Паспрабаваць усё і застацца ні з чым

Гадоў да трынаццаці я была ўпэўнена: мае бацькі — садысты
Гадоў да трынаццаці я была ўпэўнена: мае бацькі — садысты. У той час як аднакласнікі пасля ўрокаў кідалі партфелі і беглі гуляць на вуліцу, я ішла займацца то аэробікай, то гімнастыкай, то танцамі. Калі з “прыгожымі” відамі спорту было скончана, настаў час вялікай гульні — баскетбола. Заплюшчваю вочы, і ўспаміны накрываюць: чую гук рыпучых па паркеце красовак, бачу, як рука ўзнімаецца над галавой, чакаючы ўдалага моманту для кідка... А затым на гульні ставіць крыж трэнер: “Ты не зможаш гуляць у баскетбол. З тваім ростам табе тут рабіць няма чаго”.

Не спрачаюся, у шэрагу баскетбалістак я заўсёды стаяла апошняй. Але цяпер разумею, што, магчыма, з мяне выйшла б добрая разыгрываючая. Усё ж у цяперашняй выканаўцы гэтай ролі ў нацыянальнай камандзе Ліндсэй Хардзінг рост зусім не “гулівераўскі” — усяго 1,73 метра. Адмову баскетбола ад маіх паслуг я перажывала цяжка. І ўвесь час пыталася ў бацькоў: “А чаму вы не аддалі мяне ў іншы від спорту, дзе я магла б спатрэбіцца са сваім ростам?” Яны толькі разводзілі рукамі і казалі, што было б няправільна прымушаць мяне займацца тым ці іншым відам спорту.

І ў гэтым яны маюць рацыю. Прымушаць дзіця займацца спортам няварта. Яго можна і трэба захапіць. Знайшоўшы сярод мноства відаў той, які па-сапраўднаму зацікавіць вашага малога, вы пачнеце заўважаць у ім перамены: спачатку ён будзе радасна ляцець на трэніроўкі пасля ўрокаў, затым стане больш дысцыплінаваны і навучыцца правільна распараджацца ўласным часам. І, вядома, стане больш падцягнуты і здаровы.

Як выбраць від спорту, які найлепш падыдзе вашаму дзіцяці, і зберагчы яго ад псіхалагічнай траўмы? На што трэба звярнуць увагу ў першую чаргу? Якой павінна быць спартыўная форма? Аб гэтым і многім іншым — у нашым спецыяльным выпуску.

Таццяна Літвінава

infong@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter