Паэзіі чароўны гук

Брэстаўчане з'ездзілі на фестываль паэзіі Марыі Канапніцкай

Брэстаўчане годна прадставілі Беларусь на Міжнародным фестывалі паэзіі Марыі Канапніцкай у Польшчы.

На працягу пяці дзён, пакуль у польскім мястэчку Пшэдбуж праходзіў паэтычны форум, майстэрства дэкламацыі вершаў змаглі прадэманстраваць 250 удзельнікаў не толькі з Беларусі, але таксама з Англіі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі і Эстоніі. Брэст ужо ў 15 раз на фестывалі прадстаўляла грамадская арганізацыя «Польская Мацеж школьная «Палессе».

Праграма конкурсу складалася з некалькіх частак. У першы дзень са сцэны гучалі вершы вядомай польскай паэтэсы Марыі Канапніцкай, у другі — спевы паводле яе твораў, а на трэці — вакальна-інструментальныя кампазіцыі на вольную тэму. Удзельнікі заключнай часткі фестывалю яшчэ раз паказалі свае нумары ў гала-канцэрце ў фінале мерапрыемства.

Традыцыйна высокі ўзровень брэсцкіх удзельнікаў зноў пацвердзіўся шматлікімі ўзнагародамі, якія школьнікі прывезлі дадому сёлета. Уладальніцай спецыяльнага прыза стала Аліна Клімук, якая лепш за ўсіх прачытала вершы Марыі Канапніцкай. А вось сапраўднымі авацыямі зала ўзнагародзіла ўладальніцу другой прэміі фестывалю Марыну Хайко. Таксама журы ацаніла высокі ўзровень выканаўчага мастацтва Рамана Нічыпарука і Рамана Саўчука. Надоўга запомніцца гледачам і выступленне ансамбля «Вячоркі» пад кіраўніцтвам Аляксандра Будзько. Івана Зуева, які спяваў пра Беларускае Палессе, і Анастасію Кардаш з «Беларусачкай» доўга не адпускалі са сцэны пад шматлікія авацыі «Брава!».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter