Падарунак гор

Надзіва багатай на каштоўныя знаходкі стала сёлетняя археалагічная экспедыцыя пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук, прафесара Ігара Марзалюка ў Мсціслаў
Надзіва багатай на каштоўныя знаходкі стала сёлетняя археалагічная экспедыцыя пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук, прафесара Ігара Марзалюка ў Мсціслаў.

На Замкавай гары была знойдзена берасцяная грамата. Як устанавіў вучоны, маленькі жыхар старажытнага Мсціслава ў пачатку 12-га стагоддзя вучыўся на ёй пісаць і нават намаляваў малюнак. Дарэчы, трыццаць гадоў таму ў час папярэдніх раскопак на гэтым жа месцы таксама знайшлі берасцяную грамату.

Археолагі яшчэ адкапалі багаты дом — тут, на думку Марзалюка, мог жыць князь альбо ювелір. Аб яго дастатку сведчаць распісаная золатам візантыйская чаша для віна, дарагія жаночыя ўпрыгажэнні. Сярод знаходак — прасніца з надпісам на кірыліцы, скураны пояс дружынніка, ранне-хрысціянскія крыжы.

Дзякуючы ўласцівасцям мясцовай глебы ў Мсціславе захавалася і драўляная маставая, якой звыш васьмісот гадоў. На думку гісторыкаў, раскопкі ў старажытным горадзе абяцаюць яшчэ шмат цікавых, а магчыма, і сенсацыйных знаходак. Сваю работу тут археолагі плануюць завяршыць праз некалькі дзён. А потым месца раскопак закансервуюць і зробяць музеем пад адкрытым небам.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter