Мінскія архітэктары і магілёўскія спецыялісты ўзяліся за пашырэнне магчымасцяў гарадскіх «інтэр'ераў» Магілёва

Падарожжа ў будучыню

Мінскія архітэктары і магілёўскія спецыялісты ўзяліся за пашырэнне магчымасцяў гарадскіх «інтэр'ераў» Магілёва
Гарады як людзі. Растуць, мяняюцца звонку і ўнутрана. І, вядома ж, імкнуцца падтрымліваць свой імідж. Але ў пагоні за знешнім глянцам часам губляюць самабытнасць і адметнасць. У апошні час такія прэтэнзіі былі прад’яўлены і Магілёву. Што зрабіць, каб стыль горада стаў больш дынамічны, выдатныя мясціны — больш прыкметнымі, а камфорт — на клас вышэй?



У пошуку аптымальных архітэктурных і сацыяльных рашэнняў у абласным цэнтры ў апошні час ажыццявілі мноства праектаў. Магілёў прырос гандлёвымі цэнтрамі, вышыннымі жылымі дамамі, сучаснымі спартыўнымі комплексамі. Адноўлена і Ратуша — даўні кампазіцыйны цэнтр горада. Чарговым крокам у справе ўдасканалення іміджу абласнога цэнтра павінен быў стаць конкурс на лепшыя прапановы па афармленні галоўных вуліц. Сваімі ідэямі, удакладніў галоўны архітэктар Магілёва Уладзімір Скачак, падзяліліся дваццаць пяць суіскальнікаў — як прадстаўнікі кампаній, так і проста неабыякавыя грамадзяне.

Але вынікі пакуль падводзіць не сталі. Гарадскія ўлады адчулі: надышоў час вырашыць задачу комплексна, гэта значыць стварыць адзіны, завершаны вобраз Магілёва, які вылучаў бы горад сярод падобных, цешыў жыхароў і здзіўляў гасцей. Таму спіс аўтараў ідэй пашырыцца імёнамі прафесійных мінскіх архітэктараў. Для пачатку іх запрасілі на экскурсію. Уражаннямі ад убачанага, а таксама сваімі ідэямі аб тым, якім можа ў будучыні стаць Магілёў, падзяліўся кіраўнік адной з мінскіх фірм Антон Гарустовіч:

— Часам, — прызнаў архітэктар, — з боку ўбачыць можна значна больш. Магілёў — горад прыгожы, з багатай гісторыяй. Зразумела, многія помнікі мінуўшчыны не захаваліся: у прыватнасці, не засталося абарончых збудаванняў. Вядома, вяртанне страчанага справа вельмі затратная. Але ж можна знайсці іншае рашэнне — акцэнтаваць увагу на тых месцах, дзе калісьці стаялі ўнікальныя будынкі, храмы ці адбылася нейкая важная падзея.

—  У Магілёве ёсць паспяховыя прадпрыемствы, але прыезджаму чалавеку назвы «Магатэкс» або «Магілёўліфтмаш», па сутнасці, нічога не гавораць. Гэта таксама можна было б цікава абыграць: дапусцім, усталяваць помнік ліфта або распрацаваць альтанку, дзе будзе задзейнічана і тканіна, — падзяліўся сваім поглядам на пашырэнне магчымасцей гарадскіх «інтэр`ераў» Антон Леанідавіч.

Галоўная задача — увязаць усе асаблівасці архітэктуры горада ў адзіную карціну, каб у Магілёва з`явілася свая індывідуальнасць. А асновай кампазіцыі можа стаць старая частка горада з пешаходнай вуліцай. Хоць і трэба выправіць некаторыя хібы — рэкламныя шчыты, якія ўносяць дысананс у вулічныя «інтэр`еры», закрываюць від на знакавыя аб`екты і пры гэтым не даюць інфармацыі аб самім горадзе.

— Вядома, хацелася б вярнуць страчаныя каштоўнасці. Вось аднавілі Ратушу — і былы Нагорны пасад адразу зайграў новымі фарбамі, стаў адной з галоўных архітэктурных перлін горада, вобласці, ды і ўсёй краіны таксама. Для магілёўскіх дойлідаў мінулых стагоддзяў характэрным лічыўся стыль віленскага барока. Думаю, было б правільным упісваць яго элементы і ў новыя будынкі, якія ўзводзяцца ў старых кварталах, — лічыць дырэктар музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў.

Дарэчы, права выказаць крэатыўныя ідэі з нагоды змены іміджу абласнога цэнтра ёсць не толькі ў архітэктараў, але і ў радавых магіляўчан — грамадскае абмеркаванне значных праектаў даўно ўвайшло ў практыку Магілёўскага гарвыканкама. Адзін з іх — будаўніцтва Паднікольскага парку. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк рашэнне старшыні Магілёўскага гарвыканкама Уладзіміра Цумарава вярнуць гораду Пакроўскі пасад лічыць вельмі своечасовым. Добраўпарадкаваная зялёная зона дадасць чыстага паветра ў лёгкія горада — тым больш што падабаючага парку ў Магілёве, можна сказаць, няма.

— Змяніць аблічча адразу ўсяго горада па сілах, — упэўнены гісторык. — Гэта зразумела на прыкладзе Мсціслава, які прыкметна і ў лепшы бок змяніў свой воблік. Некаторыя будынкі тут адрэстаўравалі, дзесьці хапіла абнаўлення фасадаў, аднаўлення агароджаў. З`явіліся і невялікія скульптуры. У рэшце пазл склаўся: Мсціслаў на самай справе вярнуў сабе былыя прыгажосць і веліч.

Svet.markova@gmail.com
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter