Пагоны ціснулі?

На Гомельшчыне афіцэр міліцыі гандляваў катэрамі і іншамаркамі

На Гомельшчыне афіцэр міліцыі гандляваў катэрамі і іншамаркамі.

Пры дапамозе свайго знаёмага з ЗША ён шукаў за мяжой шыкоўныя аўтамабілі і катэры, затым змяшчаў у Інтэрнэце аб’явы аб іх продажы. Знаходзіўся пакупнік — афіцэр міліцыі неадкладна займаўся дастаўкай транспартных сродкаў у Беларусь, пастаноўкай іх на ўлік і наступным продажам. Такім чынам, за два апошнія гады ён прадаў дзве іншамаркі. У Жыткавічы «паплылі» два катэры — за 22 тысячы «зялёных» і 28,2 мільёна рублёў. Яшчэ адно судна за 13 тысяч долараў дасталося гамяльчаніну.

У выніку праверкі ўстаноўлена, што сваімі дзеяннямі афіцэр міліцыі, які з’яўляўся пасадавай асобай, парушыў антыкарупцыйнае заканадаўства.

— Супрацоўніку міліцыі забаронена займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю і бізнесам, — патлумачыў Ігар Грышкевіч, супрацоўнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў упраўлення ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама.

Зараз з прадпрымальным міліцыянерам спынены раней заключаны кантракт. Апрача таго, яго дзеянням у бліжэйшы час будзе дадзена прававая ацэнка — ужо згодна з Крымінальным кодэксам.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter