Дорога жизни директора Ельской вспомогательной школы-интерната Якова Дмитриевича Липского

Пайсці, каб вярнуцца

Карэспандэнт «СГ» пагартала старонкі аўтабіяграфічнай кнігі дырэктара Ельскай дапаможнай школы-інтэрната Якава Ліпскага.

Неаднойчы мне даводзілася сустракацца з цікавымі людзьмі, слухаць доўгія аповеды пра лёс, жыццёвы і працоўны шлях, а потым выкладаць свае думкі і ўражанні на паперу, каб данесці іх чытачам нашай газеты. Часцей за ўсё знаёмства адбывалася незапланавана і нечакана, і, можа, таму пасля размовы след аб ім асядаў у сэрцы надоўга. З чалавекам, пра якога хочацца расказаць зараз, пазнаёмілася спачатку праз яго кнігу «Шлях да сябе». Зацікавіла, хто ж такі сам аўтар — Якаў ЛІПСКІ (на здымку)? Які шлях да сябе ён шукаў? Адкуль ён бярэ вытокі?


Сям’я Сумнікаў


Дзяцінства Якава, які нарадзіўся 25 ліпеня 1948 года, прайшло ў невялічкай вёсцы Новае Палессе Лельчыцкага раёна, якая да асушэння тутэйшых балот называлася Каросцін. Прозвішча Ліпскі ў гэтых краях нярэдкае, свой след адбіў яшчэ прадзед хлапчука Янка, пакінуўшы пасля сябе шматлікіх нашчадкаў, у тым ліку і хлапцоў. Але ўвесь род, дзякуючы таму самому прадзеду, называлі Сумнікамі, бо той часта паўтараў: «Як сумна, аж страшна». Гаспадарку нажывалі цяжкай і нястомнай працай. Бацькі Дзмітрый Якаўлевіч і Антаніна Міхайлаўна, акрамя Якава, пусцілі ў свет яшчэ дачку і двух сыноў. Галава сям’і вярнуўся з Вялікай Айчыннай інвалідам, працаваў лесніком. Старэйшы сын узяў на сябе дапамогу па выхаванні малодшых братоў і сястры. Як і астатнія вясковыя хлапчукі, дапамагаў даглядаць карову, каня Ваську, свіней ды курэй.

Сельскія ўніверсітэты


У шэсць год Якаў разам са сваімі равеснікамі адправіўся спасцігаць навуку ў Карасцінскую сямігодку, але давалася яна туга, асабліва чытанне. Затое праявіліся здольнасці да царыцы навук — матэматыкі. Саматканая льняная вопратка з абструганымі галінкамі на нітачках замест гузікаў і палатняная торбачка — партрэт звычайнага вясковага вучня таго часу. Адклаўся ў памяці хлапчука дзень 12 красавіка 1961 года, калі ў хаце ладзілі застолле ў выпадку першага палёту чалавека ў космас. А праз некалькі дзён настаўнік матэматыкі арганізаваў для дзяцей падарожжа, на якое трэба было бацькам раскашэліцца аж на 10 рублёў. Дабіраліся на цягніку, цеплаходзе і аўтобусе ад Карасціна праз Пертрыкаўскі раён, Калінкавічы, Лельчыцы і назад...

Гады навучання ў школе праз шмат часу засталіся недзе там, у патаемным куточку сэрца. Якаў не забыўся, як выступаў на сцэне, спяваў, танцаваў… Памятае свой першы навамодны гардэроб — вельветавы касцюм — падарунак дзядзькі Аляксандра. І першы калгасны трактар «Сталінец», і зернеўборачны камбайн з прычапным капакладам. І сваю працу на трохклапанным культыватары для апрацоўкі кукурузы, на якім з 14 гадоў пачаў зарабляць свае першыя працадні. З усмешкай успамінае спробу стаць сапраўдным дарослым кавалерам для такой жа «вопытнай» дзяўчынкі Валі. Толку з гэтай спробы не было аніякага, затое зведаў смак першага юнацкага пацалунка. У восьмы клас хлопец пайшоў у Замошскую школу, камсамольцам стаў у Стадоліцкай. Тое, што не давалася ў першым класе, у старэйшых ішло як па масле. Зачытваўся кнігамі Дзюма, Твена, Лынькова, Маўра, Коласа, Мележа… Атэстат аб заканчэнні сярэдняй школы Якаў атрымаў ў школе № 1 Лельчыц.

Дарога ў дарослы свет


Гістарычны факультэт Магілёў­скага педагагічнага інстытута так і застаўся марай, пасля другога экзамену юнак вырашыў забраць дакументы, бо, гледзячы на набраныя балы, зразумеў: конкурс тры чалавекі на месца з такой лічбай яму не пацягнуць. Вярнуўся дадому, але жаданне звязаць сваё жыццё з працай у школе не знікла. Таму Якаў адразу згадзіўся, калі з’явілася магчымасць выкладаць матэматыку ў Першамайскай сярэдняй школе. Маладому настаўніку дадалі гадзіны фізкультуры, працы і фізікі. Энергія і напорыстасць дапамаглі звярнуць на сябе ўвагу кіраўніцтва мясцовага калгаса імя Чапаева. Першая прыступка па кар’ернай лесвіцы была ўзята, яго абралі сакратаром калгаснай камсамольскай арганізацыі. Першапачатковай і галоўнай задачай пачынаючага кіраўніка стала аб’яднанне моладзі. З цягам часу яму гэта ўдалося. Тут у ход пайшлі не толькі арганізатарскія, але і творчыя здольнасці.

Паміж школай і партыйнай працай


У 1967 годзе на пасадзе інструктара Лельчыцкага райкама камсамола з’явіўся новы чалавек. Той самы Якаў Ліпскі. Праз год другое прызначэнне — загадчык школьнага аддзела і адначасова старшыня раённай піянерскай арганізацыі. Потым, меўшы ў кішэні партбілет, ён становіцца другім сакратаром абкама камсамола. Памятаючы ўвесь час пра сваё жаданне працаваць у школе, малады чалавек вырашыў вярнуцца ў адукацыю. Яго накіравалі ў Стадоліцкую сярэднюю школу ў якасці арганізатара пазакласнай работы. Завочна ў 1972-м скончыў біялагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, а напрыканцы года Якава Дзмітрыевіча абралі вызваленым сакратаром партыйнай арганізацыі калгаса «Прагрэс» Лельчыцкага раёна.

Выхаванцы школы-інтэрната збіраюць ураджай.

Заручоныя на ўсё жыццё


Успаміны аб Стадоліцкай школе ў Якава Ліпскага звязаны з адной з самых важных жыццёвых падзей — сустрэчай з калегай-гісторыкам Ліліяй Сасноўскай, якая 30 снежня 1972 года стала яго жонкай. Маладыя атрымалі невялікую двухпакаёвую сялянскую хатку паміж будынкамі калгаснага праўлення і школай. Вяселле гулялі з размахам, прысутнічала больш за 30 чалавек. Калгас дзеля такога свята нават выдзеліў авечку. У новы, 1973 год новаспечаныя муж і жонка ўвайшлі разам. Праца працай, але службу ў арміі ніхто не адмяняў. Каханая паспела нарадзіць сына, часова пераехала да бацькоў у Чачэрск, а яе муж, навабранец-пераростак, праз месяц адправіўся ў марскую пяхоту Балтыйска. У складзе Чарнаморскага флоту адстойваў і абараняў заваёвы сацыялізму ў далёкай Гвінеі. Падчас разлукі да родных ляцелі частыя паштоўкі, а яны дасылалі вестачкі аб тым, з якім нецярпеннем чакаюць вяртання дамоў мужа і таты. Дахаты марак вярнуўся ў званні сяржанта і з падарункамі для жонкі і сына. Забягаючы наперад, скажу, што ў сям’і Ліпскіх сын, дачка і трое ўнукаў. Два фамільныя дрэвы, як жартуе Якаў Дзмітрыевіч, — ліпа і сасна — пусцілі добрыя і трывалыя карані.

Пошук шляху


Пасля дэмабілізацыі паўстала пытанне: дзе жыць? Асесці каля бацькоў Ліліі ў Чачэрску ці вяртацца на малую радзіму гаспадара ў Лельчыцкі раён? Прынялі рашэнне абраць раён, дзе нарадзіліся жонка і сын. Там пачалася кар’ера Якава Дзмітрыевіча як сакратара парткама і намесніка старшыні калгаса імя Кірава, намесніка загадчыка аддзела агітацыі і прапаганды Чачэрскага райкама… У час вучобы ў складзе розных груп па лініі ЦК КПБ ён выконваў партыйныя даручэнні: збіраў інфармацыю, пісаў даведкі. А наперадзе чакала доўгае жыццё і праца ў Ельску.

За два тыдні да аварыі на Чарнобыльскай АЭС Ліпскі прыбыў у Ельск. Напярэдадні трагедыі новы другі сакратар райкама партыі прыступіў да сваіх абавязкаў. Аб тым, што за бяда здарылася, яшчэ ніхто не ведаў. У першамайскай святочнай дэманстрацыі на цэнтральнай плошчы горада сабралася і кіраўніцтва, і жыхары. Страх, што людзі апынуліся ў цяжкай і небяспечнай сітуацыі, калі трэба было не па сваёй волі пакідаць родныя хаты, з’явіўся крыху пазней. Потым былі доўгія гады аднаўлення і аздараўлення абпаленай атамам зямлі. І зараз у Ельску кіпіць жыццё, як быццам і не было той навалы, якая нечакана ўварвалася ў кожны дом. Перажыла гэтую бяду разам з астатнімі жыхарамі Ельска і сям’я Ліпскіх, але нікуды з роднай Гомельшчыны не з’ехала. Каля паўгода Якаў Дзмітрыевіч узначальваў Акцябрскі райкам партыі, а ў лістападзе 1991-га стаў кіраўніком адной з сярэдніх школ Нароўлі.

Трэба, магчыма, было прайсці чалавеку праз столькі пасад, каб на ўсё астатняе жыццё звязаць сябе з той справай, да якой заўсёды цягнула сэрца, — выхаваннем дзяцей. З 1993 года і па сённяшні час Якаў Ліпскі кіруе Ельскай дапаможнай школай-інтэрнатам. Без малога тры дзясяткі гадоў ён прысвяціў стварэнню найлепшых і камфортных умоў для маладога пакалення. Надараліся і цяжкасці, калі трэба было сваімі сіламі апрацоўваць некалькі гектараў зямлі, выдзеленай інтэрнату, каб палепшыць якасць харчавання выхаванцаў. Пабудавалі свой свінарнік, агароднінасховішча, запраўку, адрыну, канюшню, цяпліцу, лазнева-пральны камбінат, а ў старой лазні пачалі вырошчваць вешанкі. Заклалі яблыневы сад, вінаграднік, якія і цяпер даюць добрыя ўраджаі. Працавалі разам, талакой: і настаўнікі, і дзеці. Дзякуючы намаганням дырэктара, дапамозе і падтрымцы розных арганізацый і проста нераўнадушных людзей у выхаванцаў з’явілася магчымасць займацца ў класе рытмікі, прыгожых і абсталяваных класах і спартыўных пляцоўках, жыць у новых утульных пакоях.

У Якава Дзмітрыевіча шмат узнагарод, але самая цікавая — пасведчанне аб занясенні ў кнігу рэкордаў «Абласны педагагічны алімп», якое выдаецца ўпраўленнем адукацыі Гомельскага аблвыканкама. Канечне, ёсць людзі, гісторыя якіх больш насычаная рознымі жыццёвымі момантамі, але пра кожнага з нас можна расказаць нешта сваё, адметнае. Далёка не ўсе, прайшоўшы доўгі жыццёвы шлях, могуць падвесці вынікі: што правільна зрабілі, а дзе памыліліся. Каму прынеслі дабро, а каго пакрыўдзілі. Што б выправілі пры магчымасці, а што пакінулі б нязменным.

— Я не проста шчаслівы, а вельмі шчаслівы чалавек, — кажа мне Якаў Дзмітрыевіч. — Праз усе пасады прыйшоў да той, якая цягнула з юнацтва. 26 гадоў кірую школай-інтэрнатам, дзе выхаванцы атрымліваюць пуцёўку ў дарослае самастойнае жыццё. Разам са мной працавалі і працуюць таленавітыя і цікавыя людзі. Калектыў інтэрната вялікі і падрыхтаваны — 76 чалавек. З іх 35 настаўнікаў, усе маюць вышэйшую адукацыю, а 19 — вышэйшую катэгорыю. Сёння ў нас 50 выхаванцаў, у асноўным з Палескага краю, значная частка з Ельска. Я на сваім месцы. Выхаваны як ідэолаг, бо тыя пасады, якія займаў, былі звязаны з працай з людзьмі. На Гомельшчыне праводзіцца конкурс на лепшую пастаноўку ідэалагічнай працы ў калектывах. У бягучым годзе ў гэтай намінацыі наш калектыў заняў першае месца. Да дыплома дадалі 300 базавых прэміі, якая пойдзе на далейшае развіццё інтэрната. Мусіць, большую ўзнагароду ў жыцці не атрымліваў і нават не марыў атрымаць.

ДАВЕДКА «СГ»

За 26 гадоў, на працягу якіх інтэрнатам кіруе Якаў Ліпскі, са сцен выйшлі каля 500 выхаванцаў. Гэта дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія патрабуюць большай увагі і аддачы з боку дарослых. З гэтай мэтай створаны 11-ы і 12-ы класы з паглыбленай прафесійнай падрыхтоўкай. Пасля заканчэння хлопчыкі атрымліваюць пасведчанні слесара па рамонце сельгастэхнікі, дзяўчаты — агародніка, санітаркі. У 2019 годзе з’явілася новая і самая запатрабаваная спецыяльнасць — жывёлавод. Разам з дырэктарам КСУП «Совхоз «Коммунист» Ельскага раёна Рыгорам Бабчанком стварылі дом сямейнага тыпу. Пасля навучання ў інтэрнаце выхаванцаў накіроўваюць у сельгаспрадпрыемства, дзе выпускнікі атрымліваюць жыллё і ўладкоўваюцца на працу.

chasovitina@sb.by

Фота  з архіва Якава ЛІПСКАГА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter