Какие насекомые особенно почитались в народных традициях белорусов

Пчаліца-дзявіца і яе сябры

Ва ўсіх асноўных жанрах традыцыйнай народнай культуры — у паданнях, казках, павер’ях, песнях, замовах, рытуалах, варожбах, гульнях — часта згадваюцца насякомыя. Цікава, чаму нашы продкі надавалі вялікае значэнне мухам, павукам, жукам ды пчолам? Паходжанне некаторых насякомых звязваюць нават з дзейнасцю Грамавержца Перуна (Ільі Прарока).

Этнографы сцвярджаюць, што ва ўяўленнях нашых прашчураў розныя віды насякомых суадносіліся з рознымі часткамі касмічнай прасторы. Напрыклад, з верхняй зонай космасу звязвалі божую кароўку, з сярэдняй часткай — пчалу, а з ніжняй — машкару. Нават некаторыя жукі атрымалі назвы: алень, конік, кабылка. 

Стракатанне. У даўнія часы насякомае конік (рус. кузнечик) называлі Божым конікам, а яго стракатанне параўноўвалі з іржаннем каня.

Асаблівай увагай карысталася пчала. Па павер’ях, гэта божае стварэнне, дачка бога Ярылы. Меркаванне, што пчолы водзяцца толькі ў добрых людзей, існуе і сёння. Па адной з легенд, пчолы з’явіліся са слёз прыгожай дзевы, якая сядзела на камені пасярод сіняга мора. Яе слёзы расчулілі Спаса, які ішоў па моры, і ён ператварыў іх у пчол, а з яго слядоў утварылася пчаліная матка. У замовах пчалу завуць «дзявіца-пчаліца», а ў валачобных і калядных песнях пчаліная матка атаясамліваецца з Прачыстай — папярэдніцай нейкага язычніцкага жаночага боства. У міфалагічных уяўленнях пчолы часта суадносяцца з зоркамі, кроплямі дажджу, іскрамі агню.

Паводле паданняў, у пчалы быў брат — павук. Калі памірала іх маці, прыляцела сарока (спачатку да пчалы, а потым да павука) і паведаміла сумную вестку. Пчала адразу кінула працу і паляцела да маці. Павук жа не перапыніў свайго занятку. За гэта маці пракляла яго. Таму ён вечна будзе ткаць павуцінне і ніколі не скончыць.

Па паводзінах павука таксама прадказвалі надвор’е. Калі ён у хаце спусціўся па павуцінні, чакайце гасцей. Пры выбары месца для новага дома спачатку ставілі на зямлю пусты збан, чакалі, калі павук сатчэ там павуцінне, і толькі тады гэта месца прызнавалі ўдалым.

Лічылася, што павук прыносіць у дом дабрабыт. Адсюль з’явіўся звычай рабіць саламяныя ўпрыгажэнні — павукі. Іх вешалі над сталом напярэдадні Каляд і Вялікадня. Такая традыцыя тлумачылася так: «Павук свет снаваў, а значыць, ён сваім прадзеннем і ткацтвам ствараў Сусвет».

Цікавая дэталь: у некаторых рэгіёнах Палесся павука, які жыве ў доме, лічылі нават гаспадаром. Лічылася, што яго нельга чапаць або выкідваць, бо ён прыносіць багацце і дабрабыт.

Побач з пчалой у беларускай міфалогіі стаіць чмель. Разам яны выступаюць як мужчынскі і жаночы пачатак.

Мужчынскую сімволіку ў беларускім фальклоры ўвасабляў і шэршань. Лічылася, што Бог стварыў пчол для дабрабыту чалавека, а чорт пачаў выпрошваць у Бога некалькі пчол сабе. Бог раззлаваўся і кінуў частку насякомых на чорта. Ад гэтага пчолы павялічыліся ў памеры і сталі больш кусацца. Ёсць таксама павер’е, што восы і шэршні — пчолы, заклятыя чорнымі чараўнікамі.

З вобразам чалавечай душы звязвалі жука. Па павер’ях, у жука на Купалле можа ператварацца ведзьма. Сярод жукоў найбольшая ўвага заўсёды надавалася божай кароўцы. Беларусы яе яшчэ звалі Багоўка, Памётка, Клемка, Ядзерка, Петрык, Ведрык. У фальклоры божая кароўка выконвала ролю пасланніцы да Бога або жонкі Грымотніка. У апошнім выпадку яна была пакарана сваім мужам: абпалена агнём за здраду і саслана на зямлю, дзе вельмі сумавала па сваіх нябесных дзетках. У той жа час гэты жучок ускосна звязваўся і са светам мёртвых, увасабляў душы памерлай жывёлы, якая пасвіцца на тым свеце. Па палёце божай кароўкі варажылі пра надвор’е і асабісты лёс.

3 вобразам душы памерлага чалавека звязвалі матылька. Яго двайное нараджэнне (спачатку вусень, а потым і сам матыль) надавала насякомаму вялікую таямнічасць. Уяўленні пра матыля як пра душу памерлага продка далі падставу меркаваць, што ён — прадвеснік смерці. На Палессі кажуць: калі шмат матылёў ляціць у хату, можа здарыцца штосьці нядобрае.

ПРЫКМЕТЫ

♦ Лічылася, што калі пчала выходзіць з вулля пасля Благавешчання, лета будзе ўраджайнае, а калі раней — дрэннае.

♦ Калі клылатая працаўніца позна ўвечары вяртаецца ў вулей, трэба чакаць дажджу, а калі на заходзе сонца яна ўжо ў вуллі — будзе добрае надвор’е.

♦ Вясной многа жоўтых і чырвоных матылёў? Лета будзе сухое і дасць багата мёду. А калі мноства белых — чакайце дажджлівага лета, але каровы будуць даваць шмат малака. 

kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter