Палявая пошта.

Хто шукае: Іван Іванавіч Гардзяйчук, Пінск.
Каго шукае: звесткі пра Івана Сяргеевіча Ігнатовіча.
Іван Сяргеевіч Ігнатовіч нарадзіўся ў 1912 годзе ў вёсцы Вялікія Дзіковічы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Калі пасля вызвалення Пінска вяртаўся дадому, ехаў на кані з сям’ёй, дзеці ўбачылі недалёка сад. Ім захацелася груш ці яблыкаў. Бацька не змог адмовіць і пайшоў рваць іх. Сад быў замініраваны, і ён падарваўся. Адвезлі Івана Сяргеевіча ў шпіталь, які знаходзіўся ў вёсцы Іванчыцы, Ровенскай вобласці (Украіна). Праз некаторы час жонка прыехала яго наведаць, але шпіталь перанеслі. Куды — невядома. З таго часу больш пра Івана Сяргеевіча нічога невядома. Куды толькі ні звярталіся яго родныя, адказ адзіны — у спісах загінуўшых такога чалавека няма. Што з ім здарылася? А можа, ён дзе-небудзь застаўся жыць і ў яго другая сям’я? Шмат пытанняў, на якія Іван Іванавіч Гардзяйчук шукае адказ.

Хто шукае: Ніна Іванаўна Шалькевіч (у дзявоцтве Печань).
Каго шукае: Аляксея Іванавіча Печаня.
Мінчанка Ніна Іванаўна Шалькевіч, 1930—1931 года нараджэння, ураджэнка вёскі Бераснёўка Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці, шукае звесткі пра месца пахавання свайго брата Аляксея Іванавіча Печаня, 1922 года нараджэння, ураджэнца вёскі Бераснёўка. У 1943 годзе пасля вызвалення горада Бабруйска з Бераснёўскага сельскага Савета пайшоў на фронт. Сям’і прыйшло паведамленне, што ў 1944 годзе ён загінуў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter