Падарожжа з Беларусі на… Сахалін. Яго можна ажыццявіць усяго за 11 хвілін

Ад цэнтра Еўропы да Далёкага Усходу, ад Беларусі да Сахаліна велізарная адлегласць, больш за 11 тысяч кіламетраў. Калі ў такую вандроўку адправіцца поездам, яна зойме больш за тыдзень. Самалётам давядзецца ляцець амаль 8 гадзін. Але ў Слуцкім раёне можна паскорыць час і трапіць з аднаго месца ў другое ўсяго за некалькі хвілін. Прычым НЛА для гэтага не спатрэбіцца. У былой вотчыне княгіні Анастасіі, якая так гераічна змагалася з татарамі, ёсць і свая Беларусь, і свой Сахалін.

Як Амерыка знікла з карты

Знаменскі сельсавет Слуцкага раёна лёгка трапіў бы ў кнігу рэкордаў нашай краіны (калі б такая была) па колькасці гучных назваў на кіламетр квадратны. Пра Сахалін і Беларусь мы ўжо ўзгадвалі. А гадоў пятнаццаць таму тут можна было завітаць і ў Амерыку. На жаль, гэты “кантынент” патануў у бездані гісторыі. Мясцовым назва хутара падавалася надта ж гучнай, таму яго далучылі да вёскі Сераднякі. Тым не менш хутаран па старой звычцы ўсё яшчэ клічуць амерыканцамі.
Адкуль у вяскоўцаў такая цяга да “касмапалітызму” ў назвах? Старшыня сельсавета Аляксандр Пекар працуе на сваёй пасадзе 13 гадоў, але дакладнага адказу на гэтае пытанне даць не можа.
— У нас ёсць вёсачка Хлебны Клін, дык з ёй усё зразумела. Раней тут сяліліся дзеці заможных сялян, яны былі працавітыя, жылі ў дастатку, карацей, хлеба ім хапала. Адсюль і назва. Праўда, у перыяд калектывізацыі “архоўцаў” — так празвалі багатых вяскоўцаў — раскулачылі, — распавядае Аляксандр Мікалаевіч. — Што тычыцца Сахаліна і Беларусі, то, можа, у Савецкім Саюзе было модна так называць паселішчы?
У старшыні хапае і ўласных успамінаў пра савецкі перыяд (магчыма, з гэтай нагоды ён і трымае ў сваім кабінеце бялюткі бюсцік Леніна). Адзін з самых яркіх — армія. Аляксандр Пекар трапіў у Брэст, у танкавыя войскі. Туды часта прыязджалі палкоўнікі і генералы — кіраўнікі армій краін Варшаўскага дагавора.
— Яны павінны былі час ад часу здаваць залікі на танках, але некаторыя з военачальнікаў ледзьве пралазілі ў люк. Таму нам, звычайным салдатам, прыходзілася за іх і ездзіць, і страляць, — успамінае кіраўнік сельсавета. Сёння ён ездзіць на ўазіку — гэта машына таксама чымсьці падобна на танк: расійскі аналаг пазадарожніка праходзіць там, дзе іншыя аўто гразнуць па самыя вушы. І гэта вельмі добра. Мы ж збіраемся на Сахалін.

Восем беларускіх сахалінцаў

Самы вялікі востраў Расіі мае значныя запасы нафты, газу і вугалю. Наш Сахалін таксама валодае пэўнымі прыроднымі рэсурсамі, але куды больш сціплымі: слуцкія будаўнікі ездзяць сюды па пясок. Дарога да вёскі незаасфальтавана, і цяжкія грузавікі раз’ездзілі яе ў гразь, што не дзіўна пры дажджлівым надвор’і. Гэтая акалічнасць яшчэ больш радніць два Сахаліны. У расійскім з дарогамі таксама не ўсё добра.
Уазік скача па калдобінах, пакуль мы не заязджаем у вёску. Адразу ж робім аглядную экскурсію — яна атрымліваецца не вельмі вясёлай.
— Тут дача, там — таксама, а ў гэтым доме ніхто не жыве, — паказвае Аляксандр Пекар.
Насельніцтва Сахаліна патроху скарачаецца і складае зараз усяго восем чалавек. Сем з іх — пенсіянеры (на расійскім востраве таксама б’юць трывогу з-за дэмаграфічнай сітуацыі, але з 500 тысячамі жыхароў яны няхутка нас “дагоняць”). Крамы ў вёсцы, зразумела, няма, аўтобус сюды не заходзіць, ды і “хуткая дапамога” не заўсёды адважваецца на ралі па дарожнай дрыгве.
— Два разы на тыдзень у Сахалін прыязджае аўтакрама. Дарогу ў хуткім часе павінны паднавіць. А вось у аўтобусе няма вялікай патрэбы. Старых у асноўным наведваюць дзеці, яны маюць уласныя машыны, — кажа старшыня.

Месца ссылкі

Мы завіталі ў госці да карэннага сахалінца Мікалая Падліпскага. Ён нарадзіўся ў 1927 годзе, а саму вёску заснавалі за чатыры гады да гэтага.
— Раней у вёсках жыло шмат людзей, не тое што зараз. Зямлі часта не хапала. Вось мае бацькі і перасяліліся з Лучнікаў у Сахалін. Чаму так назвалі вёску? Таму што яе пабудавалі ў голым полі. Дарог не было, вясной разліваліся рэчкі, і незахопленым заставаўся толькі адзін астравок. Людзі самі прыдумалі гэту назву на сходзе, — расказвае Мікалай Самуілавіч.
Ад паралеляў з Расіяй нікуды не падзецца. Доўга лічылася, што Сахалін — гэта паўвостраў,  пакуль у 1849 го-дзе экспедыцыя Невельскага не прайшла на караблі паміж мацерыком і Сахалінам. Абмываецца ён двума морамі — Ахоцкім і Японскім. На нашым Сахаліне, які таксама ў нейкім сэнсе аказаўся востравам, функцыі мораў раней выконвалі рачулкі Лакнея і Вужанка. Але пасля таго, як іх рэчышчы паглыбілі, яны спынілі свае вясновыя наступы на вёску.
З 1875 года далёкаўсходні Сахалін пачалі выкарыстоўваць як месца для ссылкі. На шчасце, нікому з беларускіх сахалінцаў не давялося прайсці гэтым горкім шляхам. Зрэшты, у савецкія часы былі маршруты не менш страшныя.
— Мой бацька адмовіўся ўступаць у калгас, дык у яго адабралі ўсю гаспадарку і адправілі ў Слуцк, у каталажку, — узгадвае Мікалай Падліпскі. — Неяк да каталажкі пад’ехаў варанок, а з-пад яго зачыненых дзвярэй цякла кроў — справа была ў 30-я гады. Бацька стаяў за кратамі і глядзеў. Гэта заўважыў супрацоўнік НКУС, які і сказаў: “калі ты такі цікаўны, усё зведаеш на сабе”. І адправілі бацьку на будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала. З 12 тысяч чалавек, што жылі ў лагеры, праз год засталося толькі 4 тысячы. Бацька быў сярод іх. Маці паслала яму вялікі кавалак сала, дзякуючы якому ўдалося “купіць” у доктара даведку аб цяжкай хваробе і вярнуцца з лагера...

“Веру ў лёс і ў сумленне людзей”

Нягледзячы на такія ўспаміны, на тое, што раней у “калгасах зарплату выдавалі толькі раз на год, і то невялікую” і што “белы хлеб елі выключна па святах”, Мікалай Самуілавіч лічыць, што ў гады яго маладосці жылося цікавей:
— Жыццё тады бурліла, а зараз людзі сталі зайздроснымі, ніхто не пяе, ніхто не весяліцца, а толькі працуюць ці п’юць.
Сам дзед таксама не супраць прапусціць чарку-другую. Упэўнены, што гэта карысна для арганізма, як і праца. А яе, працы, багата. Нягледзячы на ўзрост, Мікалай Падліпскі трымае 3 парсюкоў, 12 авечак і 40 курэй.
— Нядаўна я трэці раз за жыццё трапіў у бальніцу. Казалі, будуць камяні ў нырках шукаць. Дык на другі дзень, як толькі палягчэла, я адтуль уцёк, — гарэзліва кажа сахалінец.
У яго на тэлевізары ляжаць навушнікі (ужо дрэнны слых), а на стале — адкрытая Біблія. Праўда, чытае яе не Мікалай Самуілавіч, а дзеці, якія да яго прыязджаюць.
— Я чалавек не вельмі грэшны і не вельмі святы. Веру ў лёс і ў сумленне людзей.
У часы росквіту на Сахаліне стаяла 12 хат, у кожнай было ад чатырох да шасці дзяцей.
— А зараз нас толькі восем чалавек, ды і тыя не самыя лепшыя, — іранічна ўздыхае старажыл. — Хаця чаго тут казаць: самі імкнуліся вывучыць дзяцей, аддалі на гэта ўсе сілы, вось і засталіся.
Праўда, на адзіноту спадар Падліпскі не скардзіцца. Адзін сын жыве ў суседняй вёсцы, другі сын і дачка — у Салігорску. Так што выхадныя без гасцей ніколі не абыходзяцца. Ды і ёсць у сям’і добрая традыцыя — усе дні нараджэння адзначаць на Сахаліне.

У госці да Царука

Развітаўшыся з Мікалаем Падліпскім, збіраемся ў дарогу. Праўда, не вельмі далёкую — з Сахаліна ў Беларусь. Перад тым як паехаць, засякаем час. Праходзіць 11 хвілін, і мы прыбываем да месца прызначэння — у абсалютную “цёзку” нашай краіны.
У параўнанні з Сахалінам Беларусь — сапраўдны “мегаполіс”. Тут пражывае ў два разы больш людзей (17 чалавек). Галоўная і адзіная вуліца называецца без марных вынаходстваў — таксама Беларусь. Спыняемся ля дома, у двары якога на клёне буслы збудавалі гняздо. Кажуць, у дрэва біла маланка, але гняздо ацалела. Так што птушкам-сімвалам нашай краіны шанцуе.
У доме жыве сям’я Козелаў. Галава сямейства Іван Аляксеевіч — старажыл вёскі. Можа, ён ведае, чаму яе так назвалі?
— Я  нарадзіўся  ў 1939 го-дзе, і яна так ужо называлася. А больш нічога пра гэта сказаць не магу, — расчараваў нас гаспадар.
Затое  ён  пагадзіўся  рас-крыць сакрэт сваёй  амаль што  высакароднай  мянушкі — Царук.
— Мой дзед адслужыў у рэкрутах 25 гадоў. А пасля яму ў тутэйшых краях далі кавалак зямлі — як падзяку цара. Ён прыйшоў сюды з адным гармонікам і збудаваў добрую гаспадарку. А мянушка за ім назаўжды замацавалася і перадавалася членам нашай сям’і — Царук.
Сын Івана Аляксеевіча працуе ў калгасе трактарыстам. Ці варта казаць, што ездзіць ён на трактары “Беларус” (а як інакш у такой вёсцы!). Распавядаюць, што калісьці недалёка ад сяла быў яшчэ адзін беларускі сімвал — царква. Але яна ці то згарэла, ці яе проста разбурылі змагары з рэлігіяй. Дакладна ўжо ніхто не помніць.

Калі пакідалі наш сахалінскі край, па радыё перадалі, што ў Расіі на Сахаліне выпала месячная норма снегу. “Вось бы нам сюды хоць крыху”, — жартавалі мы з фатографам. І вось цуд — снег пайшоў! Можа, гэта расійскі востраў перадаў прывітанне беларускаму цёзку?

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter