Беларусы з горада на Волзе паўдзельнічалі ў шэрагу патрыятычных праектаў, прысвечаных 75-й гадавіне легендарнага Парада 1941 года ў Куйбышаве

Парад памяці ў Самары

Беларусы з горада на Волзе паўдзельнічалі ў шэрагу патрыятычных праектаў, прысвечаных 75-й гадавіне легендарнага Парада 1941 года ў Куйбышаве


На Парадзе памяці было месца і Герою-беларусу Мікалаю Шарко

Рыхтаваліся да знамянальнай падзеі нашы супляменнікі ў Самары. У прыватнасці, заснавалі, арганізавалі шматнацыянальны патрыятычны фестываль-конкурс “Живем и помним!”, які завяршыўся грандыёзным Гала-канцэртам. Увогуле з часу заснавання Самарская абласная грамадская арганізацыя беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска-беларускае братэрства 2000” асаблівую ўвагу надае кантактам з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, працаўнікамі тылу. Творчыя гурты суполкі выступаюць перад імі з канцэртамі, віншуюць іх са святамі, разам адзначаюць іх дні нараджэння, юбілеі. Няпростыя лёсы ў людзей старэйшага пакалення: вайна, пасляваенныя разруха, голад і цяжкая праца па аднаўленні разбуранай гаспадаркі... Так жыла і найстарэйшая прадстаўніца беларусаў вобласці Марыя Ягораўна Белаглазава, якая 9 кастрычніка адзначыла 90-ы дзень нараджэння. Супляменнікі павіншавалі яе з юбілеем.

У шосты раз праходзіў Парад памяці ў Самары. Падрыхтоўку да яго беларусы вобласці вялі, складаючы рэестр тых, хто пайшоў на фронт з Куйбышаўскай вобласці, хто загінуў, абараняючы і вызваляючы Беларусь і пахаваны ў беларускай зямлі. Праект — на гады: вядома, напрыклад, што толькі на Віцебшчыне пахавана 2546 ураджэнцаў Куйбышаўскай вобласці, а ўсяго ў Беларусі — 6184 пахаванні куйбышаўцаў. Таму праўленне, актыў суполкі просіць беларускіх пошукавікаў, работнікаў беларускіх архіваў, усіх, хто мае інфармацыю пра пахаванні воінаў Куйбышаўскай вобласці ў Беларусі, дасылаць інфармацыю на эладрас ivankorablev@yandex.ru.

“Нашы падрыхтоўка і ўдзел у Парадзе памяці — гэта ў першую чаргу даніна памяці тым,хто бараніў Айчыну на фронце, хто самааддана працаваў у тыле, — гаворыць прэзідэнт суполкі Ірына Глуская. — Памятаць пра іх, рабіць усё магчымае, каб і маладое пакаленне памятала і ганарылася тымі, хто змагаўся і аддаў жыццё за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы — святы абавязак усіх нашчадкаў герояў”. Да патрыятычнай ініцыятывы беларусаў Самары з разуменнем ставяцца ў Беларусі. У адрас суполкі прыходзяць лісты, фатаграфіі з месцаў пахаванняў воінаў-куйбышаўцаў. Напрыклад, Яна Ігараўна Кавалёва, настаўніца сярэдняй школы вёскі Церуха (Гомельскі раён) напісала: “У нашых мясцінах ваяваў Герой Савецкага Саюза гвардыі малодшы сяржант, кулямётчык 118-га гвардзейскага стралковага палка 37-й гвардзейскай стралковай дывізіі 65-й арміі Цэнтральнага фронту Аляксандр Дзмітрыевіч Валогін. Ён 1924 года нараджэння, ураджэнец вёскі Пячэрскае цяпер Сызранскага раёна Самарскай вобласці. Загінуў 17 кастрычніка 1943 года, пахаваны на брацкім мемарыяле вёскі Церуха”.

Настаўніца паведамляе, што ў Цярухскай школе ёсць музей, дзе сабраны рэчы даўняга побыту мясцовых жыхароў, можна даведацца пра гісторыю школы, вуліц, адзення, жыхароў вёскі. На стэндзе “1941-1945. Вайна, народ, Перамога” размешчаны матэрыялы пра вяскоўцаў, якія сталі ўдзельнікамі вайны, яе ахвярамі. Вучні са школы юнага экскурсавода стварылі пры музеі альбомы “І помніць страшна, і забыць нельга”, “Юнацтва нашых бабуль” ды іншыя. Музей пастаянна папаўняецца экспанатамі. І гэта правільна, дадае настаўніца, згадвае даўнюю мудрасць: народ, які сёння застаўся без мінулага, заўтра застанецца без хлеба.

Актывісты моладзевага аддзялення самарскай арганізацыі напярэдадні Параду правялі экспрэс-апытанне сяброў суполкі, людзей, якія жылі або вучыліся ў Беларусі. Папрасілі расказаць, хто са сваякоў удзельнічаў у вайне. “Мой дзядуля, Іван Васілевіч Плотнікаў, 1907 года нараджэння, у гады вайны быў шафёрам, вазіў боепрыпасы артылерыстам, — падзяліўся ўспамінамі Віктар Мікалаевіч Кандраценка, палкоўнік у адстаўцы, ураджэнец Магілёва, жыхар Самары. — Дзед быў узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”, ордэнам Чырвонай Зоркі. Пад час баявых дзеянняў быў кантужаны. Ён быў годным чалавекам, ваяваў за Каўказ, удзельнічаў у вызваленні Украіны. Вайну закончыў у Вене ў 1945-м”.

Ваявалі абодва дзядулі Аляксандра Барысавіча Фяцісава, намесніка старшыні Урада Самарскай вобласці, палкоўніка ў запасе. А сам ён у 1988 годзе з адзнакай і залатым медалём закончыў Мінскае вышэйшае ваенна-палітычнае агульнавайсковае вучылішча. Дзясяткі тысяч ураджэнцаў Куйбышаўскай вобласці-удзельнікаў вайны ўшанаваны ардэнамі, медалямі СССР. 230 з іх удастоены звання Герой Савецкага Саюза, 26 сталі поўнымі кавалерамі салдацкага ордэна Славы. А ўсяго звыш 226 тысяч куйбышаўцаў не вярнуліся дадому з палёў бітваў, загінулі за свабоду і незалежнасць Радзімы.

Парад памяці спалучае розныя пакаленні, нагадвае: мы — нашчадкі вялікага подзвігу нашых дзядоў і прадзедаў. Адным з самых эмацыйных момантаў Параду было праходжанне Геройскага палка... Нібы ў далёкім 41-м усталі плячом да пляча шматнацыянальныя парадныя разлікі, і ў тых шэрагах былі Героі Савецкага Саюза армянін Уладзімір Акопавіч Яўрумаў, беларус Мікалай Піліпавіч Шарко, рускі Іван Міхайлавіч Ледакоў… Геройскі полк аб’яднаў у сабе ўсе гістарычныя тэмы пяці папярэдніх Парадаў: Героі — працаўнікі тылу, Героі — сувораўцы і нахімаўцы, Героі розных нацыянальнасцяў і народаў з тэрыторый былога Савецкага Саюза, Героі Расіі. Упершыню сёлета ўшаноўвалі Герояў спорту, якія заслужылі вышэйшыя ўзнагароды, сталі алімпійскімі чэмпіёнамі, пераможцамі чэмпіянатаў свету і Еўропы. А прадстаўнікі беларусаў Самарскай вобласці (Ірына Глуская, Анатоль Рапецкі, Мікалай Міцяшын, Іван Еўграфаў ды іншыя) у парадным разліку Памяці неслі партрэты сваіх родных і блізкіх, якія ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай.

Ганаровым госцем і Голасам шостага Параду памяці ў другі раз быў народны артыст СССР Васіль Ланавы, які ў сваіх ролях увасобіў лепшыя рысы характараў сапраўдных рускіх афіцэраў. Пасля Параду Васіль Сямёнавіч іграў монаспектакль “Спасибо за верность, потомки!” ў Акруговым доме афіцэраў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter