Нераст скончыўся: толькі за два дні на Мінскім моры інспектары знайшлі чатыры сеткі даўжынёй 125 метраў

Парушальнікам далі ляшча

На большай частцы тэрыторыі краіны скончыўся нераст, а з ім — і забарона выхаду на ваду на маламерных суднах. Некаторыя асобы паспяшаліся скарыстаць лодкі для таго, каб расставіць на вадаёмах сеткі. Разам з супрацоўнікамі Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету карэспандэнт «Рэспублікі» адправілася на Заслаўскае вадасховішча, каб знайсці і знішчыць нераты браканьераў.

З'яўленне прыродаахоўнікаў рыбака не бянтэжыць, правілы ён не парушае
Фота аўтара

Невялікі катар з моцным маторам хутка імчыць нас па вадасховішчу. У бінокль Мікалай Самец, намеснік начальніка Мінскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, пільна аглядае берагі. Вока вопытнага прыродаахоўніка з дзясяткаў метраў адрозніць вуду ад палкі, да якой можа быць прымацаваны пад’ёмнік або сетка. Спачатку нашу ўвагу прыцягвае мужчына з незразумелай прыладай у руках. Падплываем бліжэй, глушым матор — аказваецца, гэта донная каса, з дапамогай якой можна расчысціць ад водарасцей месца для рыбалкі. 
Не разабраўшыся, рак цапнуў вызваліцеля за палец
ФОТА АЎТАРА


Непадалёк ад санаторыя «Юнацтва» ёсць ціхая затока, якая зарасла гарлачыкамі. Менавіта такія спакойныя мясціны нярэдка выбіраюць і браканьеры, таму ёй — асаблівая ўвага. Мужчына ў надзіманай лодцы сочыць адначасова за некалькімі вудамі. З’яўленне прыродаахоўнікаў рыбака не бянтэжыць, ён прад’яўляе білет члена Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Праўда, высвятляецца, што дакумент літаральна на адзін дзень пратэрмінаваны. Але гэта не бяда, таму што правіл, агульных для ўсіх рыбакоў, мужчына не парушае — закінуў у ваду пяць кручкоў. А вось калі б білет быў сапраўдны, меў бы права на дзесяць. 

Далейшы шлях ляжыць да вострава непадалёк. Уладкаваўшыся на карме, Мікалай Мікалаевіч апускае пад ваду «кошку» — металічны кручок з чатырма вастрыямі, падобны да мініяцюрнага якара. Калі недзе пад вадой схавана сетка, «кошка» яе абавязкова зачэпіць. 

— Тут пралягае русла ракі, якое браканьеры любяць перагарожваць, — тлумачыць ён, пільна аглядаючы берагі. — Звычайна сеткі яны не пакідаюць, назіраюць за абстаноўкай. Зрэшты, прафесіяналы могуць зняць нерат вельмі хутка, за некалькі хвілін. Але пры небяспецы яны звычайна не рызыкуюць: ім прасцей страціць сетку і застацца невядомымі, чым атрымаць вялізны штраф, а то і быць прыцягнутымі да крымінальнай адказнасці. 

Мы робім некалькі кругоў на рознай адлегласці ад вострава, паралельна яго абрысам. Але кошка застаецца нерухомай. Мікалай Мікалаевіч папярэджвае, што пошукі сетак могуць і не ўвянчацца поспехам: прафілактычная праца, а таксама значныя грашовыя штрафы зменшылі актыўнасць нават заўзятых браканьераў.

Перамяшчаемся да берага вадасховішча непадалёку ад вёскі Ганалес. Ідучы ўздоўж берага, заросшага чаротам, раптам заўважаем вяроўку, адзін канец якой прывязаны да карча, а другі хаваецца пад вадой. Падыходзім бліжэй — на глыбіні варушыцца нешта накшталт непрыгожай карычневай водарасці. Вадзім Верабей, старшы дзяржаўны інспектар, падчэплівае яе вяслом — і з вады паказваецца сетка, у якой серабрыстай маланкай трапечацца даволі буйная плотка. 

Мікалай Мікалаевіч перабіраецца на нос катара і павольна выцягвае нерат. Рыбка, другая… а вось і рак заблытаўся ў лесцы. Усіх іх прыродаахоўнік вызваляе з дапамогай нажа, бязжаласна разразаючы браканьерскую прыладу. А я думала, навошта яму нож на поясе…

Фото автора

Вільнуўшы на развітанне хвастом, рыба знікае ў глыбіні. А вось ракі аказваюцца менш удзячнымі — адзін нават цапнуў вызваліцеля за палец. 

Вадзім Пятровіч падлічыў: у 15-метровай сетцы заблыталіся 12 плотак і 16 ракаў. Усіх іх выпусцілі на волю. Нерат прыродаахоўнікі забралі з сабой, каб знішчыць. 

У Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету нагадваюць, што існуе адказнасць за выраб, набыццё, збыт і захоўванне незаконных прылад для здабычы рыбы і другіх водных жывёл: штраф у памеры ад 5 да 50 базавых велічынь для фізічных асоб, ад 10 да 200 — для індывідуальных прадпрымальнікаў і да 500 — для юрыдычных асоб. 

Дарэчы, зараз дзейнічае забарона на лоўлю сама. У Гомельскай і Брэсцкай абласцях яна працягнецца да 20 чэрвеня, у астатніх — да 1 ліпеня. 

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter