У Заураллі ўшанавалі памяць пра Паўла Уладзімірава — кіраўніка спецгрупы, якая змагалася з фашыстамі ў тыле ворага на тэрыторыі Міншчыны

Партызанская песня ў Кургане

Іван Ждановіч

У Заураллі ўшанавалі памяць пра Паўла Уладзімірава — кіраўніка спецгрупы, якая змагалася з фашыстамі ў тыле ворага на тэрыторыі Міншчыны


Кніга, выдадзеная ў Кургане
Кніга, выдадзеная ў Кургане

Усе падрабязнасці пра Вялікую Айчынную, напэўна, не будуць вядомыя ніколі. Бо вайна велізарная: мільёны людзей трапілі ў страшэнныя віхуры. Многія так і згінулі ў іх, і з часам сведак крывавых падзей застаецца ўсё менш. Але ў архівах і сёння ляжаць малавядомыя дакументы, што зберагаліся пад грыфам сакрэтнасці. З іх ліку, можна сказаць, і звесткі, якія мы атрымалі ад суродзічаў з Кургана. Старшыня суполкі “Бацькаўшчына” Людміла Урванцава даслала на рэдакцыю два экзэмпляры нядаўна выдадзенай кнігі “Псевдоним: Вихрев. Полковник государственной безопасности Павел Владимиров”. Кніга, якую склаў Юрый Радзівонаў, выйшла ў серыі “Зауральцы — “невядомыя” героі Вялікай Айчыннай”.

Сёлета ж у Кургане на вуліцы Леніна, 32, у доме, дзе жыў Павел Уладзіміраў, адкрылі мемарыяльную дошку — так увекавечылі яго імя. У нашу рэдакцыю дасланы з Кургана тэкст журналісткі абласной газеты “Новый мир” Таццяны Макавеевай. “Па словах Юрыя Радзівонава, кіраўніка музея “Памяць” курганскай гімназіі № 24, ідэя ўсталяваць мемарыяльную дошку з’явілася яшчэ напярэдадні 65-годдзя вызвалення Беларусі, — чытаем у артыкуле. — Памятная дошка, паведаміў ён, выраблена па ініцыятыве кадэтаў класа імя Паўла Уладзімірава, на сродкі, сабраныя ветэранамі органаў дзяржбяспекі”.

У пасляваенны час ніхто з курганцаў і не ведаў пра ваеннае мінулае кіраўніка мясцовага камітэта дзяржбяспекі. Аказалася, у студзені 44-га ён быў адкамандзіраваны ў распараджэнне НКДБ Беларусі. Крыху пазней на паўднёвым захадзе Міншчыны Уладзіміраў выконваў спецзаданне: у складзе спецгрупы 16 красавіка быў закінуты ў тыл ворага, узначальваў дыверсійна-разведвальную групу “Вихрь”. Баявыя сябры звалі яго “Батя”, і іх на канец красавіка 44-га было каля 20. Яны ўзарвалі 24 фашысцкія эшалоны, разбурылі паўтары тысячы метраў чыгуначнага палатна, знішчылі 14 шашэйных мастоў, 10 аўтамашын і больш за 600 нямецкіх салдат і афіцэраў. І пазней, працуючы ў Мінску, Уладзіміраў з паплечнікамі набліжаў Перамогу.

Пра дзеянні Паўла Уладзімірава і яго баявых таварышаў амаль не было шырока вядома, аднак тыя падзеі леглі ў аснову некаторых літаратурных твораў. “Майор Вихрев” — так падпісваў чэкіст паведамленні ў Цэнтр. Даследчыкі яго біяграфіі мяркуюць: Павел Уладзіміраў стаў адным з прататыпаў зборнага вобраза героя рамана Юліяна Сямёнава “Майор Вихрь”, паводле якога ў 1967-м быў зняты аднайменны фільм. Дарэчы, ёсць звесткі, што вядомы пісьменнік працаваў у архівах КДБ ў Мінску. Пасля вайны Павел Васільевіч служыў у органах дзяржбяспекі. У 1954-м ён быў прызначаны начальнікам УКДБ па Курганскай вобласці, узначальваў камітэт да самай смерці ў 1963 годзе.

На ўрачыстым мітынгу з нагоды адкрыцця мемарыяльнай дошкі, як напісала абласная газета, прысутнічалі сваякі Паўла Уладзімірава, група ветэранаў службы дзяржбяспекі, прадстаўнікі Нацыянальнага культурнага цэнтра беларусаў Зауралля “Бацькаўшчына”, вучні двух кадэцкіх класаў, адзін з якіх носіць імя палкоўніка Уладзімірава. Калега “майора Вихрева”, палкоўнік у адстаўцы Леанід Валодзькін, які паспеў паслужыць пад кіраўніцтвам Паўла Васільевіча, успамінаў пра яго як чалавека валявога, прафесіянала,  таленавітага кіраўніка. Вакальны гурт беларускай народнай песні “Журавачка” на ўрачыстасці выканаў адну з вядомых партызанскіх песень. І выступленне нашых суродзічаў гарманічна ўпісалася ў ход мерапрыемства, прысвечанага памяці зауральца, які змагаўся з фашыстамі ў лясах Бацькаўшчыны.

Як паведаміла Людміла Урванцава, сумесна з Юрыем Радзівонавым над кнігай працаваў і Уладзімір Іванавіч Філімонаў, які ўваходзіць у суполку “Бацькаўшчына”. Увогуле ж, дадала яна, “на ўсе мерапрыемствы, што праходзяць у Курганскай вобласці і звязаныя з беларусамі, з Беларуссю, абавязкова клічуць мяне, нашу суполку. Так вырашаюць зауральцы. І такая ўвага мне прыемная. А ў нас жа яшчэ шмат і розных уласных праектаў”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter