Интересная инструкция для абитуриентов. В Минске создали квест для тех, кто хочет стать студентом

Паступай гуляючы

Студэнты 1—2-га курса спецыяльнасці «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у гульнявой індустрыі)» стварылі гульню-квэст «Падай дакументы ў БДУІР», каб «пракачаць» на справе веды, якія ім далі ў ВНУ, і пры гэтым даць цікавую інструкцыю абітурыентам аб праходжанні ўсіх этапаў уступнай кампаніі. Карэспандэнт «Р» пазнаёмілася з першай у краіне падобнай гульнёй.

Адна гульнявая сесія доўжыцца ў сярэднім 2-3 хвіліны.
Фота аўтара

Перш папрацуй, а тады й патанцуй… Студэнты і выкладчыкі ВНУ, якая выпускае лепшыя кадры ў галіне сучасных тэхналогій, вырашылі сумясціць прыемнае з карысным. Як працуе гульня, зараз мне пакажуць. Начальнік цэнтра інфарматызацыі і інавацыйных распрацовак БДУІР Сяргей Мігалевіч, а таксама студэнт 2-га курса факультэта інфармацыйных тэхналогій і кіравання Дзмітрый Маісеенка вядуць, вядома ж, адразу за камп’ютар.

— У пачатку лета ў нас з'явілася задумка зрабіць на час прыёмнай кампаніі нейкую фішку, якая магла б дапамагчы абітурыенту арыентавацца падчас кампаніі ў корпусе, дзейнічаць па тэхналогіі падачы дакументаў, — расказвае Сяргей Мігалевіч, пакуль запускаецца гульня, якая даступная ў вэб-версіі і ў мабільнай. — Мы абмеркавалі гэтае пытанне з прыёмнай камісіяй і яе члены падтрымалі задумку: абітурыенты, па сутнасці, будуць прыходзіць ва ўніверсітэт з поўным пералікам дакументаў.

Сяргей Мігалевіч, Дзмітрый Маісеенка (злева направа): «Праект будзе і далей паляпшацца»

Так, задача зразумелая. Але ж віртуальная экскурсія па ўніверсітэце ёсць ужо даўно. Трэба было нешта новенькае... Старэйшы выкладчык кафедры вылічальных метадаў і праграміравання Вольга Шацілава аб'яднала студэнтаў на факультатыве, дзе яны б маглі ствараць гульні, праз якія абітурыенты, а гэта часцей моладзь 17—19 гадоў, без цяжкасцей знаёміліся б з уступнай кампаніяй.

— Нам гэта было цікава, таму што такім чынам мы правяраем свае навыкі на канкрэтнай справе. Я сам летам працую аператарам прыёмнай камісіі і бачыў, што абітурыенты падчас уступнай кампаніі ў некаторых пытаннях губляюцца. А гульня, якую ёсць магчымасць прайсці хоць з камп’ютарам дома, хоць з дапамогай смартфона ў метро, сітуацыю зможа выправіць — абітурыенты прыйдуць да нас падрыхтаванымі, — уступае ў размову Дзмітрый Маісеенка. — Усе студэнты, якія працавалі над праектам, добра валодаюць 2D- і 3D- графікай, захапляюцца гейм-дызайнам. У нас студэнт нават пад кожную гульню сваю музыку напісаў.

Пачалася гарачая работа, бо факультатыў прыйшоўся якраз на час сесіі. Але каманда размеркавала абавязкі, і кожны ўзяўся за стварэнне сваёй міні-гульні. Дзмітрый павінен быў аб'яднаць іх у адно цэлае. Мазгавыя штурмы, праца па вечарах і начах — і першы прататып з'явіўся. Каманда таксама «зняла меркі» з ВНУ, зрабіўшы віртуальную мадэль корпуса БДУІР дакладна такім, які ён ёсць. Пад кожную гульню стварылі апісанне ў стылі гаворкі моладзі, дадалі і апісанне ўсіх этапаў падачы дакументаў. 

— Праз гульні хлопцы і дзяўчаты знаёмяцца са спецыфікай факультэтаў, — паказвае, як усё працуе, Сяргей. — Вось, напрыклад, вядомая гульня «Пакман». У ёй таму, хто хацеў бы паступіць на кафедру прамысловай электронікі, трэба вылічыць перашкоды і ўстараніць іх. Амаль як у жыцці, толькі весялей — ёсць схемы, ланцугі і перашкоды. Прыбраў апошнія — сігнал ідэальны. Значыць, гульня пройдзена. Так падчас гульні можна нават выбраць, на якую спецыяльнасць лепш паступіць, якія дакументы для гэтага патрэбныя, куды іх несці і нават на якую спецыяльнасць ісці, калі на ЦТ набраў менш балаў, чым чакаў.

Спрабую прайсці гульні і я. Мне, напрыклад, нагадалі і пра тое, што трэба меддаведку праверыць, флюараграфію зрабіць, стварыць асабісты электронны кабінет у бібліятэцы, падрыхтаваць фота для студэнцкага... У цэлым уся прыёмная кампанія ў гульні для мяне ўклалася ў 10—15 хвілін. Падчас гульні «падавала» дакументы на інжынерна-эканамічны факультэт, дзе мне прапанавалі знайсці скрытыя паперы і рэчы — своеасаблівы тэст на ўважлівасць для будучых бухгалтараў. Пацешна, але ўсё пададзена практычна так, як у рэальнасці: жарты пра чэргі, курсавыя, ваенную кафедру...

— Кожная міні-гульня доўжыцца ў сярэднім 2—3 хвіліны. У канцы, калі ўсё прайшоў, на экране з'яўляецца код, які можна прад'явіць прыёмнай камісіі і атрымаць вясёлую наклейку са значком БДУІР, — паказвае Дзіма наклейку, якую, як адзін з распрацоўшчыкаў, наклеіў на памяць на тыльны бок смартфона. — Ужо цяпер прыходзяць абітурыенты, якія кажуць: «Мы ведаем, што і як рабіць, таму што прайшлі гульню». 

І хоць такой гульні няма ні ў адной ВНУ краіны, а Дзіма кажа, што нават і ў СНД яны піянеры, усё ж такі ў ёй яшчэ шмат недапрацовак. Абітурыенты, якія заўважылі «багі» — памылкі і дэфекты, ужо высылаюць рэкамендацыі і парады цяперашнім студэнтам ВНУ! Усіх іх з радасцю запрашаюць да ўдзелу ў паляпшэнні гульні.

— Яна застанецца на сайце ВНУ і далей, таму заўвагі і прапановы для нашага праекта можна адпраўляць на скрынку ўніверсітэта, — запрашае Сяргей. 

Пакуль ёсць 8 гульняў. Практычна ўсе яны звязаны з факультэтамі і выкананы ў іх стылістыцы, колеры і нават з лагатыпамі. Вядома, ёсць у гульнях і гісторыя стварэння ВНУ, з'яўлення факультэтаў і г.д. Але ў будучыні, інтрыгуюць, з'явяцца новыя функцыі ў праекце.

kasel@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter