Сколько можно заработать на сезонной уборке овощей

Парадкі ўраджайнай градкі

Кожны год камітэт па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мін­гарвыканкама прапаноўвае прыняць удзел у грамадскіх работах на гаспадарцы. Па­поўніць свой бюджэт у гарачы на ўборку гародніны сезон можа грамадзянін, зарэгіс­траваны ў дзяржаўнай службе занятасці насель­ніцтва. Гэтым людзям трэба толькі атрымаць накіраванне на працу. Карэспандэнт «Р» высвятляла, колькі можна зара­біць на сезоннай уборцы ўраджаю.

За пяць хвілін я і Уладзімір Крапіўка затарылі тры мяхі капусты.

На гадзінніку без дзесяці восем. Каля будынка аддзела абслугоўвання грамадзян № 1 упраўлення занятасці насельніцтва Мінгарвыканкама ўжо сабралася група людзей, якія жадаюць зарабіць на сельгаспрацах. Сезон паездак на ўборку ўраджаю пачаўся тры тыдні таму. Многія з іх за гэты час нават пасябравалі. Я тут новенькая. На мяне раз-пораз кідаюць зацікаўленыя погляды. Светлыя джынсы і белая майка ў кветкі тут, прызнацца, зусім не да месца: у такой вопратцы падрыхтаваны чалавек у поле не ездзіць.

Для грамадзян камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама стараецца стварыць камфортныя ўмовы: людей бясплатна дастаўляюць спецыяльным транспартам да месца і назад. У гэтым годзе за імі прыязджае невялікі аўтобус на 20 месцаў. Якраз хапае: звычайна ў гаспадарку едуць 19 работнікаў. Сёння проста двое з іх не прыйшлі.

Самых старанных кіраўнік сялянска-фермерскай гаспадаркі запрашае на працу.

...Праязджаем паблізу поля з бульбай, градак з цыбуляй, памідорамі і кабачкамі. На складзе СФГ «Дружба і К» грузяць ужо сабраную гародніну. Сёння работнікаў ад службы занятасці ўпершыню адправілі працаваць на поле з капустай. Брыгадзір Алена Осіпава трохі хвалюецца: трэба кожнага навучыць правільна напаўняць мяхі, каб не пашкодзіць качаны.

У кожны мех памяшчаецца па 10—11 галовак, гэта 30—35 кілаграмаў.
У самой гаспадарцы нас сустракае кіраўнік СФГ «Дружба і К» Уладзімір Крапіўка. Ён заўсёды рады дапамозе:

— У людзей, якіх накіравала да нас служба занятасці, у сярэднім месяц ідзе на тое, каб навучыцца рабіць усё правільна, прызвычаіцца да працы. Праўда, ёсць і такія, што лянуюцца, могуць за дзень не выканаць норму. Дарэчы, яна ў нас невялікая. Напрыклад, на ўборцы капусты  ўсяго 20 мяхоў. 

Каб праверыць, ці цяжка выканаць норму, дамаўляюся на эксперымент: бу­дзем працаваць з кіраўніком гас­падаркі ў пары пяць хвілін. Потым пад­лічым, коль­кі мяхоў капусты запоўнім за гэты час.

Мы прыязджаем на поле, запасаемся мяхамі для капусты, бяром нож. На гадзінніку засякаем час — за працу! Не спяшаемся, усё робім якасна: адрэзваем качан капусты, зачышчаем ад гнілі і пашкоджанняў, беражліва кла­дзём у мех. У кожны памяшчаецца па 10—11 галовак, гэта 30—35 кілаграмаў. Калі месца ў ім не застаецца, зацягваем з двух бакоў ушытую ў палатно стужку, завязваем банцікам. На ўсё спатрэбілася менш за тры хвіліны. Бяромся за другі мех. Потым за трэці, калі напаўняем і яго, час заканчваецца. Вынік: за пяць хвілін затарылі тры мяхі капусты. Такім чынам, поўную рабочую норму выканаць нескладана.

На полі людзі працуюць, разбіўшыся на пары. Адзін трымае мех, другі складвае ў яго ўраджай. Вырашаю адарваць ад працы адну з пар.

— Я звольнілася з папярэдняга месца работы — была дворнікам у ЖЭСе. Цяпер афармляюся на новае, а пакуль вырашыла падзарабіць. Грошы лішнімі не бываюць. Планую правесці на сезонных работах некалькі тыдняў. А там будзе відаць, Ірына Вярховіна пакуль не ведае, колькі заробіць, але кажа, што любой суме будзе рада.

Дзмітрый Фамін упершыню на грамадскіх работах.
А вось Дзмітрый Фамін плануе затрымацца на ўборцы ўраджаю да таго часу, пакуль не аформіць вадзіцельскую даведку:

— Сёння мой першы дзень у гаспадарцы. Я раней жыў у вёсцы і да такой працы прывык, таму мне ўсё даецца лёгка. 

На полі з капустай працуе і пенсіянерка Таццяна. Яна была тут і летась, таму добра ведае парадак:

— З гадзіны да дзвюх у нас абед. Учора ў сталовай я ўзяла тушаную бульбу з кавалачкамі мяса, салату, суп і кампот. За ўсё аддала 50 капеек! Лічы, што паела бясплатна. Мне падабаюцца тутэйшыя стравы, іх робяць выдатна. 

За восем гадзін працы ў гаспадарцы можна зарабіць у сярэднім 18 рублёў. Грошы выдаюцца ў канцы рабочага дня.

— Для кожнага работніка я вяду асобную графу. Там запісваю, колькі чалавек зрабіў за дзень. Калі выканаў норму, то 18 рублёў атрымае абавязкова. А калі не, то аплата будзе меншая, — паказвае запісы ўліку брыгадзір паляводчай брыгады Алена Осіпава.

Самых старанных кіраўнік сялянска-фермерскай гаспадаркі запрашае на пастаянную працу.

КАМПЕТЭНТНА

Святлана Ерахавец, намеснік начальніка ўпраўлення занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама:


— Кожны год грамадскія работы, якія аплачваюцца, у мінчан запатрабаваныя. За восем месяцаў гэтага года ў іх прынялі ўдзел больш за 1000 чалавек. Камітэт па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама прапануе ўсім жадаючым прыняць у іх удзел. Каб атрымаць накіраванне на працу, дастаткова звярнуцца ў аддзел абслугоўвання грамадзян упраўлення занятасці насельніцтва камітэта з пашпартам або іншым дакументам, які засведчыць асобу. У гэтым годзе работы плануецца арганізаваць да лістапада. Грамадзян прымаюць дзве гаспадаркі: СФГ «Дружба і К» і СФГ «АграЛайн».
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter