Пчальнiковы прывiд

Пра гэтага загадкавага пчаляра я шмат чаго чуў ад свайго сябра. Пакінуў сталіцу і пасяліўся не проста ў вёсцы, а на лабастым узгорку паміж прыбалочанай нізінай з віхлястай рачулкай і зарыбленым карасямі стаўком з аднаго боку і неўрадлівым падзо-лістым полем, у якое колькі вясной укідвалі зерня, столькі ўвосень і збіралі, з другога. І быццам ён у свой час насіў пагоны палкоўніка, займаў немалую пасаду ў органах. А пад калатнечу перабудовы і палітычнага суцяжніцтва ўсё кінуў-рынуў і стаў адыходнікам. Найперш завёў пчальнік. У яго продкі былі знакамітымі пчалярамі, і пчалярства засела ў генах нашчадкаў.
Запрашэнне з’ездзіць да незвычайнага пчаляра я прыняў з вялікай ахвотай. Падзівіцца, паслухаць, пагаманіць. Тым больш што, апроч мёду, былі абяцаны шашлыкі і юшка. Узгорак сапраўды быў шырокі і лабасты. Але як абжыты! Дыхтоўная хата. Другая будыніна нечым нагадвала турыстычную гасцініцу. Ну а лазня, сабраная с гладка абчэсаных бярвён, для аматара пары была марай. Я, прыадчыніўшы дзверы, сунуў нос у парыльню – і дух захапіла. Дыхнула гарачым лесам, разамлелым пад сонцам квяцістым лугам, аржаным полем і мёдам. Збоку басейн. Распарышся – сігай у халодную ваду з галавой. Гаспадар хаваў усмешку пад густой, кучаравістай барадой – чорнай з пробліскамі сівізны. – Па ўласным праекце лазню ставіў. Дый рабіў усё больш уласнымі рукамі. – Значыць, не толькі пра пчальнік клопат? – Пчальнік – аснова... Рыхтуючыся прымаць гасцей, гаспадар арганізаваў адмысловае лежбішча для адпачынку. Паміж высознымі соснамі накідаў тоўстым пластом духмянага сена, накрыўшы яго саматканымі посцілкамі. Абцяжараны застоллем, я не прамінуў бухнуцца на пругкі сянны ложак. І паплыло. Закружыліся ў карагодзе вершаліны соснаў, зашапталіся паміж сабой галіны бяроз, а над соснамі, над бярозамі адкрылася такая бяздонная высь, што ажно сэрца сунялося, замёрла. Побач рабілі сваю звычайную работу пчолы. Іх было шмат, і кожная ведала свой маршрут над вуллямі, свой ляток. А тых вулляў, пафарбаваных ва ўсе колеры вясёлкі, стаяла ў шахматным парадку мо з паўсотні. Як у хісткім марыве ўсплыла далёкая-далёкая карцінка з дзяцінства. Мы з бацькам, які вывучыўся на саўгаснага бухгалтара, гасцюем у дзеда. Майго роднага дзеда Азара. Ці то ў дзяцінстве ўсё здаецца большым, чым яно на самай справе, ці то сапраўды было так, але блюзніцца мне, што Азарава барада была ці не ўдвая большая, чым у тутэйшага пчаляра. Дзед Азар таксама быў пчаляром. Толькі ў яго садзе стаялі не домікі-вуллі, а таўшчэзныя калоды. Бацька пасля расказваў, што на дрэвах у суседняй дуброве вісела яшчэ з дзесятак дзедавых калод. Без чыёйсьці дапамогі зацягваў іх Азар на дубы – такой сілы і такога спрыту быў мой дзед. Славіўся дзедаў пчальнік лячэбным мёдам. З Быхава і з самога Магілёва прыязджалі да Азара па гэты мёд. Не адмаўляў. А сваіх хворых вяскоўцаў, калі іх дапякала прастуда ці якая іншая немач, паіў лекамі, прыгатаванымі з настоеных на мёдзе лячэбных траў. Сам жа лячыўся крутой медавухай, згатаванай па ўласным рацэпце. Потым была калектывізація. Дзедаў пчальнік стаў калгасным. А паколькі Азар быў чалавек упарты, іншым разам нястрыманы і не вельмі паважаў начальства, спрачаўся па кожнай бязладнай праяве, яго адлучылі ад пчальніка. І магутны дзед Азар зачах. Сядзеў гадзінамі на прызбе і глядзеў на пусты сад. Калоды як адну перавезлі ў суседнюю вёску. Сказалі: бліжэй да грачнёвага поля. Гады праз два калоды стаялі пустыя — застаўся толькі пах мёду. Агорнуты ўспамінамі, я і не заўважыў, як падышоў барадаты гаспадар. Ён жартаўліва пацягнуў мяне за нагу і засмяяўся: — Разамлеў пад пчаліны звон. Э-э, ён як ласкавая музыка. Закалыхвае і ўсыпляе... Але ўставай. Халоднай медавухай пачастуемся. Дзедаву медавуху мне з-за маленства піць не давялося. А тут што ж! Налівай ды чокнемся за прыязнасць, за гасціннасць, за гэты цудоўны пчальнік, каб яго не рэквізавалі і не збэсцілі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter