Паэзія — на тры краіны

У Браслаўскім раённым доме культуры прайшоў творчы вечар Станіслава Валодзькі
У Браслаўскім раённым доме культуры прайшоў творчы вечар Станіслава Валодзькі
Творчасць беларускага паэта з Даўгаўпілса добра вядома ў трох краінах: Беларусі, Латвіі, Літве. Кнігі паэзіі Станіслава Валодзькі ёсць у фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. А з Браслаўшчынай яго лучаць даўнія творчыя сувязі, песням на вершы земляка знайшлося месца ў рэпертуарах тамтэйшых гуртоў і салістаў. Такое міждзяржаўнае супрацоўніцтва — з’ява неардынарная, унікальная. На гэты раз, у Дзень незалежнасці Латвіі, атрымаўся цікавы канцэрт з песень на вершы паэта кампазітараў Латвіі, Літвы і Беларусі: Альберта Белуся, Міколы Яцкова, Леаніда Лаўрыновіча, Анатоля Мядзведзева, Аляксандра Рудзя, Юлі Васільевай, Ганны Пазлевіч, Ірэны Цымбалэ, Яўгена Лівіціна. На сцэне раённага Дома культуры іх выконвалі вакальныя гурты “Слабадчанка” з Слабодкі і “Сябрына” з Ахрэмаўцаў, салісты Валянціна Кука, Ванда Сіротка, Леанід Лаўрыновіч, Марына Шыркевіч, Марына Карач і Улад Мацеша. Выступілі і выхаванцы мясцовай Школы мастацтваў Віка Полтан, Даша Ахрамовіч і Ліза Давыдава.
Разам з паэтам прыехалі ў Браслаў яго сябры — таксама таленавітыя! Ад дэлегацыі гасцей шэраг песень на словы Станіслава Валодзькі праспявалі Сяргей Піманаў і Ірэна Цымбалэ. У выкананні Ірэны гучала латгальская народная песня “Auga, аuga ruћeņa» на латгальскай мове і на беларускай у перакладзе С. Валодзькі. Пад канец канцэрта паэт чытаў свае вершы, у тым ліку і прысвечаныя Браслаўшчыне.
Пад час канцэрта гледачоў віталі старшыня Браслаўскага райсавета Ніна Пучынская, дырэктар бібліятэчнай сістэмы Браслаўшчыны паэтэса Вольга Ляснеўская, загадчыца райаддзела культуры Галіна Караткова. У фае працавала выстава кніг паэта.

Алёна Светлая
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter