Гасцей праекта «Александрыя збірае сяброў» чакаюць 4-5 ліпеня

Папараць-кветка ўзыходзіць

У аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна рыхтуюцца да Купалля
У аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна рыхтуюцца да Купалля. Гасцей праекта «Александрыя збірае сяброў» чакаюць тут 4—5 ліпеня. 



Гулянні традыцыйна пройдуць у маляўнічым месцы на беразе Дняпра, каля моста, які злучае не толькі два населеныя пункты — Александрыю і Копысь, але і дзве вобласці — Магілёўскую і Віцебскую. У мінулым годзе Александрыя сабрала больш за 55 тысяч гасцей. Чакаецца, што сёлета яшчэ большая колькасць людзей наведае прыгожае свята, у час якога, як заўсёды,   сумаваць не давядзецца нікому.

Гасцям будуць прадстаўлены выстава-кірмаш дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі, Расіі і Украіны, майстар-класы па традыцыйных відах рамёстваў, народныя святы сала, мёду і «Гасцёўня бульбаша». Запланавана работа творчых пляцовак: міжнароднага музычна-спартыўнага свята «Вя-лікая бард-рыбалка» і абласнога этапу рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар вёскі». 

У аб’яўлены ў краіне Год моладзі на Купалле рыхтуецца маштабная маладзёжная праграма з выстаўкай «Нашы ідэі табе, Беларусь!», святочнай імпрэзай «Маладосць. Традыцыі. Будучыня», купальскім мікс-шоу «Васільковае лета» і шэрагам іншых мерапрыемстваў. Яркай падзеяй абяцае стаць прэм’ера мюзікла «Папараць-кветка», які завяршыцца феерверкам.

Адбудзецца i ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання перадавікоў аграпрамысловага комплексу Магілёўшчыны, музычным падарункам удзельнікам стануць выступленні творчых калектываў абласной філармоніі. Аматараў папулярнай песні чакае святочны канцэрт народнай артысткі Расіі Кацярыны Шаўрынай і заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі Ігара Карнелюка.

У тэму

Ідэя арганізаваць у Шклоўскім раёне фестываль «Александрыя збірае сяброў» узнікла не на пустым месцы. Мерапрыемства мае пад сабой глыбокія гістарычныя карані. Здаўна Днепр з’яўляўся важнай суднаходнай артэрыяй, часткай шляху «з варагаў у грэкі». Александрыя, Копысь, Шклоў былі традыцыйнымі месцамі правядзення кірмашоў, народных гулянняў, а тутэйшыя жыхары далёка славіліся сваімі рамёствамі — разьбой па дрэве, лозапляценнем, ганчарствам.

Ірына ЮР’ЕВА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter