Делегация Союза писателей Беларуси отправилась в творческую командировку в Ташкент. Как это было?

Пад ноты палескай сюіты

Дэлегацыя Саюза пісьменнікаў Беларусі вярнулася з творчай камандзіроўкі ў Ташкент

Борт Мінск — Ташкент з васількамі на фюзеляжы лёгка адарваўся ад зямлі. Наперадзе Форум творчай і навуковай інтэлігенцыі СНД, работа ў профільнай секцыі, прэзентацыя тома анталогіі прозы, сустрэча з аўтарамі і перакладчыкамі з розных краін, абмеркаванне далейшага ўзаемадзеяння, цікавыя літаратурныя знаёмствы. Першае ўражанне ад горада — незвычайны тонкі кветкавы пах. І ноч, як у нас, і мароз, і людзі, і машыны, а паветра такое, быццам тут хвіліну таму босая вясна з верша Анатоля Зэкава танчыла. Кагнітыўны дысананс: горад Таш, ці, як раней называлі, Шы, што значыць «камень», а водар кветкавы.

У дэлегацыі дзелавога форуму прадстаўнікі розных краін. 

Ташкенцкае метро

Ташкенцкая падземка нас выручыла двойчы. Першы раз, калі, нібыта сляпыя кацяняты, у поцемках, без мабільнай сувязі ды з дробнымі грашыма ў кішэнях шукалі дарогу ў гасцініцу. І толькі ўдзень жахнуліся: паміж праезнай і пешаходнай часткамі на месцы звыклых бардзюраў тут даволі глыбокія арыкі. Але ж не прапалі. Даверыліся і пайшлі ў той бок, куды накіраваў прахожы.

Другі раз метро дапамагло падчас знаёмства з Ташкентам. Хацелася той невялічкі адрэзак часу правесці з карысцю. Каб усё адразу: і горад пабачыць, і з культурнымі традыцыямі жыхароў пазнаёміцца. Позірк скіравалі на Сярэднеазіяцкі цэнтр плову. Падземная электрычка ўмомант дамчала б ранішніх вандроўніц да прыпынку «Шахрыстон». Але ці ўстаяў бы хто на нашым месцы, каб не падзівіцца выключным густам метрабудаўнікоў, што аздаблялі станцыі падземкі яшчэ за савецкім часам?! Казачныя сюжэты, гарманічныя, запамінальныя, не вельмі сапсаваныя сучаснай рэкламай.

Уражанні ад мясцовага каларыту незабыўныя.

Плоў усяму галава

Плоў для ўзбека — што для беларуса дранікі: ежа на ўсе выпадкі жыцця, хочаш — сам еш, хочаш — частуй гасцей. Цэнтр плову — знакавае месца для жыхароў горада, Мека сямейнага адпачынку, сустрэчы з сябрамі і сваякамі. А для такіх, як мы, цікаўных гасцей, яшчэ і магчымасць пабачыць на свае вочы працэс прыгатавання ад а да я. Побач з павільёнам адкрытая кухня. На лобным месцы вісяць толькі што разабраныя тушы, вакол іх завіхаюцца адны мужчыны. Наогул, там былі толькі мужчыны. Мы пакружылі вакол дзвюх вялікіх печаў, дзе ў казанах даходзіў плоў, схаваны за дзясяткам круглых падносаў.

Яшчэ раніца, а столік у вялікай зале, разлічанай на 500 месцаў, знайшлі дзякуючы «кампактнасці» нашай кампаніі. Дакладней, мы былі адзіныя ўтрох. Вакол вялікія сем'і, звычайна ўвесь клопат за адпачынак бяруць на сябе маладыя мужчыны роду. І спачувальныя погляды ўсходніх прыгажунь у наш бок усё-такі зачапілі, але настрой не сапсавалі. Старэйшыя ж прадстаўніцы, прыбраныя ў нацыянальныя строі, плылі як царыцы і нікога не заўважалі. Канечне, права захапляцца сабой яны велікадушна нам падарылі. І я ледзь вочы не зламала, прыняўшы ўмовы гульні. Як годна можна сустрэць узрост!

Але вернемся да плову. Гэта не каша з мясам, як нехта сабе ўяўляе, а, калі хочаце, своеасаблівы лад жыцця, вобраз думак — паэзія, адным словам.

Алайскі базар

На вуліцы мінус, сапраўдная каляндарная зіма, але ўпартае сонца збівае з панталыку. Мы трапляем пад магію 8 Сакавіка, і стан на аўтамаце патрабуе мімоз. Алайскі базар і сустрэў нас у такім настроі. З голаду там дакладна не памрэш, хутчэй наадварот. На кожным прылаўку настойліва прапаноўвалі прысмакі. І мы частаваліся. Не ад сваёй недалікатнасці — зусім не. А таму, што беларуская гаспадыня прывыкла да фаршыраванага перцу ці на крайні выпадак (калі жанчыне выпала быць жонкай не паэта, а рыбака) фаршыраванага шчупака. А тут начынены нейкай смакатой з чатырох складальнікаў чарнасліў! Атрымаўшы сонечны ўдар усходняй гасціннасці, наша памяць пазнавала толькі разынкі і часам арэшкі, калі тыя былі ў шкарлупіне. Гэта пасля, ужо асвоіўшыся, выбралі аднаго простага прадаўца, вельмі падобнага да беларускага вясковага фермера. Вялікі, як мядзведзь, Джафар ужо здалёк гучна вітаў сваіх дарагіх гасцей, разліваў па кубачках духмяную гарбату з горных зёлак і выстаўляў скрыні, мяхі і пасудзіны з пачастункамі на прылавак.

Масты сяброўства

Дзелавы форум, які сабраў 200 дэлегатаў з Беларусі, Арменіі, Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Туркменістана, Узбекістана і Расіі, сведчыць аб вялікім жаданні ўзмацняць узаемадзеянне і сяброўства паміж народамі. У праграме — узнагароджанне лаўрэатаў, работа секцый, прэзентацыя анталогіі. Кожны даклад, які плаўна пераходзіў у дэбаты і размову пра сваё, — асобная тэма. Трансліравалася адкрытасць, узаемапавага і цікавасць. Закранулі агульныя для ўсіх краін літаратурныя праблемы: часам нізкі ўзровень твораў, «раздутасць» творчых саюзаў, невялікія ганарары. Жывая даверлівая гутарка паміж творчымі дэлегацыямі ад кожнай з нацыянальных літаратур — тое, дзеля чаго варта было пераадолець тысячы кіламетраў. Пракладзены трывалыя масты сяброўства і доўгатэрміновага супрацоўніцтва. Наперадзе пераклады, анлайн-знаёмствы і сустрэчы з сучаснымі пісьменнікамі блізкага і далёкага замежжа.

Акын і яго вялікае каханне

Не адкрыю Амерыкі, калі скажу, што ўсё самае цікавае адзін пра аднаго ў такіх падарожжах мы дазнаёмся ў апошні вечар перад ад'ездам. Пакіну за сабой права не называць імя гэтага чалавека, сапраўднага мужчыны і паэта. Скажу толькі, што зараз ён адзін з самых папулярных сучасных акынаў у сваёй краіне. Калісьці, у юнацкія гады, у песняра перад самым вяселлем укралі каханую. Дзяўчына перад тым, як пераступіць парог чужога дома, здзейсніла абрад, пасля якога назад дарогі не было. Тым не менш акын знайшоў у сабе сілы і прыняў запрашэнне на вяселле. Увесь час, пакуль ён спяваў пра прыгажосць маладой, з яго вачэй ліліся буйныя слёзы. Падарыў латарэйны білет з выйгрышам аўтамабіля і пакінуў свята. Доўгія дзесяць гадоў хлопец перажываў нешчаслівае каханне і складаў песні, каб паменшыць сардэчны боль. Рана загаілася, у акына зараз вялікая сям'я. Але ў час яго вяселля былая каханая адкрылася: яна тады ахвяравала сабой, бо ведала, што творы пішуцца, калі ў паэта параненае сэрца.

Палеская сюіта

На сцэне Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра імя Алішэра Наваі — маладзёжны сімфанічны аркестр СНД. Наперадзе выступленне легендарнага артыста Палада Бюль-бюль аглы. Мастацтва дырыжыравання нагадвае танец агню. Зала цёпла сустракае вядомыя музычныя творы краін Садружнасці. І вось мілавідная вядучая прадстаўляе наступны нумар: Яўген Глебаў, «Палеская сюіта». Бачу, колькі задавальнення і радасці дае некаторым музыкам выкананне твора, а пасля — гром авацый. Зразумела, такі прыём не толькі за віртуознасць. Як прыемна і ганарова адчуваць сябе часткай сваёй краіны!

Іна ФРАЛОВА.

Фота аўтара і з уласнага архіва.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter