26 красавіка 1986 года недалёка ад украінскага горада Прыпяць адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС

Пакідаючы добры след...

26 красавіка 1986 года недалёка ад украінскага горада Прыпяць адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Выбухі, якія разбурылі корпус рэактара атамнай cтанцыі, і пажар, што рушыў за імі і доўжыўся 10 дзён, прывялі да з’яўлення радыеактыўнага воблака над большай часткай Еўропы і выпадзення каля 70 працэнтаў радыеактыўных ападкаў на тэрыторыі Беларусі. Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, 31 чалавек загінуў адразу ж пасля выбуху, 600 ліквідатараў, якія прымалі ўдзел у аварыйна-выратавальных і аднаўленчых работах, падвергліся ўздзеянню небяспечных узроўняў радыяцыйнага апраменьвання. Паводле ацэнак, у выніку аварыі пацярпелі больш за восем мільёнаў чалавек з Беларусі, Украіны і Расіі. 23 працэнты тэрыторыі Беларусі падверглася радыеактыўнаму забруджванню, што прывяло да пагаршэння сацыяльнай і эканамічнай сітуацыі ў 21-м раёне.



Не сакрэт, што аварыя на Чарнобыльскай атамнай станцыі мела вялікія сацыяльныя наступствы  для Беларусі. Шматлікія пасёлкі і вёскі паблізу станцыі жыхары пакінулі. Сотні тысяч чалавек эвакуяваны ў бяспечныя месцы, 200 000  пераселены на пастаяннае жыхарства ў іншыя рэгіёны. Катастрофа прывяла да велізарных эканамічных страт. Паводле некаторых ацэнак, сума, неабходная для  пераадолення наступстваў тэхнагеннай аварыі, складае больш двухсот мільярдаў долараў.

На працягу першых чатырох гадоў з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС савецкія ўлады змагаліся з наступствамі выбуху сваімі сіламі. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый і яе партнёры шукалі спосабы аказання надзвычайнай дапамогі па ацэнцы ядзернай бяспекі і экалагічных умоў на забруджанай тэрыторыі, а таксама дыягнаставанні розных захворванняў, атрыманых у выніку аварыі. Акрамя таго, дзейнасць ААН была накіраваная на павышэнне дасведчанасці жыхароў пацярпелых раёнаў і навучанне насельніцтва абароне ад радыенуклідаў, якія ўтрымліваліся ў навакольным асяроддзі і сельскагаспадарчай прадукцыі.

Многія эксперты лічаць 1990 год пераломным у дзейнасці ААН па пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Менавіта ў тым годзе Савецкі ўрад прызнаў неабходнасць міжнароднай дапамогі. У выніку Генеральная Асамблея прыняла рэзалюцыю, якая заклікала да актыўнага міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы пераадолення наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Гэтым дакументам аднаму з намеснікаў Генеральнага сакратара была даручана задача  каардынацыі дзейнасці па ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Была сфарміравана мэтавая група. Чатырохбаковы  камітэт, у складзе якога — прадстаўнікі ўрадаў з Беларусі, Украіны, Расіі, а таксама прадстаўнік Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па Чарнобыльскай АЭС, увайшлі ў склад каардынацыйнага альянсу на вышэйшым узроўні.

У 1992 годзе, праз год пасля стварэння Мэтавай групы, каардынацыю міжнароднага супрацоўніцтва па пытаннях Чарнобыля распачаў Дэпартамент па гуманітарных пытаннях ААН, які з 1997 года называецца Упраўленнем па каардынацыі гуманітарных пытанняў. Дарэчы, для прыцягнення фінансавых рэсурсаў яшчэ ў 1991 годзе быў створаны Мэтавы фонд Чарнобыльскай АЭС, які ў далейшым ажыццяўляў сваю дзейнасць пад кіраўніцтвам УКГП.

З часам стала зразумела, што задача аздараўлення навакольнага асяроддзя і паляпшэння стану здароўя непарыўна звязана з пытаннямі развіцця. З 1986 года арганізацыі сістэмы ААН, буйныя няўрадавыя арганізацыі і фонды рэалізавалі больш за дзвесце розных праектаў, звязаных з правядзеннем даследаванняў і аказаннем дапамогі ў наступных сферах: ахова здароўя, ядзерная бяспека (уключаючы будаўніцтва саркафага), інфармаванне, сацыяльна-псіхалагічная і эканамічная рэабілітацыя, аднаўленне навакольнага асяроддзя і вытворчасць чыстых прадуктаў.У 2001 годзе Праграма развіцця Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і яе рэгіянальны дырэктар па трох пацярпелых краінах (Расія, Украіна і Беларусь) сталі часткай каардынацыйнага механізму чарнобыльскага супрацоўніцтва. У 2002 годзе Арганізацыя Аб’яднаных Нацый аб’явіла, што стратэгія па Чарнобылі будзе перагледжана і асноўная ўвага стане надавацца не надзвычайнай гуманітарнай дапамозе, а доўгатэрміновай дзейнасці.


Візіт Адміністратара Праграмы развіцця ААН, намесніка Генеральнага сакратара ААН
Хелен Кларк у Ветку. Красавік 2015 г.


Пасля 30 гадоў рэабілітацыі са­дзеянне  сацыяльна-эканамічнаму развіццю ў спалучэнні з інфармаваннем насельніцтва пра тое, як бяспечна жыць на пацярпелых тэрыторыях, дагэтуль адыгрывае важную ролю ў ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, якая значна знізіла якасць жыцця ў найбольш пацярпелых ад аварыі рэгіёнах Беларусі.

У 2002 годзе ААН прадставіла сусветнай грамадскасці даклад “Гуманітарныя наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС: стратэгія рэабілітацыі”, выкананы групай даследчыкаў па даручэнні ПРААН, Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) пры падтрымцы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя  і УКГП ААН. Асноўным у дакладзе стала выснова пра тое, што “этап надзвычайнага рэагавання”, які суправаджаецца лакалізацыяй, перасяленнем і непасрэднай матэрыяльнай дапамогай неабходна замяніць “этапам аднаўлення”, разлічаным на 10 гадоў. Мэта новага падыходу — забяспе­чыць пацярпелым ад аварыі людзям поўную рэінтэграцыю ў грамадства, даць ім магчымасць быць гаспадарамі ўласнага жыцця і атрымаць сродкі для самазабеспячэння праз праграмы эканамічнага і гуманітарнага развіцця.

Варта адзначыць, што стратэгія ААН па ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай  аварыі  была распрацавана на аснове шматлікіх даследаванняў. Яны паказалі мэтавую неабходнасць паляпшэння эканамічнай, сацыяльнай сітуацыі ў рэгіёнах, аднаўлення іх самадастатковасці, а таксама пераадолення страху, звязанага з радыяцыйнай фобіяй.

Дзякуючы дапамозе, аказанай арганізацыямі сістэмы ААН ды іншымі міжнароднымі партнёрамі, пацярпелыя ад чарнобыльскай катастрофы рэгіёны Беларусі змаглі з атрымальнікаў гуманітарных грантаў ператварыцца ў надзейных партнёраў — з добрым патэнцыялам паспяховай рэалізацыі доўгатэрміновай палітыкі развіцця мясцовых супольнасцяў, што робіць гэтыя рэгіёны прывабным месцам для жыцця.

У 2003-2004 гадах ПРААН рэалізавала праект “Умацаванне механізмаў партнёрства і мабілізацыі рэсурсаў у мэтах змяншэння негатыўных наступстваў Чарнобыльскай катастрофы” з мэтай выяўлення патрэбаў у інфармаванні насельніцтва, якое пражывае ў рэгіёнах Беларусі, пацярпелых ад Чарнобыльскай аварыі. Каля трох тысяч прадстаўнікоў розных сацыяльных груп пацярпелых раёнаў сталі ўдзельнікамі шматлікіх апытанняў і назіранняў.


Маленькія ўдзельнікі кірмашу здароўя ў рамках праекта “Павышэнне ўзроўню бяспекі чалавека
на тэрыторыях, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС”


У выніку праведзеных даследаванняў была прапанавана новая стратэгія па ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якая засяродзіла асноўную ўвагу на мясцовых жыхарах як асноўных дзеючых асобах у правядзенні работ па рэабілітацыі і развіцці.

У 2003 годзе стартавала новая праграма ПРААН CORE — “Супрацоўніцтва для рэабілітацыі”. Асноўная яе мэта заключалася ў стварэнні ўстойлівых сродкаў для існавання і бяспечнага асяроддзя для насельніцтва чатырох раёнаў, пацярпелых у выніку аварыі. Быў вызначаны  шлях распрацоўкі і рэалізацыі комплексу мерапрыемстваў у эканамічнай, сацыяльнай, медыка-санітарнай і культурнай сферах, заснаваны  на прынцыпах міжнароднага супрацоўніцтва, міжгаліновай і шматузроўневай інтэграцыі — пры актыўным удзеле мясцовага насельніцтва.

Па стане на 1 чэрвеня 2008 года ў рамках Праграмы CORE пад дэвізам “Разам мы зможам” быў распрацаваны 191 праект. У тым ліку 146 ініцыятыў з агульным бюджэтам каля 9 мільёнаў еўра, якія былі ўключаны ў Праграму і паспяхова рэалізаваны. Гэта Праграма стала першай ініцыятывай, якая прадэманстравала выгаду актыўнага ўключэння насельніцтва ў працэс рэабілітацыі і развіцця. Такая  мадэль удзелу дапамагла мясцоваму насельніцтву змяніць  адносіны і паводзіны ў сацыяльным і эканамічным асяроддзі ў сваіх раёнах, а таксама матывавала іх прыкласці намаганні і ўкласці рэсурсы ў  развіццё. Праграма таксама аказала ўплыў на эмацыйную абстаноўку ў мясцовых супольнасцях, павысіўшы ў людзей  упэўненасць у сабе і веру ў пазітыўныя змены.

З цягам часу развівалася супрацоўніцтва з адміністрацыямі, а таксама павышалася ступень уцягнутасці  насельніцтва ў працэс рэабілітацыі. Напрыклад, быў уведзены новы інавацыйны падыход па садзеянні развіццю на мясцовым узроўні, які быў выкарыстаны ў 60 раёнах Гомельскай вобласці. Ініцыятыва змагла прыцягнуць больш за 11 тысяч  удзельнікаў і сродкі ў памеры большым за 3 мільёны долараў ЗША. Дадзеныя ініцыятывы, якія рэалізоўваліся ПРААН у рамках праекта па барацьбе з негатыўнымі наступствамі чарнобыльскай катастрофы (2008-2010) пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза, пашы­ралі практыку сацыяльнай мабілізацыі і якаснага кіравання ва ўзаемасувязі паміж дзяржавай і не­дзяржаўнымі арганізацыямі на месцах.

Нельга не ўлічваць той факт, што такія падыходы садзейнічалі актыўнаму ўдзелу мясцовых жыхароў у вырашэнні праблем у галіне адукацыі і культуры, аховы здароўя, камунальнай гаспадаркі, працы і занятасці, спорту і турызму, мясцовага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі. Акрамя гэтага, у рамках праекта для насельніцтва быў праведзены першы ў Беларусі буйнамаштабны скрынінг (праверка) шчытападобнай залозы. Больш за 600 чалавек, у тым ліку 150 дзяцей, прайшлі медыцынскае абследаванне на рак шчытападобнай залозы ў Мазырскім раёне Гомельскай вобласці.


Удзельнікі эксперыменту па вырошчванні экалагічна чыстай сельскагаспадарчай прадукцыі
ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці


Намаганні Беларусі па пераадоленні наступстваў аварыі на  Чарнобыльскай АЭС  атрымалі дадатковую падтрымку ў рамках праграмы “Умацаванне бяспекі чалавека ў пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы раёнах Беларусі”. Ініцыятыва была накіраваная на пашырэнне малога бізнесу, прапаганду здаровага ладу жыцця сярод уразлівых груп насельніцтва, удасканаленне прафілактыкі і лячэння раку малочнай залозы, распаўсюджанне ведаў па радыяцыйнай бяспецы ў пяці пацярпелых ад аварыі раёнах Беларусі.

Ці такі прыклад. Каля трох тысяч сялянскіх гаспадарак атрымалі экспертную і кансультатыўную падтрымку па гадоўлі жывёлы, раслінаводстве, вытворчасці прадуктаў, якія не ўтрымліваюць радыенукліды, а таксама па маркетынгу. У рамках праекта былі распрацаваны і пратэставаны механізмы прадастаўлення малых і мікракрэдытаў для сельскіх жыхароў. Трынаццаць цэнтраў маніторынгу і інфармацыі радыяцыйнага кантролю і бяспекі дапамаглі мясцоваму насельніцтву атрымліваць чыстае малако ды іншыя харчовыя прадукты, а таксама павялічылі ўзровень інфармаванасці насельніцтва пра бяспечнае жыццё ў пацярпелых раёнах. Асноўныя намаганні ў галіне аховы здароўя былі накіраваны на падтрымку цяжарных жанчын і маладых маці, укараненне сістэмы маніторынгу раку малочнай залозы.

У гэтым годзе ПРААН завяршае сваю галоўную каардынуючую місію ў постчарнобыльскай рэабілітацыі. Цяпер яна будзе адыгрываць дапаможную ролю па  развіцці найбольш пацярпелых ад Чарнобыля раёнаў. Тым не менш, ПРААН у Беларусі, безумоўна,  працягне сваю дзейнасць у адпаведнасці з Праграмай у галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года і прыярытэтамі на глабальным, рэгіянальным і нацыянальным узроўнях.

Відавочна, што ПРААН  працягне  аказваць садзеянне ў выпрацоўцы стратэгіі міжнароднага супрацоўніцтва па Чарнобылі і  пасля 2016 года. Будзе, у прыватнасці,  весціся работа па перадачы ведаў. Сёння вельмі актуальны абмен досведам па пераадоленні складаных наступстваў ядзернай катастрофы ў самым шырокім кантэксце. Бо гэта мае важнае значэнне не толькі для канкрэтнага рэгіёна, але і для ўсяго свету.

Ужо заяўлена, што ПРААН у Беларусі засяродзіцца на стварэнні новых партнёрстваў для ўкаранення інавацый і прыцягнення інвестыцый у пацярпелыя ад Чарнобыля раёны. Акрамя таго, абапіраючыся на досвед паспяховай рэалізацыі сваіх папярэдніх праграм у гэтых рэгіёнах, сканцэнтруецца на развіцці мясцовых грамадскіх ініцыятыў. Напрыклад, у рамках бягучага лакальнага праекта развіцця, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам.

Уладзімір Міхайлаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter