В Бресте не хватает мест в детских садах

Пакуль яшчэ суседзі ладзяць

Недахоп месцаў у дзіцячых садках нашага горада — вострая праблема
Нядаўна намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш заўважыў тое, што даўно адчуваюць маладыя сем’і Брэста: у горадзе не хапае дзіцячых садкоў. Яшчэ летам мінулага года было падлічана, што 2600 дзяцей чакаюць сваёй чаргі. Такая, я б сказала, крытычная сітуацыя нават змагла зрабіць ворагамі суседзяў.



Раней я разам з дачкой жыла ў бацькоў у мікрараёне Рэчыца. Праз паўгода пасля нараджэння Волечкі ў аддзел дашкольнай адукацыі падала неабходныя дакументы, каб стаць на чаргу ў дзіцячы садок у гэтым раёне. І вось праз некаторы час мне далі кватэру ў іншым мікрараёне — Вулька. Гэта далёка ад маіх бацькоў. Але не адказвацца ж ад жылля. Тым больш што жыць з бацькамі было накладна: дом маленькі і няма асобнага памяшкання для дзіцяці. Бацькі дапамаглі хутка абсталяваць новае жыллё, і праз некалькі месяцаў мы пераехалі ў  кватэру. Я адразу пайшла ў мясцовы дзіцячы сад. Зразумела, што месца ў ім няма. Чакаць яго трэба было амаль паўгода. 

І што мне рабіць? Пакуль яшчэ стаю ў чарзе ў дзіцячым садку ў мікрараёне Рэчыца. Але дабірацца туды доўга і нязручна. Мусіць, іншага выйсця ў мяне не будзе. 

Недахоп месцаў у дзіцячых садках нашага горада — вострая праблема. На гэтай глебе нават суседзі сварацца. Я сама стала сведкай такога інцыдэнту. Дзве маладыя мамы жылі побач і часта разам гулялі з дзецьмі, якія амаль былі аднаго ўзросту. І жылі гэтыя жанчыны побач душа ў душу, пакуль не атрымалася сітуацыя, што адной далі месца ў дзіцячым садку акурат у той час, калі маці трэба было выходзіць на працу, а другой прыйшлося яшчэ пару месяцаў чакаць месца. Вось пачала гэтая другая вінаваціць сваю сяброўку ў тым, што тая, мусіць, камусьці «дала на лапу». «Інакш як жа так атрымалася, што тваё дзіця пайшло ў садзік, а маё чакае, калі мы амаль у адзін час падавалі дакументы ў аддзел дашкольнай адукацыі?» — не без папроку пыталася пастаянна ў сваёй суседкі нездаволеная маці. 

Зараз гэтыя дзве былыя сяброўкі не размаўляюць і дамовіліся, што іх дзеці ніколі не будуць сябраваць, нават калі апынуцца ў адным класе школы. Вось так. А ўсё за-за таго, што ў Брэсце не хапае дзіцячых садкоў. І неяк трэба мяняць гэтую сітуацыю, пакуль яшчэ суседзі ладзяць.

Кацярына Саковіч, Брэст

Малюнак Мікалая ГІРГЕЛЯ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter