На XXVII Минской книжной выставке-ярмарке запланировано более 500 событий

Пад знакам кнiгi

Ужо зусiм хутка, 5 лютага, запросiць на ўрачыстае адкрыццё XXVII Мiнская мiжнародная кнiжная выстаўка-кiрмаш. Чым яна будзе адметная, якiх вядомых гасцей запрасiлi? Пра гэта чытачам «СБ. Беларусь сегодня» расказвае мiнiстр iнфармацыi Аляксандр Карлюкевiч.

фото юрия мозолевского.

— Мiнулагоднюю XХVI Мiнскую мiжнародную кнiжную выстаўку-кiрмаш называюць рэкорднай па колькасцi наведвальнiкаў i ўдзельнiкаў. Якiя спадзяваннi сёлета?

— Летась выстаўку наведала больш за 60 тысяч чалавек. Так, вiдаць, рэкорд. Цi будзе ён перавышаны, паглядзiм. Сёлета колькасць прэзентацый, аўтограф-сесiй, круглых сталоў i iншых сустрэч наблiжаецца да 500… Краiнай — ганаровым госцем з’яўляецца Расiйская Федэрацыя, праца на яе стэндзе чакаецца вельмi насычанай. Згадаю, што Беларусь у вераснi была ганаровым госцем на кнiжнай выстаўцы ў Маскве. Цэнтральным экспанентам стануць Злучаныя Штаты Амерыкi, iх праграма скiравана на прадстаўленне вучэбнай лiтаратуры на англiйскай мове. Дарэчы, прывяду такi статыстычны факт. На англiйскай мове ў 2019 годзе ў нашай краiне пабачылi свет кнiгi i брашуры 559 назваў. Гэта 10,1 працэнта ад агульнага тыражу выдадзеных кнiг, па колькасцi — 2,64 млн
экзэмпляраў. Для параўнання: на нямецкай мове выдалi кнiгi, брашуры 64 назваў, на французскай — 44, на iспанскай — 26, на iншых замежных мовах — 129 назваў. Не магу не ўтрымацца яшчэ ад адной статыстычнай характарыстыкi: 9,1 працэнта складаюць (па назвах) перакладныя кнiгi. Гэта 879 назваў. А ў 2018 годзе было 857 назваў, у 2015-м — 545. Як бачыце, перакладаюць у нашай краiне ўсё больш.

— Якiя лiтаратурныя зоркi запрошаны?

— На цэнтральнай пляцоўцы выступiць папулярная не толькi ў Расii, але i на ўсёй постсавецкай прасторы Таццяна Усцiнава. Прыедуць аўтары папулярнай «маладагвардзейскай» серыi «Жыццё знакамiтых людзей»: Леанiд Млечын (ён прэзентуе кнiгу «Правадыры СССР»), Вячаслаў Бандарэнка (ён жа яшчэ i беларускi тэлевiзiйны журналiст), Мiкалай Далгаполаў (канешне ж, прадставiць свае кнiгi пра легендарных разведчыкаў), Яна Вагнер (па яе рамане-антыўтопii зняты тэлесерыял «Эпiдэмiя»). Сярод удзельнiкаў ваенна-гiстарычны пiсьменнiк Яўген Анташкевiч, якi шмат пiша пра падзеi Першай сусветнай на тэрыторыi Беларусi, старшыня Саюза пiсьменнiкаў Расii Мiкалай Iваноў, цiкавыя расiйскiя дзiцячыя пiсьменнiцы Ганна Ганчарова i Насця Томская, пiсьменнiк са Злучаных Штатаў Амерыкi Дуглас Мак — аўтар падарожных кнiг, украiнскi гiстарычны празаiк Iрына Данеўская прэзентуе працяг свайго рамана «Багуслаў Радзiвiл. Генерал караля» ў перакладзе на беларускую мову.
На кнiжнай выстаўцы выступiць шэраг аўтараў папулярнай серыi «Жыццё знакамiтых людзей».
— А што наконт адметных беларускiх выданняў?

— На выстаўцы можна будзе ўбачыць цэлую лiнейку кнiг, прымеркаваных да Года малой радзiмы. А гэта i манаграфiчная, i публiцыстычная адначасова кнiга Уладзiмiра Дражына пра вёску Дражна Старадарожскага раёна, i альбом з мастацкiмi, дакументальнымi тэкстамi пра Давыд-Гарадок на Брэстчыне «Кветкавы край Беларусi». Аўтары гэтага праекта — «звяздоўскi» фотамастак Анатоль Кляшчук i паэт Леанiд Дранько-Майсюк. Згадаю кнiгi, якiя нараджалiся на старонках газеты «СБ. Беларусь сегодня»: зборнiк нарысаў, эсэ Iнэсы Плескачэўскай пра скарынаўскiя адрасы ў свеце i кнiга вядомага палiтыка, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi, доктара гiстарычных навук Iгара Марзалюка пра мiфы, звязаныя з БССР, станаўленнем беларускай дзяржаўнасцi. Дарэчы, вельмi актыўна ўдзельнiчаюць у кнiжнай выстаўцы акадэмiчныя вучоныя, вучоныя i практыкi з медыцыны. Славуты мамолаг спадар Леанiд Путырскi прэзентуе сваю насычаную рэкамендацыямi кнiгу, якую ён адрасуе жанчынам. Сярод аўтараў цiкавых кнiг i рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта Андрэй Кароль, i вядомы дыпламат, вучоны Iван Антановiч… 

фото алексея столярова.

— У гэтым годзе кнiжны форум не абмяжоўваецца прасторай выставачнага цэнтра, цiкавыя падзеi пройдуць па ўсiм горадзе… 

— Так, з мiнулага года гэта стала часткай канцэпцыi. Перш за ўсё раю зазiрнуць у кнiгарню «Светач». У яе прасторы прой­дзе шмат прэзентацый, аўтограф-сесiй, у тым лiку вядомай расiйскай пiсьменнiцы Аляксандры Марынiнай. А яшчэ ж непадалёку ад выставачнага комплексу i кнiгарня «Дружба», дзе чакаюцца прэзентацыi з удзелам замежных пiсьменнiкаў, кiраўнiкоў дыпламатычных мiсiй. Мiж iншым, сёлета ўпершыню ў нашай краiне выйшла кнiга бенгальскага бангладэшскага паэта Казi Назрула Iслама «Мой манiфест» у перакладзе на беларускую мову. У Нацыянальным гiстарычным музеi Беларусi пройдзе выстаўка краязнаўчай i гiстарычнай лiтаратуры, выдадзенай з таго часу, як Прэзiдэнт краiны абвясцiў Год малой радзiмы. Цiкавая прэзентацыя — кнiгi «Санеты» Янкi Купалы на 17 (!) мовах свету — адбудзецца ў Купалаўскiм музеi.

— Крыху пра мiжнародны сiмпозiум «Пiсьменнiк i час»… 

— Прыедуць лiтаратары з Вялiкабрытанii, Польшчы, Азербайджана, ЗША, Пакiстана, Палесцiны, Кiтая, Казахстана i яшчэ цi не з двух дзясяткаў краiн. Па традыцыi — вялiкая група пiсьменнiкаў з Расiйскай Федэрацыi. Якая задача ў сiмпозiума «Пiсьменнiк i час»? Найперш паказаць Беларусь, нашы традыцыi, сацыяльны, палiтычны характар развiцця краiны, выразным складальнiкам якога з’яўляецца прэзiдэнцкая палiтыка, скiраваная на сцвярджэнне прыярытэтаў добрасуседства. Сiмпозiум праходзiць шосты раз. Лiтаратары, якiя вяртаюцца ў свае краiны, не пакiдаюць стасункi з Беларуссю. Дзякуючы гэтаму ў Кiтаi нядаўна выйшаў «беларускi нумар» часопiса «Захад». У Манголii пабачыла свет кнiга «Санеты» Янкi Купалы на мангольскай, беларускай i рускай мовах. У Сербii выйшаў цэлы шэраг кнiг сучасных беларускiх пiсьменнiкаў у перакладзе Даяны Лазарэвiч. У Грузii Аляксандр Элердашвiлi i Маквала Ганашвiлi рыхтуюць да выдання анталогiю беларускай паэзii на грузiнскай мове, у Туркменiстане празаiк Максат Бяшымаў з года ў год фармiруе беларускiя старонкi часопiса «Дунья эдэбiяты» («Сусветная лiтаратура). 
Замежныя ўдзельнiкi сiмпозiума «Пiсьменнiк i час» па вяртаннi ў свае краiны працягваюць стасункi з Беларуссю, займаюцца перакладамi беларускай лiтаратуры.
Запрашаю ўсiх наведаць падзеi выстаўкi-кiрмаша, бо кожны знойдзе нешта цiкавае. 

cultura@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter