Унікальныя прыклады ткацтва і вышывання прадставяць у петрыкаўскіх Ляскавічах на Свяце ручніка

Палессе кліча і неглюбскія ручнікі

Унікальныя прыклады ткацтва і вышывання прадставяць у петрыкаўскіх Ляскавічах на Свяце ручніка. На ім задаваць тон збіраюцца майстры з Неглюбскага сельскага цэнтра ткацтва Веткаўскага раёна. На «Зове Полесья» яны сустрэнуцца з калегамі з Петрыкаўскага і Жыткавіцкага раёнаў. Але з Веткаўшчыны прыедуць са сваім інвентаром: двума кроснамі. Дырэктар Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава заслужаны дзеяч культуры Беларусі Галіна НЯЧАЕВА тлумачыць:

— У нашым музеі ў калекцыі тканых ручнікоў больш за 1,5 тысячы асобнікаў. Гэта найбольшы збор рэгіянальнага характару ў краіне. На Свята ручніка мы адвязём толькі 25 ручнікоў — самыя яскравыя прыклады ткацтва нашага ўсходняга рэгіёна. Экспазіцыя раскажа пра гісторыю ручнікоў 4,5—5-тысячагадовай даўніны, пра арнаменты і ўзоры, якімі і ў нашы дні аздабляюцца ручнікі. Гасцей зацікавіць семантыка арнаментаў: што значыць крыжык на ручніку, што кветка, кола…


Рукадзельніца Людміла КАВАЛЁВА з вёскі Неглюбка Веткаўскага раёна пра кожны свой ручнік распавядае з веданнем справы


Насамрэч, ручнік мае перш за ўсё рытуальны сэнс. У нашай культуры ён ішоў поруч з чалавекам ад яго нараджэння да самай смерці. Ручнікі ткалі на дажынкі, на добры ўраджай, на шчасце маладым. Яны заўсёды вянчаюць іконы і сямейныя партрэты ў вясковых хатах. Семантыку, паходжанне і саму тэхналогію вырабу ручнікоў веткаўскія даследчыкі ведаюць на выдатна, дзякуючы пастаянным этнаграфічным экспедыцыям.

У Ляскавічы веткаўская дэлегацыя прывязе не толькі маладых майстроў, але і вопытнейшую майстрыху Людмілу Кавалёву. Людміла Васільеў- на кіруе кружком «Ніток» Неглюбскага сельскага цэнтра ткацтва. Гэта згуртаванне для дзяцей, дзе тыя пераймаюць унікальныя тэхнікі вырабу ручнікоў. Людміла Кавалёва паведаміла «СГ», што на базе цэнтра ёсць нават аб’яднанне ткачых — у ім 8 майстрых:

— Не раз мы ў вёсцы ладзілі Свята ручніка, таму ў Ляскавічы едзем з творчым настроем. Кожнаму, хто пажадае, перададзім штучнае рамяство, усадзіўшы за кросны. Але, каб навучыцца ткаць ручнік па знакамітым узоры, трэба ўседлівасць. Я і сама так 33 гады таму навучылася рамяству ткацтва на кроснах — пераняла тэхналогію ад жыхаркі Неглюбкі Марыі Герасіменка.

Таццяна УСКОВА, «СГ»
Фота БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter