«Беларусь 3» отмечает в эфире Международный день родного языка

Павіншуйце мову са святам

Сёння ў кожнага жыхара гэтай планеты ёсць нагода для цудоўнага свята. Бо менавіта ў гэты дзень, 21 лютага, ва ўсім свеце па ініцыятыве ЮНЕСКА адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Галоўны культурны канал Белтэлерадыёкампаніі таксама далучыўся да незвычайнай міжнароднай акцыі. Цягам дня «Беларусь 3» прапануе сваёй аўдыторыі цалкам беларускамоўны (!!!) эфір з лепшымі тэлепраектамі ўласнай вытворчасці, а таксама мастацкімі і дакументальнымі стужкамі на роднай мове. У дадатак гледачоў чакаюць розныя выпускі пазнавальных праектаў, якія адлюстроўваюць самыя розныя бакі нашай спадчыны.

Гераіняй фільма-партрэта пра таленавітую беларускую моладзь з цыкла «На вышыні» стане паэтэса Кацярына МАССЭ.

На крывой казе не пад’едзеш

Так, напрыклад, праграма «Жывая культура», якая распавядае пра нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці беларусаў, пакажа традыцыйны вясельны каравай на Ваўкавышчыне. Дарэчы, вядучая праекта Кацярына Ваданосава разам са здымачнай групай ужо аб’ехала практычна ўсю Беларусь і адзначае, што кожная з абласцей — адметная ды непаўторная і ўвогуле людзі ва ўсіх рэгіёнах розныя: 

— Прычым часта памiж сабой адрознiваюцца не толькi вобласцi, але i блiзкiя адзiн да аднаго раёны. Нават жаночыя строi ў суседнiх вёсках могуць быць кардынальна розныя. Што тычыцца жыхароў, то, напрыклад, у тым жа Лельчыцкiм раёне жывуць сапраўдныя палешукi: закрытыя, валявыя. Гэта людзi, якiя вельмi моцна стаяць на сваiм, да iх, як кажуць, на крывой казе не пад’едзеш. А, напрыклад, у Гродзенскай вобласцi, асаблiва ля польскай мяжы, людзi нясуць сябе як шляхцiцы, там у любога чалавека з любой вёскi ёсць унутраны стрыжань, якi дазваляе iм пастаянна трымаць спiну прама i перыядычна гаварыць пра сябе ў трэцяй асобе.

А 10-й гадзіне чакаем у эфіры праект «Артэфакты», што разам з гісторыкамі, археолагамі, краязнаўцамі ды калекцыянерамі раскрывае гісторыю матэрыяльных артэфактаў, а гэтым разам распавядзе гледачам пра Статут Вялікага Княства Літоўскага. У 10.25 будзе магчымасць дзякуючы «Архітэктуры Беларусі» апынуцца ў сядзібе Агінскіх, а «Народны майстар», адна з навінак тэлесезона 2019/2020, прысвечаная сябрам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, у 15.40 прапануе бліжэй пазнаёміцца з жыццём і творчасцю вядомай ткачыхі традыцыйнага беларускага адзення Людмілы Кавалёвай.
Паводле звестак ЮНЕСКА, з 6000 моў, якiя iснуюць на нашай планеце, палове ў той цi iншай ступенi пагражае знiкненне
Погляд з 17-га паверха

Увечары ў 23.05 гераіняй фільма-партрэта пра таленавітую беларускую моладзь з цыкла «На вышыні» стане паэтэса Кацярына Массэ. У 2012 годзе ў выдавецтве «Чатыры чвэрці» пабачыў свет першы паэтычны зборнік мінскай школьніцы Каці Массэ. Пасля выйшаў яшчэ адзін — і вось у дзяўчыны ўжо пайшлі аўтограф-сесіі, імпрэзы, чытанні... Як і дзе апублікавацца аўтару-пачаткоўцу, наколькі цяжка знайсці свайго чытача і ці трэба рабіць спробу паспець за густам сённяшняй моладзі? Адказы — у гераіні праекта. Да слова, здымкі кожнага выпуску праграмы сапраўды праходзілі на вышыні — на даху 17-павярховага бізнес-цэнтра.

Адразу пасля гэтага выпуску ўсіх аматараў роднага слова запрашае да экранаў дакументальны тэлефільм «Майстэрня. Гісторыя аднаго мастака», які гэтым разам распавядзе пра творчы лёс Паўла Татарнікава. Нагадаем, што гледачы гэтага праекта змогуць не толькі ўбачыць, як ствараецца сапраўднае мастацтва, але і дазнацца пра шмат незвычайных гісторый з жыцця мастака. 

Ну а сярод фільмаў, якія тэлеканал прапануе да прагляду ў адметны дзень шанавання роднай мовы, — гістарычная драма «Анастасія Слуцкая», народная камедыя «Свежына з салютам», а таксама дакументальная стужка «Мяжа» і цудоўны фільм «Залатыя рыбкі музыкі Станіслава Манюшкі», зняты Белтэлерадыёкампаніяй да 200-годдзя з дня нараджэння вядомага кампазітара. Усе фільмы канал адмыслова пакажа на беларускай мове. 

Акрамя таго, у 18.45 тэлеканал запрашае апантаных тэатралаў на юбілейны творчы вечар заслужанай артысткі Беларусі Тамары Міронавай, запісаны 9 лютага ў Купалаўскім тэатры. Праграму вечара таксама складаюць фрагменты спектакляў з удзелам шаноўнай імянінніцы.

Напрыканцы адзначым, што 21 лютага «Беларусь 3» павіншуе з днём нараджэння дырыжора Міхаіла Фінберга: у 12.20 маэстра стане госцем праекта «Майстры і куміры», а адразу пасля гледачоў чакае канцэртная праграма «Купала і Колас. Вы нас гадавалі» Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Якаўлевіча.

leonovich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter