Іркуцкія беларусы ладзілі гістарычна-літаратурную сустрэчу і паміналі продкаў

Паэты даўняе пары

Іркуцкія беларусы ладзілі гістарычна-літаратурную сустрэчу і паміналі продкаў
Іркуцкія беларусы ладзілі гістарычна-літаратурную сустрэчу і паміналі продкаў

Дзень памяці продкаў Дзяды мы адзначалі 1 лістапада. У беларусаў у гэты дзень заведзена збірацца за сталом і ўспамінаць пра сваіх продкаў, расказваць сямейныя гісторыі і легенды, частавацца рытуальнымі стравамі. А ў Іркуцкім таварыстве беларускае культуры імя Яна Чэрскага склалася і такая традыцыя: штогод ладзім на Дзяды літаратурна-гістарычную сустрэчу. Пачынаем з рытуальных дзей, заканчваем вялікім застоллем-бяседай.Пра ўласных продкаў пры тым не надта згадваем: гэта ўсё ж лепей рабіць дома, у коле сваёй сям’і. Затое распавядаем пра знакамітых беларусаў, якія пакінулі значны след у гісторыі, навуцы, літаратуры ды іншых сферах жыцця.

Госць вечарыны — доктар медыцыны Анатоль Рэут
Госць вечарыны — доктар медыцыны Анатоль Рэут

Сёлета тэмаю сустрэчы стала беларуская паэзія ХІХ стагоддзя. А якіх паэтаў з тых часоў мы ведаем? Згадалі Купалу і Коласа, Багдановіча і Танка — але ўсе яны тварылі ў ХХ стагоддзі. А ёсць жа Ян Чачот, Вінцэсь Каратынскі, Зося Манькоўская (Тшашчкоўская)... У тых паэтычных часінах шмат розных таямніц. За паўтары гадзіны прагучала некалькі дакладаў. Гаварылі пра творчасць удзельніка таемнай суполкі філаматаў Яна Чачота, які прысвяціў адну з беларускамоўных песень блізкаму сябру Адаму Міцкевічу. Пэўна, вялікі паэт і спяваў з сябрамі па-беларуску. Згадалі пра ўдзельніка паўстання 1830 года Аляксандра Рыпінскага. Дарэчы, ён прапанаваў карыстацца літарай “ў”, з паўколам наверсе, што мы і цяпер робім. Праўда, новаўвядзенне было на лацінцы: “ŭ”.

Зацікаўленасць выклікала бія­графія Зоф’і Тшашчкоўскай, да­следчыкі называюць яе і Зосяй Манькоўскай: яна пісала пад псеўданімам Адам М-скі. Беларускамоўныя вершы паэткі былі знойдзены ў архівах толькі ў 70-я гады ХХ стагоддзя. Вялася размова і пра доўгую гісторыю з высвятленнем аўтарства паэмы “Тарас на Парнасе”.  Цяпер вядома: гэта Канстанцін Вераніцын, ураджэнец Гарадоцкага раёна. Узгадваліся імёны Уладзіслава Сыракомлі, Францішка Багушэвіча, Яна Баршчэўскага, Янкі Лучыны ды іншых. Усяго ж героямі Дзядоў сталі 12 паэтаў. Былі аповеды пра іх біяграфіі, чыталіся творы. Матэрыялы з вечарыны будуць апублікаваны ў нашай газеце “Маланка”.

Скончылася сустрэча святочным застоллем. Дарэчы, на беларускія сталы ў Іркуцку вяртаецца нацыянальная ежа. Яшчэ 5-6 гадоў таму на святах “з беларускага народнага” ў нас былі хіба дранікі — цяпер часцей мы бачым на сталах кіслы хлеб, аўсяны ці льняны кісель, бабку. На мінулым свяце, здаецца, упершыню з’явілася капытка — страва, пра якую мы раней толькі чулі.

І яшчэ. На свята Дзяды завітаў да нас цікавы чалавек, якога можна назваць жывой легендай: іркуцкія беларусы пра яго чулі, ды мала хто бачыў. Гэта ўраджэнец Міншчыны Анатоль Ануфрыевіч Рэут, доктар медыцынскіх навук, прафесар. Ён 18 гадоў таму стаяў ля вытокаў беларускага руху ў Іркуцку, адзін са стваральнікаў Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. Дарэчы, Анатоль Ануфрыевіч адзначыў свой 84-ы дзень нараджэння 6 лістапада. Шчыра віншуем!

Аляксей Кухта, г. Іркуцк
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter