Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У Міжнародным фестывалі народнай творчасці “Вянок Дружбы” ў Бабруйску паўдзельнічаў самабытны калектыў

Пеcні з Сардзініі

Старажытныя этнічныя “Спевы Тэнорэ” гучалі на фестывалі “Вянок Дружбы” ў Бабруйску. Яны, дарэчы, уключаны ў Спіс шэдэўраў вуснай і нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва ЮНЭСКА. Пра тое напісаў у рэдакцыю Ганаровы консул Беларусі ў горадзе Кальяры (Консульская акруга Аўтаномны рэгіён Сардзінія — Італія) Джузэпэ Карбоні. Ён яшчэ паведаміў: “Вусная традыцыя спеваў Тэнорэ захоўвалася на працягу тысячагоддзяў, гэта ўвасабленне культуры пастухоў Сардзініі. Усе песні — на сардзінскай мове: акрамя італьянскай, на востраве Сардзінія ёсць і нацыянальная мова, яна з групы раманскіх і найбольш набліжана да латыні”.

Традыцыі “Спеваў Тэнорэ” — з вострава Сардзінія

Дарэчы, сардзінскія поліфанічныя харавыя “Спевы Тэнорэ” — найстарэйшыя ў свеце. Утвараюцца пры ўдзеле 4-х галасоў, кожны з якіх выдае гук са сваёй уласнай спецыфікай. Квартэт “Su Tenore” складаецца з “su basciu” (бас), “sa contra” (барытон), “sa mesaoghe” (кантральта) і “sa oghe” (вакал). Такія спевы гучалі ў Беларусі ў другі раз: вядомая сардзінская група “Тэнорэс дэ Мамояда” выступіла ў Беларускай дзяржакадэміі музыкі ў 2009 годзе. Сёлета ўнікальныя спевы пачулі ў Бабруйску.

“Для калектыву “Tenores Su Cunsonu Santu Juanne Thiesi” велізарны гонар выступаць у Бабруйску, культурнай сталіцы Беларусі 2017 года, — піша Джузэпэ Карбоні. — А ў сувязі з 25-годдзем устанаўлення дыпадносін Беларусі ды Італіі, 2017-ы аб’яўлены Годам італьянскай культуры ў Беларусі. Год беларускай культуры праходзіць сёлета і ў Італіі”.

Кацярына Аляксандрава

Голас Радзімы № 26 (3530), чацвер, 13 ліпеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter