Пасха – ажыўляючы глыток свежага паветра

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагiя...

«Хрыстус Уваскрос, Сапраўды Уваскрос!»

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагiя вернiкi, людзi добрай волi!

Гэтым пасхальным заклiкам вiтаю ўсiх вас у радаснае i збаўчае свята Уваскрасення Езуса Хрыста, калi мы адзначаем перамогу нашага Збаўцы над грахом, смерцю i злым духам. Гэтае свята паўтараецца кожны год, i мы ўжо так моцна прызвычаiлiся да яго, так што нярэдка кажам, што гiсторыю ўваскрасення Хрыста даўна ведаем. Аднак на самой справе свята Пасхi - гэта не мiнулая гiсторыя. Яно заўсёды актуальнае i дае нам новую надзею нават насуперак надзеi (пар. Рым 4, 18).

Сёння ва ўсiх хрысцiянскiх святынях - каталiцкiх, праваслаўных i пратэстанцкiх - гучыць радаснае "Аллелюя". Пасхальная радасць пранiкае ў нас да глыбiнi сэрцаў, бо таямнiца Уваскрасення з`яўляецца самай вялiкай праўдай нашай веры i вакол яе канцэнтруецца як жыццё Касцёла, так i нашае асабiстае.

Пасха абвяшчае нам вельмi важнае пасланне, што ў Хрысце Укрыжаваным i Уваскрослым любячы нас Бог прыносiць нам збаўленне i дае новую надзею. Уваскрослы Езус не вызваляе нас ад зла павярхоўна i часова, але радыкальна. Мы ўсе, ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, у смерць Ягоную хрысцiлiся, каб, як Ён уваскрос з памерлых, так i нам увайсцi ў новае жыццё (пар. Рым 6, 3-4), кажа святы апостал Павел.

Хаця ў Вялiкую пятнiцу здавалася, што Езус быў пераможаны i не засталося нiякай надзеi, аднак праўда Уваскрасення сведчыць аб перамозе жыцця над смерцю, любовi над нянавiсцю, мiласэрнасцi над помстай. Такiм чынам пасхальная таямнiца смерцi i ўваскрасення Хрыста кардынальна змяняе сiтуацыю чалавека i свету. Таму ўваскрослы Езус - гэта не мiнулае, але сучаснасць, дзякуючы якой змяняюцца свет i чалавек.

Пасха - гэта захапленне Богам, якi бязмежна любiць чалавека аж да такой ступенi, што паслаў свайго адзiнароднага Сына на крыжовую смерць, каб яго збавiць. Пасха - гэта гiсторыя ўкрыжаванага i ўваскрослага Хрыста, якi запэўнiвае нас у тым, што Бог не перастае нас любiць, нават тады, калi мы Яго прыбiваем да крыжа. Пасха - гэта магчымасць спаткацца з Хрыстом, якi прыходзiць да нас, каб запэўнiць нас у сваёй любовi, якая ратуе перад кожным вiдам смерцi - фiзiчнай, духоўнай, маральнай, грамадскай i г.д.

Недахоп веры ва ўваскрасенне Хрыста чынiць чалавека бязрадным перад аблiччам жыццёвых досведаў. Пусты гроб - гэта не толькi першы знак, якi Езус кiруе да жанчын, якiя прыйшлi намасцiць Яго цела, i апосталаў, але таксама сiмвал палохаючай пустаты, у якую трапляюць людзi, калi сярод iх няма Бога. Без Бога для чалавека ўсё здаецца пустым, бессэнсоўным i жахлiвым. Без Бога мы становiмся бездапаможнымi i блытаемся, як маленькiя, пазбаўленыя любячых бацькоў дзецi. Мы можам вытрымаць кожнае выпрабаванне i цярпенне, калi з намi ёсць Той, хто любiць i вучыць любiць. Гэта ўваскрослы Хрыстус, якi заўсёды ёсць з намi ў Святым Пiсаннi, сакрамэнтах i жыццi Касцёла. ён прабывае з намi, каб мы маглi спазнаць Яго любоў. Ён штодзённа запрашае нас, каб мы былi Яго вучнямi. А быць вучнем Хрыста - азначае любiць па Яго прыкладу.

Падчас пасхальнай вiгiлii вернiкi аднаўляюць абяцаннi хросту, што мае сваё вельмi вялiкае сiмвалiчнае значэнне. Святы апостал Павел вучыць, што ў сакрамэнце хросту мы былi пагружаны ў таямнiцу цярпенняў, смерцi i ўваскрасення Езуса (пар. Рым 6, 1-14). Кажучы iншымi словамi, у сакрамэнце хросту мы былi ўключаны ў пасхальную таямнiцу Хрыста, дзякуючы якой Ён ёсць з намi ў радасцi i смутку, у хвiлiны поспеху i паразаў. Так ёсць, бо, як кажа Апостал народаў, "ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус" (Гал 2, 20), i ўсе, хто ахрысцiўся ў Хрыста, у Хрыста апранулiся (пар. Гал 3, 27).

Сапраўды, у сакрамэнце хросту мы разам з Хрыстом памiраем для граху i разам з iм уваскрасаем для новага жыцця i такiм чынам становiмся Божымi дзецьмi. Дзякуючы хросту мы атрымлiваем новы хрысцiянскi стыль жыцця, пакiдаем грэх, каб жыць Божым жыццём.

Таму нам неабходна заўсёды iсцi на спатканне з уваскрослым Хрыстом, з якога нараджаецца вера. Чалавек павiнен адкрыцца на Бога i Яго заўсёды жывое i дзейснае слова (пар. Гбр 4, 12). Жыццё чалавека толькi тады мае сэнс, калi Ён з дзiцячым даверам прыходзiць да Бога i ў Яго шукае сiлы для таго, каб чынiць дабро i ўдасканальвацца i такiм чынам дасягнуць мэту свайго жыцця.

Мэтай жа хрысцiянскага жыцця ёсць падрыхтоўка да вечнага. I калi чалавек не рыхтуецца да свайго ўваскрашэння, то Ён падобны да сышоўшага з рэек цягнiка. Што адбываецца з цягнiком, якi сышоў з рэек? ён проста не едзе наперад. Ён напоўнены рознымi таварамi, якiя маюць вялiкую матэрыяльную каштоўнасць, але не перавозяцца на месца прызначэння.

Цi часамi падобнае не адбываецца з намi? Цi пасля завяршэння зямнога жыцця, калi цягнiк нашага жыцця ўжо не будзе iсцi наперад, мы зможам забраць з сабой у вечнасць нашыя матэрыяльныя каштоўнасцi i прыемнасцi? Не! Чаму ж тады мы так моцна клапоцiмся, каб мець велiзарныя дамы, нават палацы, дарагiя аўтамабiлi i iншыя каштоўнасцi? Чаму так шмат часу i сродкаў прысвячаем не заўсёды маральным прыемнасцям? Чаму ўзбагачаемся коштам iншых? Пасхальная таямнiца адчыняе нам дзверы ў вечнасць. Святы апостал Павел кажа, што мы паяднаемся з Езусам падабенствам уваскрасення (пар. Рым 6, 5) i наша жыццё будзе на нябёсах, адкуль мы чакаем Збаўцу Езуса Хрыста, якi нашае цела пераменiць так, што яно прыпадобiцца да Яго праслаўленага цела (пар. Флп 3, 20-21). Таму перад намi проста казачная перспектыва - быць так перамененымi, каб стаць падобнымi да Езуса.

У сувязi з секулярнымi тэндэнцыямi сучаснасцi паўстае пытанне: цi жывём мы, як тыя, хто верыць у такую слаўную будучыню? Калi так, то перад намi адкрываецца новая перспектыва, у якой тое, чым мы валодаем, не завалодае намi i мы не станем нявольнiкамi рэчаў i граху.

Евангелле распавядае нам, як жанчыны пайшлi да гробу Езуса, каб паводле габрэйскай традыцыi намасцiць Яго цела духмянасцямi. Яны былi заклапочаны, хто адсуне камень ад уваходу ў магiлу (пар. Мк 16, 1-3). Напэўна, яны спадзявалiся, што жаўнеры, якiя неслi варту калi магiлы Езуса, учыняць гэта. Але калi прыйшлi на месца, то, здзiўленыя, убачылi адсунуты камень i змаглi ўвайсцi ў грабнiцу.

Евангелле ўспамiнае землятрус, якi здарыўся ў той час, i анёл Пана зышоў з неба i адсунуў камень (пар. Мц 28, 2). Гэты землятрус з`яўляецца сiмвалам iншага землятрусу - а менавiта знакам прысутнасцi Бога, знакам новага стварэння, знакам вызваленага з грахоўнага палону чалавека.

Таксама запячатаны магiльны камень, якi быў знакам зямнога прызначэння Езуса i Яго пахавання сярод памерлых, быў адсунуты Божай моцай, што з`яўляецца новым знакам уваходу вечнасцi ў часовасць i перамогi жыцця над смерцю. Уваскрасенне ёсць новым пачаткам, новым днём, якi выконвае жаданнi i рэалiзуе надзею. Гэта ключ для разумення жыцця i смерцi, часу i вечнасцi. Слова "Пасха" азначае пераход. Сваiм уваскрасеннем Хрыстус завяршыў апошнi пераход ад смерцi да жыцця, ад старога свету ў новы свет i новы час збаўлення i Божага Валадарства.

Такiм чынам уваскрасенне Хрыста з`яўляецца ажыўляючым глытком свежага паветра як у нашым асабiстым жыццi, так i ў адносiнах памiж людзьмi, каб там, дзе дзьме вецер злосцi i нянавiсцi, запанавала згода; дзе пануе варожасць, настаў мiр; дзе прынiжэнне - пашана, i г.д. Можа, некаторым падаецца, што гэты глыток свежага паветра ў нас самiх, нашых сем`ях, адносiнах памiж народамi, - гэта не што iншае, як утопiя. Аднак пасхальная падзея нагадвае аб тым, што гэта не ўтопiя. Глыток свежага паветра на самой справе магчымы, бо ўваскрослы Хрыстус ёсць крынiцай надзеi, падобна як святло ў цемры.

Анёл Пана, якi знаходзiўся ў пустой грабнiцы, сказаў жанчынам: "Не бойцеся! Ведаю, што вы шукаеце Езуса ўкрыжаванага. Яго тут няма, ён уваскрос, як сказаў. (...) iдзiце хутчэй, скажыце вучням Ягоным, што Ён уваскрос i апярэджвае вас у Галiлеi" (Мц 28, 5-7). Потым яны спаткалi самога Езуса, якi iм сказаў: "Не бойцеся. Iдзiце, паведамiце братам Маiм, каб iшлi ў Галiлею, там Мяне ўбачаць" (Мц 28, 10).

Такiм чынам прыйшоўшыя да магiлы жанчыны сталi першымi евангелiзатарамi, бо абвясцiлi аб найбольш важнай падзеi ў гiсторыi чалавецтва - уваскрасеннi Езуса.

Галiлея - гэта месца, дзе жылi апосталы. Таму яны не павiнны былi чынiць нiчога надзвычайнага, каб спаткаць уваскрослага Езуса. Iм неабходна было толькi вярнуцца ў свае дамы, да сваiх заняткаў.

Часта мы пытаемся, дзе можам спаткаць Бога. Велiкоднае Евангелле дае адказ: "Там, дзе жывём i працуем, гэта азначае - у нашай Галiлеi". Неабходна толькi адчынiць Яму дзверы нашых сэрцаў.

Святкуючы урачыстасць Уваскрасення, мы адначасова вызнаём веру, што Езус ёсць Збаўцам свету i Збаўцам кожнага з нас. Перад аблiччам гэтай праўды мы не можам заставацца абыякавымi. Хрыстус не можа заставацца на перыферыi нашага жыцця, бо Ён ёсць яго цэнтрам. Вельмi прыгожа кажа псальмiст, што "камень, адкiнуты будаўнiкамi, стаў галавою вугла. Пан учынiў так, i дзiўна гэта ў вачах нашых" (Пс 118 (117), 22-23). Без гэтага каменя не можа быць будынку. Без Хрыста няма збаўлення i наша жыццё застаецца ў палоне смерцi i зла. Без Хрыста чалавецтва знаходзiцца ў вязнiцы розных формаў эгаiзму, зла, праступкаў, незахавання фундаментальных правоў i свабоды чалавека i цэлых народаў i г.д.

Як страшна гучаць словы "без Хрыста"! Гэта як быццам надзея на жыццё, справядлiвасць i мiр няўмольна накiравана на правал. Як быццам не было Уваскрасення i Езус усё яшчэ знаходзiцца ў магiле. Будучы Папа Бэнэдыкт XVI, яшчэ як кардынал Ёзаф Ратцынгер, казаў, што Вялiкая субота - гэта дзень, калi Езус знаходзiцца ў магiле. Цi гэта не сiмптом нашага часу? Цi не з`яўляецца наш час Вялiкай суботай i часам без Бога?

Жыццё без Бога i Божага закону; жыццё так, як быццам Бог не iснуе; жыццё нязгоднае з маральнымi нормамi; тэрарызм i акты насiлля; карупцыя i сацыяльная несправядлiвасць; забойства ненароджанага жыцця i амаральнае выкарыстанне дасягненняў генетыкi i многае iншае - гэта не што iншае, як жудасныя знакi адсутнасцi Бога ў нашым жыццi i адмовы ад веры ў Яго, якiя нараджаюць пагарду i непрыманне iншага чалавека, iгнараванне яго правоў i да т.п. Таму нам неабходна ўчынiць усё магчымае, а перадусiм малiцца, каб праўда ўваскрасення Хрыста стала рэальнасцю нашага жыцця, каб мы Бога не хавалi ў магiле, каб Ён быў у нашых сэрцах i каб мы жылi згодна з Божым законам, бо "Бог - наша прыстанiшча i сiла, надзейная дапамога ў нядолi" (Пс 46, 2). Дапамогай нам у гэтым ёсць Хрыстус, якi сказаў: "Будзьце адважнымi: Я перамог свет" (Ян 16, 33).

Няхай папярэджаннем у гэтым нам будуць словы сучаснага баварскага рэжысёра Аўгуста Эфердзiнга, што хто жэнiцца на духу часу, той хутка становiцца ўдаўцом.

Нам, людзям ужо XXI стагоддзя, Бог указвае жыццёвы шлях i запрашае, каб мы iм iшлi, бо толькi тады дойдзем да адпаведнага распазнання праўды Уваскрасення i паверым у яе. На гэтым шляху нам дапамагае сам Збаўца. Неабходна толькi Яго слухаць, як паслухаў Пётр i выплыў на глыбiню, каб злавiць шмат рыбы, хаця перад гэтым лавiў усю ноч i нiчога не злавiў (пар. Лк 5, 4-6).

Святло велiкоднай ранiцы асвятлiла цемру смерцi, радасць замянiла смутак, усмешка - цярпенне. Занепакоенасць будучыняй саступiла месца ўпэўненасцi i веры ў дзеянне Божай любовi.

Таму нашу надзею мы павiнны мець не ў людзях цi арганiзацыях, але ў Богу. Падчас розных крызiсаў грамадскiя настроi часта змяняюцца, аб чым вельмi добра сведчыць гiсторыя Вялiкага тыдня. У Пальмовую нядзелю людзi вiталi Езуса словамi "Гасанна Сыну Давiда", а ў Вялiкую пятнiцу патрабавалi Яго ўкрыжавання. Нiякая арганiзацыя i нават найбольш дасканалая грамадская сiстэма не ўратуе людзей ад крызiсу, бо яго прычына ў граху. Таму наша радасць павiнна абапiрацца не на чалавечы аптымiзм, але на праўду ўваскрасення Хрыста.

Мы павiнны прасiць Езуса даць нам удзел у Яго ўваскрасеннi i яго моцай нас так перамянiць, каб мы маглi адчуваць Яго, як жывога i дзейнiчаючага сярод нас, як кажа Папа Францiшак.

У касцёлах, цэрквах, кiрхах i малiтоўных дамах сёння гучыць радаснае "Аллелюя!". Узвесялiмся i мы! Праславiм ўваскрослага Пана радаснымi спевамi ў нашых святынях, актамi любовi - у сем`ях i ў нашай Айчыне. Абдымем нашымi малiтвамi як веручых, так i няверуючых, бо любоў Божая вылiлася на ўсiх людзей. Хрыстус Уваскрос, каб усе мелi доступ да нябеснага Айца. У духу веры падзелiмся велiкоднай радасцю з усiмi.

Складаючы адзiн аднаму святочныя зычэннi i дзелячыся традыцыйным велiкодным яйкам, сiмвалам жыцця, успомнiм таксама пра людзей, выключаных з сацыяльнага жыцця, пра зняволеных, адзiнокiх, хворых, пажылых, тых, хто працуе ў святочныя днi, каб дазволiць iншым адпачываць. Абдымем iх брацкай любоўю i падзелiмся з iмi велiкодным духоўным супакоем, якi прынёс нам уваскрослы Хрыстус. Няхай велiкодная радасць зыходзiць з нашых сэрцаў на ўсiх!

Дарагiя браты i сёстры, усе людзi добрай волi!

Сардэчна вiншую вас з радасным i збаўчым святам Уваскрасення Хрыста. Сёлета Пасха святкуецца ўсiмi хрысцiянамi разам. У гэтым мы павiнны бачыць знак Божага Провiду, якi заклiкае аб`яднаць нашы высiлкi для сумеснай абароны хрысцiянскiх каштоўнасцяў i больш моцнага абвяшчэння Добрай Навiны аб Езусе ўваскрослым.

Таму сёлетняя Пасха - гэта наша супольнае свята, з якiм вiншую ўсiх хрысцiян i людзей добрай волi i жадаю моцы Уваскрослага, Яго ласкi i супакою. Няхай у складанай рэчаiснасцi сучаснага свету яна сапраўды стане ажыўляючым глытком свежага паветра, якi вядзе да новага жыцця ва ўваскрослым Хрысце.

Гэтыя свае пажаданнi ўмацоўваю благаслаўленнем у iмя Айца, +  i Сына, i Духа Святога. Амэн.

Арцыбiскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВIЧ, Мiтрапалiт Мiнска-Магiлёўскi. Мiнск, 2014 г.Арцыбiскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ, Мiтрапалiт Мiнска-Магiлёўскi

Мiнск, 2014 г.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter