Печкін-лавачкiн

Грубку скласці, лазню напаліць — Сяргей Пятрашка ўмее і тое, і другое...Тымі майскімі днямі, калі на краіну абрынуліся дажджы і халады, мы, карэспандэнты “НГ” і галоўны спецыяліст аддзела ідэалогіі Слонімскага райвыканкама Ігар Лапікаў, пад ліўнем шукалі па раёне... печніка.

Ігар Сяргеевіч, нібы апраўдваючы марнасць нашага паходу ў “разведку”, тлумачыў, чаму ў рэгіёне ўжо амаль не засталося спецыялістаў такога вузкага профілю: “Адыходзяць у мінулае печы. Хто іх цяпер ставіць?” На жаль, Аляксандр Буркала, адзіны слонімскі майстар, з якім мы спадзяваліся спаткацца і пагаварыць пра сакрэты рамяства, раптам, нягледзячы на дамоўленасць, сышоў з дому раней за наш прыезд. Сын сказаў: “Бацька пайшоў на заказ”. Ага, значыць, яшчэ дымяць коміны над Слонімам. Я абнадзейваў сябе тым, што яшчэ дзе-небудзь “упалюю” дыназаўра старажытнай прафесіі.
Удача ўсміхнулася выпадкова. У Жыровіцкім сельсавеце згадалі, што ў самым апошнім доме па вуліцы аграгарадка, што ідзе на Слонім, жыве пячнік-самавук.
І вось мы стаім каля брамкі той самай сядзібы. На плоце шыльда: “Асцярожна, злы сабака”. У двары ідэальны парадак. Не скажу, што іншыя людзі жывуць неакуратна, але тут узорная гаспадарка: гародчык, газон, цагляны дом з драўляным паддашкам у стылі народнага дойлідства. У двары нават свая лазня. Пад брэх аўчаркі з дому выходзіць у форме супрацоўніка Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Сяргей Пятрашка — гаспадар.
Дваццаць год разам з жонкай ён стварае райскі куточак на сваёй сядзібе. Усё пачалося з таго, што стаў будаваць дом. Калі дайшла справа да печкі, цесць паклікаў печніка, той палавіну работы зрабіў, а затым раптам знік...
— Што заставалася? — згадвае маладыя гады Сяргей Адамавіч. — Узяўся я сам за справу. Круг за кругам давёў печку аж да коміна. Стаў мудраваць: як зрабіць, каб печка не толькі цяпло ў хату давала, але праз яе награваць ваду, выкарыстоўваць як сушылку для адзення, грыбоў, садавіны.
— А дзе бераце матэрыялы — цэглу, кафлю? — пытаюся.
— На сваю печку ўсё з разбураных дамоў панацягаў...
Во якая ашчаднасць. Сапраўдны беларус — нічому не дасць прапасці. На грубцы ў Пятрашкавай хаце пераліваюцца рознымі колерамі кафлі — белыя, маціцовыя, блакітныя. А за імі хаваецца агонь і мноства трубак ды адтулін: адны выводзяць дым, другія падаюць на абагрэў ваду.
Найдасканалейшую печку Сяргей склаў у лазні. Зрэшты, і купальня — таксама справа яго рук. Не пры кожным доме і не ў любой вёсцы ёсць такая.
— Сам дадумваўся, як зрабіць, каб дым выходзіў на двор, а ў лазні заставалася толькі пара, “нахімічыў” я многа ўсякага... — па-просту, але з гонарам паведамляе штукар.
— А вада як паступае? — удакладняю.
— Працягнуў ад дома шланг і во сюды льецца, — жыровіцкі Кулібін паказвае месца злучэння “каналаў”.
Пра майстэрства нашага Пятрашкі дачуліся аж у Маскве — запрашалі многія тамтэйшыя дачнікі да сябе ў перадзелкіны грубкі рамантаваць. Бо ўмее Сяргей Адамавіч — не дарма ж у пажарнай службе працаваў — і пачысціць печку, і праверыць, каб няўрымслівы агонь з яе не вылазіў праз шчыліны.
Ён з прыяцелем адрамантаваў трыццаць печак у старадаўнім Жыровіцкім манастыры.
— Амаль усе яны дзесяцігоддзямі не працавалі. Мы з калегам прастукалі ўсе сцены, прасачылі, дзе праходзяць дымаходныя каналы, прачысцілі. Дзе трэба было — з муроў цагліны вымалі, каб знайсці аварыйныя ўчасткі. Увогуле ж прылада, якой чысцяць дымаходы, простая — дрот і ядловец.
Ці запатрабавана будзе гэта прылада ў бліжэйшыя гады? Думаю, прафесія печніка не вырадзіцца. Мае яна нейкую рамантычную аўру. Дый як уявіць сабе лазню без печы?
А спадар Пятрашка — майстар выдатны. Ён не толькі печку складзе, але і лаўку змайструе. На такіх краіна і трымаецца.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter