Цяжкія дарогі беларусаў у Другой сусветнай вайне — у цэнтры ўвагі на чытацкай канферэнцыі

Пакутны шлях да Перамогі

Цяжкія дарогі беларусаў у Другой сусветнай вайне — у цэнтры ўвагі на чытацкай канферэнцыі

Не сакрэт: для тысяч беларускіх хлопцаў, прызваных у польскае войска з тэрыторый Заходняй Беларусі, вайна пачалася яшчэ ў 1939-м. Пра тое варта памятаць, адзначаючы 70-годдзе Вялікай Перамогі. Шмат прачулых слоў, хвалюючых песень пра ваенны час мы чуем. У шэрагу імпрэз памяці была і чытацкая канферэнцыя “Трагедыя Беларусі ў Другой сусветнай вайне” з удзелам прадстаўнікоў замежжа — па трылогіі Васіля Якавенкі “Пакутны век”. Цікавыя людзі сабраліся на мінскай вуліцы Сухой, у Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна. Названа яна ў гонар архітэктара, аднаго з аўтараў Мемарыяльнага комплексу “Хатынь”, уваходзіць у склад Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра.

На канферэнцыі чытачы гаварылі пра кнігу “Надлом”, яна другая ў трылогіі, пра трагедыю беларусаў у Другой сусветнай вайне. На тым, як тады па-рознаму паводзілі сябе людзі, засяродзіў увагу гаспадар Гістарычнай майстэрні, кандыдат гістарычных навук Кузьма Козак. Выступоўцы дзяліліся ўражаннямі ад кнігі, разважалі пра складаны лёс яе гераіні Марыі Дзямковіч, станаўленне яе характару. Асабліва плённай стала яе дзейнасць па дапамозе ахвярам чарнобыльскай трагедыі. Звярталі ўвагу і на высокія мастацкія якасці кніг Васіля Якавенкі: трылогію “Пакутны век” параўноўваюць з раманам “Хождение по мукам” Аляксея Талстога. Згадвалі яшчэ: прафесар і паэт Алег Лойка параўноўваў твор з “Войной и миром” Льва Талстога.

Праўдзівы, збудаваны на рэальных фактах аповед Васіля Якавенкі дае шмат падставаў для роздуму над рознымі праявамі жыцця. Атмасфера, якую стварае аўтар у творы, добразычлівая, спагадлівая ў дачыненні да чалавека і прыроды. Казалі: тэксты  трылогіі добра ўспрымаюцца гукава і ў фарбах, гэта — як сімфонія жыцця, пакут, мрой і спадзяванняў. А старшыня Беларускага звязу “Рэха вайны” Уладзімір Шакуцін, былы малалетні вязень фашысцкіх канцлагераў, адзначыў яскравае нацыянальнае гучанне трылогіі. На яго думку, такім творам усе беларусы могуць ганарыцца. 

Мне ж як бібліятэкару са стажам — працавала дзесяць гадоў у Дзяржаўнай бібліятэцы імя Леніна — цікава было пабачыць адраджэнне такой традыцыі ў культурным жыцці, як чытацкая канферэнцыя. Помняцца падобныя сустрэчы, калі паэты, празаікі выступалі ў поўных залах. Ды і цяпер, упэўнена, добрыя кнігі знаходзяць водгук у сэрцах людзей. І трылогія “Пакутны век” — з такіх: гэта праўдзівая, глыбокая і добрая кніга. Яна, дарэчы, перакладзена і на рускую мову — пад назвай “Надлом. Кручина вековая”, і сёлета ў Санкт-Пецярбурзе было дзве прэзентацыі. І ў мінскім Музеі Янкі Купалы таксама прайшла прэзентацыя. Спадзяюся, розгалас пра трылогію пойдзе шырокай хваляй.

Ядвіга Рай, бібліятэкар
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter