Медыцынскі верталётны модуль МНС заступіць на дзяжурства ўжо на наступным тыдні

Палата ідзе на ўзлёт

У Міністэрства па надзвычайных сітуацыях паступіў для выкарыстання верталётны медыцынскі модуль. Усталяваны ён на верталёце Мі-8, які пры неабходнасці максімальна хутка даставіць медработнікаў у самыя цяж-кадаступныя куткі нашай краіны.

Андрэй КРЫШТОПА вельмі хваліць машыну за яе ўніверсальнасць: у транспартным варыянце Мі-8 можа ўзяць на борт 24 пасажыры

Ратавальнікі будуць перавозіць брыгады інтэнсіўнай тэрапіі: урача і двух фельчараў Рэспуб-ліканскага цэнтра экстраннай медыцынскай дапамогі. Да пасадачнай паласы медыкам прыйдзецца дабірацца з мігалкамі на аўтамабілі. Калі таго запатрабуе сітуацыя, разам з брыгадай можа вылятаць нейра- або кардыяхірург ці іншы вузкі спецыяліст, а модуль пры неабходнасці будзе дадаткова даабсталяваны. Рашэнне пра вылет у лічаныя хвіліны прымаецца калегіяльна: Міністэрствам аховы здароўя і МНС.

— Усе супрацоўнікі Рэспубліканскага цэнтра экстраннай медыцынскай дапамогі прайшлі навучальны семінар па рабоце з модулем, нават галоўны урач, — дзеліцца падрабязнасцямі галоўны спецыяліст упраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Алена Саўко. — Спецыялісты разбіраліся ў нюансах выкарыстання абсталявання ў новых умовах. Верталётны медыцынскі модуль укамплектаваны стандартным абсталяваннем рэанімацыйнай брыгады: апаратам штучнай вентыляцыі лёгкіх, дэфібрылятарам, шпрыцавай і інфузійнай помпамі, транспартнымі вакуумнымі шынамі, партатыўным апаратам для адсмоктвання вадкасцей і апаратам ЭКГ – усё нямецкай вытворчасці.

Сам модуль вырабляецца ў Казані, а медыцынскае абсталяванне — нямецкае

Між іншым, улічваючы спецыфіку авіяцыі, балоны з кіслародам зроблены з вугляпластыку: яны займаюць менш месца і вытрымліваюць большы ціск, апрача таго, для большай надзейнасці на гэтых балонах замест вентыляў — заглушкі.

На лётным полі ДААВУ «Авіяцыя» МНС у Ліпках на баявым дзяжурстве стаяць два верталёты, гатовыя вылецець у любы момант. Адна машына, якая нясе на сабе медыцынскі модуль, не так даўно ўдзельнічала ў пошуках зніклага ў Белавежскай пушчы Максіма Мархалюка. Побач – гатовы да палёту самы вялікі верталёт у свеце Мі-26, які ў апошнія дні лета быў задзейнічаны ў тушэнні лясных пажараў у Грузіі.

Модуль разлічаны на дваіх пацыентаў

Да Мі-8 мяне падводзіць начальнік службы бяспекі палётаў ДААВУ «Авіяцыя» Андрэй Крыштопа:

— У верталёце ўстаноўлены спецыяльныя пераходнікі з модуля на кропкі мацавання, таму ў іншую машыну замацаваць медблок не атрымаецца. Машына непатрабавальная, яе можна лёгка трансфарміраваць і тушыць пажары. Мі-8 сядзе на любым пятачку, нават калі няма верталётнай пляцоўкі. Бакі разлічаны на тры гадзіны палёту, гэтага цалкам хопіць, каб даляцець да любой кропкі краіны, да таго ж заўсёды ёсць магчымасць дазаправіцца на любым абласным аэрадроме.

— Але калі шматмэтавы верталёт будзе тушыць пажар, хто ж будзе стаяць на службе ў медыкаў? — няясна мне.

— Ужо ў снежні Баранавіцкі авіярамонтны завод перадасць нам другі Мі-8, — супакойвае Андрэй Крыштопа. — У дадатак ён будзе абсталяваны спецыяльнай вынасной разеткай, якая пераўтварае напружанне пад гэты модуль. Зараз модуль працуе аўтаномна на падзараджаючыхся акумулятарах.

Месца прапіскі медыцынскага модуля – спецыяльны «домік» побач з верталётам, медыцынскае абсталяванне захоўваецца асобна — у цяпле. Дарэчы, абсталяванне навешваюць ужо ў верталёце пасля мантажу модуля дзяжурныя з парашутна-дэсантнай службы авіяцыйнага мабільнага атрада.

Паветраную «хуткую» да вылету сумеснымі намаганнямі рыхтуюць каля дваццаці чалавек. Пакуль тэхнікі манціруюць модуль і абсталяванне, а брыгада медыкаў едзе ў Ліпкі на пасадачную паласу, паралельна ўзгадняюцца маршруты, пілоты запускаюць рухавікі. Па тэрміновай заяўцы запытваецца паветраны калідор, і ўжо на працягу пяці хвілін ён узгоднены.

Медыкі і тэхнікі ўжо прайшлі ўсе этапы навучання. Таму пасля маштабнага камандна-штабнога вучэння па рэагаванні на радыяцыйныя аварыі 18—19 кастрычніка паветраная «хуткая» заступіць на паўнавартаснае «баявое» дзяжурства. Праўда, хацелася б, каб гэты верталёт усё ж як мага радзей падымаўся ў неба.

ikras@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter