклад, той жа дражджавы камбінат забяспечвае нашу краіну сушанымі дражджамі на 50 працэнтаў, а прасаванымі — на 98. Гэта важны падмурак для работы айчынных хлебазаводаў.
Таму і планавалі да канца 2010 года пабудаваць новае прадпрыемства ў Слуцку і толькі потым спыніць вытворчасць у Мінску. Кошт праекта, па папярэдніх падліках, складае не менш як 25 мільёнаў еўра. Для яго рэалізацыі плануецца выкарыстоўваць сродкі і замежных інвестараў.
Аднак будаўніцтва ў Слуцку затрымліваецца. Таму каля 270 работнікаў мінскага камбіната, як прагназуе Ігар Забаштанскі, яшчэ як мінімум тры гады змогуць працаваць у сталіцы.
Сярод работнікаў амаль 30 працэнтаў прыходзіцца на моладзь. І наўрад ці хто з мінчан, прызнаецца дырэктар, пагодзіцца пераехаць у Слуцк. Тым больш што ў канцэрне “Белдзяржхарчпрам” паабяцалі дапамагчы з працаўладкаваннем у сталіцы. Можна перайсці, напрыклад, на “Камунарку”, “Слодыч”.
Таму работнікі да пераезду ставяцца па-філасофску. “Будзем працаваць да канца, а потым паглядзім”, — гаворыць большасць з іх.
На станкабудаўнічым заводзе, відаць, ужо змірыліся са сваім лёсам. Гэта прадпрыемства, як запланавалі ва ўрадзе, пераедзе на свабодныя плошчы іншага сталічнага завода. Аднак ці застанецца штат спецыялістаў, невядома. А для станкабудаўнічай вытворчасці гэта прынцыпова важна. “На канвеер МАЗа работніка можна падрыхтаваць і за тры месяцы, — тлумачаць у кіраўніцтве завода, — а для нас трэба, каб чалавек набіраўся вопыту тры-чатыры гады”.
На “Мінск Крышталь” да змены прапіскі ставяцца аптымістычна. Прадпрыемству патрэбна новая вытворчая пляцоўка, бо на цяперашняй ужо цесна. Таму пасля пераезду магутнасці павінны вырасці. “Будзем дадаткова набіраць работнікаў”, — гавораць на заводзе. Працаваць прыйдзецца ў прыгарадзе Мінска, а гэта не так ужо і далёка.

Адваротны бок адтэрміноўкі

“Разгрузка” вялікага горада — гэта натуральны працэс”, — лічыць намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Віталій Сеўрукевіч. У свой час дзякуючы вынасу прамысловых аб’ектаў з англійскага Манчэстэра мясцовыя ўлады змаглі больш актыўна развіваць горад як турыстычны і навуковы цэнтр. У Мінску таксама можна аб’ядноўваць вытворчасці, якія дубліруюць адна адну. Напэўна, не варта трымаць у сталіцы і некалькі праблемных з экалагічнага пункта гледжання ліцейных вытворчасцей. Магчымыя мінусы такога ўпарадкавання — збядненне асартыменту прадукцыі і страта пазіцый на рынках. І гэта трэба абавязкова ўлічваць.
“А як будуць дзяліць уласнасць?” — задае пытанне старшыня праўлення Бізнес саюза імя Куняўскага Георгій Бадзей. Напрыклад, абутковы “Луч” — гэта акцыянернае таварыства.
Невядома, дзе ўзяць і вялікія грошы на сам пераезд прадпрыемстваў. У значнай ступені ва ўрадзе спадзяюцца на прыцягненне рэсурсаў інвестараў. У прыватнасці, ААТ “Сукно” ў цэлым спатрэбіцца каля 100 мільярдаў рублёў, ААТ “Беларускія шпалеры” — 200, Мінскаму авіярамонтнаму — звыш 450 мільярдаў.
Гэтыя значныя лічбы, з аднаго боку, працуюць на работнікаў гэтых прадпрыемстваў: людзі атрымліваюць своеасаблівую адтэрміноўку, могуць не шукаць новага месца працы. Але, з іншага боку, марудзіць у такой сітуацыі — значыць, правакаваць заняпад прадпрыемстваў і зніжэнне заробкаў. Чыноўнікі разважаюць лагічна: “Навошта накіроўваць грошы на мадэрнізацыю, калі ўсё роўна будзе пераезд”. Таму адцягванне вырашэння праблемы наўрад ці на карысць работнікам.

Замест прамысловасці — паслугі

“Кожны — гаспадар свайго лёсу. Захоча — працягне працаваць на прадпрыемстве пасля яго пераезду. А не — дзяржава дапаможа знайсці новае месца”, — гаворыць начальнік галоўнага ўпраўлення палітыкі занятасці і народанасельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі Мікалай Коханаў. Але, раіць ён, лепш паклапаціцца загадзя, прыгледзець сабе новае месца.
Здаецца, і сапраўды не варта хвалявацца. Узровень афіцыйна зарэгістраванага беспрацоўя ў Мінску на пачатак ліпеня складаў толькі 0,4 працэнта. За першую палову бягучага года пры падтрымцы дзяржаўных органаў занятасці пастаянную работу атрымалі звыш 3,7 тысячы беспрацоўных. Каля 1,2 тысячы беспрацоўных былі накіраваны на прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі.
Аднак на практыцы не ўсё ідэальна.
“Наш завод пераносяць, таму хачу загадзя атрымаць дадатковую спецыяльнасць”, — звярнуліся мы ў тэрытарыяльны аддзел працаўладкавання. “Калі вы будзеце афіцыйным беспрацоўным, тады зможаце вучыцца бясплатна, а калі працуеце — за свае грошы”. Пры гэтым сярэдні памер дапамогі па беспрацоўі ў чэрвені ў Мінску складаў менш за 50 тысяч рублёў.
Перанос прадпрыемстваў — толькі частка маштабных планаў развіцця сталіцы. У адпаведнасці з генеральным планам развіцця Мінска да 2030 года зменіцца аблічча горада.  Разам з гэтым значная частка сталічных работнікаў, як прагназуюць спецыялісты, перамесціцца са сферы прамысловай вытворчасці ў сектар паслуг. Таму паклапаціцца загадзя варта не толькі работнікам тых самых 18 прадпрыемстваў. Відаць, трэба адпаведна падрыхтавацца і ўсёй сістэме садзейнічання працаўладкаванню. Тады і ў вырашэнні важных сацыяльных праблем, нібы ў школьнай задачцы, будзе менш невядомых.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter