«Беларусь 3» в прямом эфире покажет литургию с праздника Успения Пресвятой Богородицы, а после верующих ждет телеэкскурсия по Жировичскому мужскому монастырю

Пад святым покрывам

Заўтра, 28 жнiўня, на свята Успення Прасвятой Багародзiцы па календары праваслаўнай канфесii самая культурная кнопка айчыннай тэлепрасторы правядзе прамую трансляцыю лiтургii са Свята-Успенскага Жыровiцкага мужчынскага манастыра, якую ўзначалiць Патрыяршы Экзарх усяе Беларусi мiтрапалiт Венiямiн. Нагадаем, Успенне Прасвятой Багародзiцы — гэта адно з 12 найважнейшых пасля Вялiкадня свят у праваслаўных вернiкаў. У гэты дзень у храмах традыцыйна ўспамiнаюць паданне аб пахаваннi Божай Мацi, яе ўзнясеннi на неба i ўз’яднаннi з Богам i Сынам.

Слава пра Жыровiцкi абраз хутка разнеслася па наваколлi, i ў мястэчка пацягнулiся багамольцы.
Фото БЕЛТА

Сiла слова

Сацыякультурны тэлеканал «Беларусь 3» прапануе гледачам распачаць святочную ранiцу ў 8:10 з «Размовы пра духоўнае». У 10:00 будзе магчымасць далучыцца да палом­нiкаў, а таксама памалiцца за здароўе родных i блiзкiх падчас трансля­цыi сакральнай цырымонii ў Жыровiцкiм манастыры — буйнейшым у краiне архiтэктурным ансамблi XVII—XVIII стагоддзяў. Штогод па нябеснае заступнiцтва i дапамогу да галоўнай жыровiцкай святынi — цудатворнай iконы Божай Мацi — прыязджаюць тысячы вернi­каў. Лiчыцца, што Прасвятая Дзева заўсёды адказвае людзям сваёй лiтасцю. 

Пазнаёмiцца (калi вы яшчэ гэтага не зрабiлi) са знакамiтым абразом таксама можна будзе разам з вандроўнiкам i папулярным тэлевядучым Уладзiмiрам Богданам, якi ў 12:30 у праекце «Я хачу гэта ўбачыць» раскажа пра гiсторыю i архiтэктуру Жыровiцкага Свята-Успенскага манастырскага комплексу.

— Праграма выходзiць з 2014 года, i за гэты час я аб’ехаў на байку ўсю Беларусь, i не адзiн раз, — распавёў вядучы. — Прычым у новым сезоне мы не баялiся паўтарыцца з пункта гледжання геаграфiчных лакацый, таму што рабiлi ўжо зусiм iншую праграму — цыкл пра людзей з цiкавымi працай або захапленнямi. Кожныя горад цi мясцовасць мы спрабавалi паказаць праз чалавека, якi там жыве. I вы нават не ўяўляеце, колькi класных герояў знайшлi!

Шляхамi веры

Пра гiсторыю i сучаснае жыццё абiцелi i аграгарадка Жыровiчы, цудатворную iкону Божай Мацi, пра лёсы царкоўных дзеячаў, чыя духоўна-асветнiцкая праца была звязана з манастыром, а таксама пра помнiкi культуры i мастацтва, якiя ў свой час знаходзiлiся цi дагэтуль захоўваюцца ў Свята-Успенскiм манастыры, у нядзелю можна будзе даведацца з праграмы «Святынi Беларусi», якая пачнецца ў 7:45. Жыровiцкая абiцель мае для нашай краiны такое ж значэнне, што i Троiца-Сергiева лаўра для Расii i Кiева-Пячэрская для Украiны, гаворыць аўтар праекта Iнга Бялова:

— Жыровiцкi манастыр, якi паўстаў на мяжы XV i ХVI ста­год­дзяў на месцы цудоўнага з’яўлення абраза Божай Мацi, нiколi не закрываўся i за доўгую гiсторыю свайго iснавання стаў буйным духоўным цэнтрам беларускага народа. Хрысцiянскiя духоўныя iдэалы i святынi натх­нялi творцаў на плённую працу. На працягу пяцi стагоддзяў у Жыровiцкiм манастыры ства­ралiся i захоўвалiся лепшыя ўзоры кнiжнай, мастацкай, музычнай культуры нашага народа, iнтэлектуальныя помнiкi, дзейнiчалi навучальныя ўстановы для свецкiх i духоўных асоб.

За пяць гадоў, якiя прайшлi з моманту першага выпуску праграмы «Святынi Беларусi», Iнга Бялова, здымачная група Белтэле­радыёкампанii, а таксама гледачы тэлеканала «Беларусь 3» пазнаёмiлiся з гiсторыяй самых велiчных i цiкавых праваслаўных храмаў, касцёлаў i сiнагог нашай краiны. У праекце гучыць падрабязная iнфармацыя пра галоўныя абразы i iншыя ўшанаваныя святынi, важныя не толькi для вернiкаў, але i ў цэлым для людзей, якiя цiкавяцца гiсторыяй сваёй краiны, дапаўняе Iнга Бялова:

— Вядома, што беларуская зямля славiцца не толькi сваiмi прыроднымi ды культурнымi багаццямi. Ёсць у нас святынi, пакланiцца якiм штогод прыязджаюць тысячы паломнiкаў з розных канцоў свету. Камусьцi можа здацца незразумелым i дзiўным тое, што прымушае людзей адпраўляцца ў далёкi шлях, жыць часта не ў самых камфортных умовах... Таму мы даём магчымасць нашым гледачам здзейснiць такое ж паломнiцтва, але не выходзяцы з кватэры цi дома. I наша задача — максiмальна перадаць атмасферу i дух тых месцаў, якiя мы наведваем падчас здымак. 

leonovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter