Пад сцягамi Беларусi Расii Латвii i Эстонii

У віцебскі карпункт газеты “Рэспубліка” пазваніла начальнік Верхнядзвінскага райаддзела культуры Надзея Пагаранская. Яна паведаміла, што ў раёне з цікавасцю сочаць за ходам сумеснай экспедыцыі газеты “Рэспубліка” і тэлеканала АНТ па рацэ Заходняя Дзвіна, з нецярпеннем чакаюць прыбыцця яхты ў Верхнядзвінск.
Болей таго, верхнядзвінцаў можна смела залічваць удзельнікамі унікальнай акцыі “ОСВОБОЖДЕНИЕ: Победа. Память. Патриотизм”. Днямі ў раёне шосты раз прайшоў Міжнародны фестываль мастацтваў пад дэвізам “Дзвіна—Двина—Даугава”. Усе мерапрыемствы на працягу двух дзён адбываліся пад высока ўзнятымі сцягамі Беларусі, Расіі, Латвіі і Эстоніі. Сёлетні фестываль як ніколі раней меў экалагічны накірунак. Аб гэтым пастаянна нагадвала фотавыстава “Наша зямля – наш дом” удзельнікаў клуба “Цікавыя сустрэчы” пры Верхнядзвінскай ЦРБ. Як нашы землякі, так і госці з Расіі, краін Балтыі былі ў шчырым захапленні ад прыгажосці краявідаў беларускай поўначы. Можна не сумнявацца, што гэта значна памножыць рады прыхільнікаў акцыі “Зберажом планету жывой і чыстай”. Упершыню арганізатары фестывалю правялі конкурс “Міс Дзвіна”. Сапернічалі ў ім дзяўчаты з Беларусі, Расіі і Эстоніі. А самай бліскучай прыгажуняй прызнана верхнядзвінская школьніца з сярэдняй школы № 2 Надзея Захарэвіч. Ёй і прысуджаны прэстыжны тытул “Міс Дзвіна”. Аб усіх мерапрыемствах проста немагчыма расказаць. Многія з іх, вобразна кажучы, нагадваюць генеральную рэпетыцыю акцыі газеты “Рэспубліка” і тэлеканала АНТ. Для прыкладу, паэтычны конкурс “Мой край дарагі, старонка мая” меў гісторыка-патрыятычную накіраванасць у гонар 60-годдзя вызвалення Беларусі. У вершах і апавяданнях дзеці выказвалі свае адносіны да вайны, якой яны, на шчасце, не ведалі. А ўскладанне жывых кветак да помніка героям Вялікай Айчыннай вайны адметнае тым, што ў цырымоніі ўдзельнічалі дэлегацыі ўсіх чатырох дзяржаў. Яркімі канцэртнымі выступленнямі парадавалі творчыя калектывы расійскага горада Рослаўля, беларускай сталіцы, а таксама з гарадоў Салігорска, Лунінца, Шаркаўшчыны, Гомеля, гарадоў Эстоніі і Латвіі. Адзінадушна фестываль “Дзвіна—Двина—Даугава” прызнаны сапраўдным трыумфам дзяцінства.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter