Штогадовая Міжнародная выстава “СМІ ў Беларусі” праходзіла пад знакам Вялікай Перамогі

Памяць, слава і слова

Выстава, якая вярнулася з мінскага Футбольнага манежа ў больш кампактны Выставачны комплекс “БелЭкспа” па вуліцы Янкі Купалы, 27, сёлета мела дэвіз: “Слова на службе міру”. Пад час яе адкрыцця Міністр інфармацыі Лілія Ананіч нагадала, што ў Беларусі ў барацьбе з фашызмам і слова кавала Перамогу: у падполлі, партызанскіх атрадах выдаваліся 162 газеты. Гвардзейскія стужкі, бутаньеркі акцыі “Кветкі Вялікай Перамогі”, ваенныя фотаздымкі, іншыя згадкі пра Перамогу — бадай, на ўсіх стэндах. Агенцтва БелТА, напрыклад, дэманстравала фотавыставу “Этапы Вялікай Перамогі”: больш чым 50 архіўных рарытэтных фотаздымкаў.

На выставе “СМІ ў Беларусі” выступае гурт польскай песні “Івянчанка” з горада Івянца
На выставе “СМІ ў Беларусі” выступае гурт польскай песні “Івянчанка” з горада Івянца

Прыемна вандраваць па выставе: што ні стэнд, то нейкі сюрпрыз, крэатыў. Там — спяваюць, далей — танцуюць, а яшчэ — раздаюць аўтографы, каляндарыкі ды праводзяць конкурсы, сустрэчы... Ёсць стэнды асобных выданняў, але больш — карпаратыўных: тэндэнцыя... Раённыя газеты былі ў талоках, на вялікіх стэндах абласцей. “Калі ласка, дайце газету з Глыбоччыны: пачытаю, чым жывуць землякі...” — прасіла пажылая жанчына. Мяне ж на стэндзе СМІ Віцебшчыны затрымалі кнігі пра вайну. Гартаў зборнік дакументаў з тае пары, калі ў 1944-м аднаўлялася мірнае жыццё на вызваленых ад акупантаў тэрыторыях. Цікавыя і ўспаміны партызан. Пра вынікі шматгадовай працы пошукавых атрадаў і на месцах былых баёў, і ў розных архівах напісала вялікую кнігу Людміла Бруева: энтузіястка, патрыётка, кіраўніца аб’яднання “Пошук” з Віцебска.

На выставе пераконваешся: друкаванае, эфірнае слова можа быць і зброяй у барацьбе з ворагам, і ўнікальным зберагальнікам народнай памяці пра падзеі мінулага, і магутным сродкам услаўлення подзвігаў герояў. Уважліва разглядалі і ветэраны, і моладзь, і дзеці даўнія нумары агітплаката “Раздавім фашысцкую гадзіну!” на стэндзе Выдавецкага дома “Звязда”. У гэтым доме цяпер “жыве” вядомы часопіс сатыры і гумару “Вожык”. А ён пачынаўся ў ліпені 41-га з сатырычных плакатаў, што дапамагалі франтавікам і партызанам змагацца з ворагам. Цяпер, дарэчы, часопіс — адно з нямногіх падобных выданняў на постсавецкай тэрыторыі. Вось што значыць: ад нараджэння загартавацца ў агні.

“Настаўніцкая газета” — равесні­ца Перамогі”, чытаем на стэндзе вы­дання-юбіляра. Віншаванні з юбілеем перападаюць і журналістам, што робяць маладзейшы “Переходный возраст”, газету для падлеткаў: калектывы ў адной творча-гаспадарчай звязцы. А ці бачылі вы газету “Советская Белоруссия” за 9 мая 1945 года? Архіўны 4-старонкавы экзэмпляр перавыдалі да свята, і газета не залежвалася на стэндзе холдынга “СБ. Беларусь сегодня”. У які ўваходзіць і наша газета. Выстава адкрывалася 5 мая, у Дзень друку, і журналісты з розных выданняў, у тым ліку і раёнак, віншавалі адзін другога са святам. Выстава “СМІ ў Беларусі” — добрая нагода пабачыцца, падзяліцца досведам. Прадстаўлены былі і СМІ з іншых краін. Гучалі песні, мелодыі ваенных гадоў. Ганаровымі гасцямі ў некаторых выданняў былі ветэраны вайны.

Як заўсёды, працаваў на выставе стэнд Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. У першы дзень стэнд можна было і бачыць, і чуць. Віталі ж гасцей артысткі гурта польскай песні “Івянчанка”, якім кіруе дырэктарка музычнай школы з Івянца Таццяна Шыдлоўская. Пра справы супляменнікаў у розных месцах краіны расказваў цікаўным кіраўнік Саюза палякаў у Беларусі Мечыслаў Лысы. “Гэта частка гурта, увогуле ў ім чалавек 12, і ў нас сёлета — 5-гадовы юбілей”, — тлумачыў Станіслаў Бурачэўскі, дырэктар Дома культуры і Дома польскага з Івянца. Сам Станіслаў часам дапамагае “Івянчанцы”: грае на баяне ды барабане. Як вядома, у Валожынскім раёне жыве шмат этнічных палякаў, у ладзе ды згодзе з людзьмі іншых нацыянальнасцяў. І пакуль жанчыны спявалі польскамоўныя шлягеры накшталт “Ціха вода бжэгі рве”, кіраўнікі іншых этнасуполак пры стэндзе згадвалі, як пад Івянцом, пры Каралеўшчыне разам саджалі лес увесну 2012-га. А потым і сумесны канцэрт ладзілі, і смачных цукерак з мясцовай фабрыкі змаглі прыкупіць, і майстэрства мясцовых майстроў ды хлебасольнасць івянчан ацаніць. А як, дарэчы, падрастае той Лес дружбы, высаджаны ў гонар 130-х угодкаў Янкі Купалы і Якуба Коласа? Станіслаў абяцаў паглядзець...

“З 70-годдзем Вялікай Перамогі!” — загаловак у газеце “Прамень”. Валянціна Піскунова, кіраўніца Саюза беларусаў Латвіі, і яе паплечнікі прыехалі на выставу дэлегацыяй з 7 чалавек. Акрамя стоса газет, прывезлі кнігі, буклеты, насценныя плакаты з інфармацыяй пра справы супляменнікаў. Яркая, прыгожая, мабільная “наглядная агітацыя”. Зрэшты, пра гасцей выставы з беларускіх суполак замежжа і пра культурна-пазнавальную праграму, якую для іх ладзілі, мы яшчэ раскажам у бліжэйшы час. 
Супрацоўнік апарата Упаўнава­жанага Аляксандр Сасновіч звяртае ўвагу на салідныя буклеты пра жыццё і дзейнасць у Беларусі розных этнааб’яднанняў. Грузіны, карэйцы, казахі, немцы, літоўцы маюць буклеты, а яўрэі — чарговы нумар газеты “Авив” (“Вясна”). Паводле словаў Аляксандра Львовіча, штогод значныя сумы з дзяржбюджэту выдзяляюцца Упаўнаважаным менавіта на падобныя выдавецкія праекты.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter