Дынастыя паштавікоў расказвае, як ужо 85 гадоў штодня прыносяць людзям лісты і газеты

Паштальён звонiць тройчы

Пераступаючы праз лужыны на бліскучым асфальце, па даўно знаёмым маршруце ідзе паштальён Наталля Гайдук. За плячыма — цяжкая торба з традыцыйным наборам. Лісты, газеты, заказы для старых. Наталля працуе ў невялікай вёсцы Гірмантаўцы ў 30 кіламетрах ад Баранавіч. Яна і кіраўнік аддзялення, і аператар, і паштальён. Даводзіцца няпроста.

Адна на 300 чалавек

Яе працоўны дзень распісаны па хвілінах, але аб тым, каб змяніць прафесію, Наталля Лявонцьеўна ніколі не задумвалася. Больш за чвэрць стагоддзя прысвяціла любімай справе. На пошце працавала яе мама, паштовым аддзяленнем у Баранавічах кіруе сястра. Іх агульны працоўны стаж — 85 гадоў! Сямейная справа, няйначай. І стаўленне да яе адпаведнае. Адказнае і паважлівае:

Маці і яе дочкі — тры паштальёны.

— Мы з сястрой ужо ў дзяцінстве ведалі, што станем паштальёнамі. З задавальненнем прыходзілі на пошту, дзе працавала мама. Слухалі, назіралі. Там заўсёды было шматлюдна. І атмасфера асаблівая. Сямейная амаль што. Ды і праца паштальёна здавалася неверагодна цікавай. Мама заўсёды была на добрым рахунку і пра сваю справу расказала толькі добрае. Людзі яе вельмі пава­жалі. І паважаюць дагэтуль.

Участак Наталлі Гайдук невялікі — тры вёскі, у якіх жыве каля 300 чалавек. Тым не менш за дзень паштальён праходзіць пяць-шэсць кіламетраў.

— У мяне пастаянная фізічная нагрузка. І працую, і спортам заадно займаюся, — усміхаецца Наталля Лявонцьеўна.

У вёсцы кожны навідавоку, шыла ў мяшку не ўтоіш. Але паштальён — аўтарытэт па-ранейшаму бесспрэчны. Да людзей, як і да працы, Наталля ставіцца з душой. Гэтаму яна навучылася ў мамы:

— Раней паштовае аддзяленне было месцам сустрэч. Вяскоўцы прыходзілі, дзяліліся і горам, і радасцю. Цяпер у многіх старых сіл прыйсці на пошту ўжо не засталося. Зазірнеш да іх, чымсьці дапаможаш, выслухаеш. Гэта таксама частка нашай работы. Яны раскажуць пра свае хваробы, пра тое, як жывуць іх дзеці, паведамяць апошнія сельскія навіны. Людзі ў нас ветлівыя, паштальёну заўсёды рады. Асабліва прыемна бачыць шчаслівыя вочкі дзяцей, калі прыносіш іх любімыя часопісы. 27 гадоў прысвяціла паштовай справе. Але мне яна па-ранейшаму ў радасць.

Другі пункт гледжання

Аддзяленне паштовай сувязі № 15 у Баранавічах — адно з лепшых у горадзе. На сценах — граматы, дыпломы, лісты падзякі. Кіруе ім Святлана Палякова — родная сястра Наталлі Гайдук. На пошту яна прыйшла ў 18 гадоў. Так і засталася. Сваю прафесію Святлана любіць не менш, чым сястра. Расказвае, што за трыццаць гадоў у працы паштавікоў шмат што змянілася:

— Перамены адбыліся значныя. Толькі сумкі з лістамі і газетамі па-ранейшаму за плячыма паштальёнаў. А яны працуюць у любое надвор'е: і ў дождж, і ў снег, і ў галалёд.

Лісты людзі часцей пішуць электронныя, але ў сумцы ў паштавіка і бумажных часам бывае зашмат

Святлана Ля­вон­цьеўна адкрывае важкую сумку, паказвае змесціва. Стосы лістоў і газет. А яшчэ заказы кліентаў — мука, цукар. Усё гэта трэба даставіць адрасатам. Здаецца, пацягаеш такую ношу некалькі гадзін — упадзеш. Але паштавікам да цяжкасцей не прывыкаць. Пасля працоўнага дня яшчэ застаюцца сілы на хатнія клопаты. Святлана Палякова ўсміхаецца:

— Інтраверты ў нас працаваць не змогуць. Жыццё паштальёна — гэта бясконцая кругаверць. Трэба і падпіску аформіць, і пенсію прынесці, прапанаваць нейкія тавары і паслугі, расказаць пра навінкі. Не так даўно, напрыклад, у нашых кліентаў з'явілася магчымасць атрымліваць пенсіі і электронныя грашовыя пераводы не толькі па месцы жыхарства, але і ў любым аддзяленні паштовай сувязі. Гэта вельмі зручна.

Штодня сем паштальёнаў пятнаццатага аддзялення праходзяць дзясяткі кіламетраў. Зона іх адказнасці велізарная — больш за 10 тысяч дамоў і кватэр. За дзевяць месяцаў дастаўлена каля 300 тысяч лістоў. Дзіўна, але факт — з гадамі іх менш не становіцца. Папера ў канвертах — па-ранейшаму запатрабаваны спосаб перадачы інфармацыі.

Літаральна на днях, напярэдадні прафесійнага свята, «Белпошта» ўзнагародзіла кіраўніка баранавіцкага аддзялення паштовай сувязі № 15 Святлану Палякову ганаровай граматай. За прафесіяналізм, шматгадовую і добрасумленную працу. Яна прызнаецца — атрымаць такую высокую ацэнку сваёй работы вельмі прыемна.

За поспехамі дачок уважліва сочыць Марыя Дзмітрыеўна Палякова. Цікавіцца, распытвае. Ні адны сямейныя пасядзелкі не абыходзяцца без размоў пра пошту і паштавікоў. Успамінаюць, жартуюць, дзеляцца праблемамі. Марыя Дзмітрыеўна дочкамі ганарыцца:

— Мы адна сям'я, адна душа. Я адчуваю настрой дачок. Калі ў іх нешта не атрымліваецца ці, наадварот, усё ў парадку. Радуюся за іх і ганаруся. Шчаслівая, што ўдалося выхаваць паважлівае стаўленне да людзей і да сваёй прафесіі. Хоць яна вельмі няпростая.

Марыя Дзмітрыеўна жыве ў Баранавічах з 1964 года. Чвэрць стагоддзя яна займалася дастаўкай пенсій. За гэтыя гады здаралася ўсякае, але пра дрэннае ўспамінаць не любіць. Навошта?

— Калі б можна было адкруціць час назад, я б нічога не мяняла. Гэтак жа працавала б на пошце. Сярод людзей, на свежым паветры. Штодзённыя прабежкі з цяжкай торбай па паверхах — лепшая нагрузка. У маладосці стомленасці не адчувала. Урачы здзіўляюцца, што я і ў 73 гады абсалютна здаровы чалавек. Хоць і сёння сядзець без справы не магу. Цяпер вось даглядаю за пляцоўкай ля пад'езда, разбіла кветнік. Некаторыя суседзі гавораць: а вам гэта трэба? Вядома, трэба. Па-іншаму не ўмею.

Фота з сямейнага архіва

p.losich@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter