У Варшаве і Аўгсбургу ёсць рэдкія гістарычныя артэфакты, звязаныя са Слуцкам і Магілёвам

Па слядах каштоўных рарытэтаў

У Варшаве і Аўгсбургу ёсць рэдкія гістарычныя артэфакты, звязаныя са Слуцкам і Магілёвам





За мяжой Беларусі захоўваецца мноства прадметаў мастацтва, культурных артэфактаў, якія маюць дачыненне да нашай краіны. Некаторыя з іх дагэтуль не былі вядомыя на гістарычнай радзіме. Але дзякуючы даследчыкам, якія займаюцца вывучэннем гэтых прадметаў, мы цяпер можам расказаць падрабязнасці. Пра лёс слуцкіх паясоў, якія знаходзяцца ў Варшаве, паведаміла Эва Арліньска-Мяноўска, захавальніца калекцыі тканін Нацыянальнага музея Польшчы. А пра рэдкія фатаздымкі, кнігі, якія можна ўбачыць і набыць у Германіі, падзяліўся інфармацыяй Алег Давід Лісоўскі, калекцыянер з Аўгсбурга.

Родам са Слуцка

Найбагацейшая калекцыя паясоў, вытканых у XVIII ст. на мануфактуры князёў Радзівілаў у Слуцку, захоўваецца не ў гэтым беларускім горадзе, а, мабыць, у Варшаве, у тамтэйшым Нацыянальным музеі (Muzeum Narodowe). У Мінску, у Нацыянальным мастацкім музеі, цяпер выстаўляюцца 6 аксесуараў з гэтага збору. А ўвогуле ў польскім сховішчы іх – 59, пра якія навукоўцы кажуць: так, яны дакладна выраблены ў Слуцку. І яшчэ 226, якія выраблялі на кшталт слуцкіх у іншых мясцовасцях Беларусі і Польшчы.

У Беларусі слуцкі пояс – адзін з нацыянальных сімвалаў. Яшчэ ў школе дзеці даведваюцца пра яго з верша Максіма Багдановіча «Слуцкія ткачыхі»:

Цямнее край зубчаты бора…
І тчэ, забыўшыся, рука
Заміж персідскага ўзора
Цвяток радзімы васілька.

Але і ў Польшчы гэтыя паясы ўспрымаюць як сваю нацыянальную спадчыну, агульную з беларусамі, бо ствараліся яны ў часы Рэчы Паспалітай, агульнай для нашых народаў дзяржаве XVIII стагоддзя.

Эва Арліньска-Мяноўска, захавальніца калекцыі тканін Нацыянальнага музея Польшчы, адна з найлепшых знаўцаў паясоў. Сваімі ведамі яна ахвотна падзялілася:





- Цікава, што паясы са Слуцка і падобныя да іх толькі ў Польшчы, Беларусі і іншых мясцовасцях даўняй Рэчы Паспалітай не мелі адмысловай назвы. Іх толькі цяпер навукоўцы называюць “кунтушовымі”, бо імі падпяразваўся кунтуш і жупан – мужчынская вопратка. Выраблялі іх не толькі ў Слуцку, і не ў ім упершыню. Ткалі іх першапачаткова ў Індыі, Турцыі, Персіі (Іране). Нездарма і ў вершы беларускага паэта ідзе гаворка пра “персідскі ўзор”. Вытворчасць была наладжана нават у італьянскай Венецыі і французскім Ліёне. А вось мануфактура, якая вырабляла аксесуары ў Гродне, арыентавалася на заходнееўрапейскія ўзоры.

- Адкуль у вашым музеі такі вялікі збор гэтых рарытэтаў?

- Пачаткам калекцыі былі паясы, ахвяраваныя Леапольдам Мэе (Leopold Meyet) у Музей прыгожых мастацтваў – папярэднік Нацыянальнага музея. Многія з паясоў загінулі ў час Другой сусветнай вайны: засталося толькі 28 са 124.

Пасля вайны ў Нацыянальны музей трапілі паясы з калекцыі Патоцкіх, якая раней захоўвалася ў палацы гэтых магнатаў у Кшашавіцах (Krzeszowice) пад Кракавам.

Паясы былі часткаю шляхецкага ўбору, але вырабляліся з дарагога шоўку і залатых ніцей, што было па кішэні не кожнаму арыстакрату. Таму паясы трапляюцца ў музейных калекцыях розныя: і вельмі шыкоўныя дарагія, і сціплейшыя – эканом-класа. У зборы Нацыянальнага музея ёсць многа шлюбных паясоў, спецыяльна сатканых да гэтай урачыстасці.

Чым адметная была “персіярня” – мануфактура па вырабу паясоў у Слуцку сярод іншых, што дзейнічалі ў XVIII ст. у Беларусі і Польшчы? Эва Арліньска-Мяноўска тлумачыць:

- Гэтая персіярня дзейнічала даўжэй за іншыя, а назва «слуцкія» стала сінонімам кунтушовых паясоў, што вырабляліся ў іншых мясцовасцях. У зборы Нацыянальнага музея ёсць нават вырабы, датаваныя пазнейшым за 1807 год часам! Слуцкая мануфактура была заснавана Янам Маджарскім каля 1767 года са згоды і ініцыятывы Караля Станіслава Радзівіла Пане Каханку. Маджарскі, зрэшты, згадваецца яшчэ ў ранейшых дакументах як «майстар нясвіжскай персідскай фабрыкі». У 1776 г. Маджарскі ўзяў прадпрыемства ў арэнду, а ў 1780-1807 гг. справай займаўся яго сын Леан. Пасля яго мануфактура стала занепадаць, асабліва вялікі ўдар яна атрымала ў час вайны 1812 года, а ў 1842 г. зусім зачынілася. Кадры на персіярню адбіралі з мясцовых жыхароў. У 1792 г. працавалі 24 варштаты, у 1795-м – 12, якія абслугоўвалі 30 чалавек.

За першыя дзесяць год кіравання персіярняй Ян Маджарскі вырабіў 758 паясоў. У сярэднім адзін пояс даўжынёй 4 метры ткаўся 5 дзён.

На падставе аналізу паясоў, што захоўваюцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве, высветлена, што яны пазначаліся як мінімум 11 сігнатурамі – гандлёвымі маркамі: Sluck, Me fecie Sluciae, Johannes Madzarski (у часы Яна Маджарскага), Leo Madzarski, В граде Слуцке (у часы Леана Маджарскага) ды інш. Апошнія два паясы, вытканыя ў 1846 г., пазначаны словамі Ludwig Wittigstein – гэта Людвіг Вітгенштайн, муж Стэфаніі Радзівіл.

Варшаўскія паясы “родам са Слуцка” экспанаваліся ў Ліёне, Венецыі, а цяпер іх можна ўбачыць – праўда, усяго 6 – на выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску.
 
Калекцыянер з імпэтам паляўнічага







Знаёмства з Алегам Давідам Лісоўскім у мяне адбылося ў інтэрнэце. Спачатку я натыкнуўся ў сусветнай павуціне на яго старонку, прысвечаную старажытнасцям Магіёлва. Мноства выяў даўніх здымкаў, паштовак, картаў. Нават 3D рэканструкцыя выгляду славутай халоднай “школы” (сінагогі), якую размалёўваў Хаім Сегал, легендарны продак Марка Шагала. Храм знішчылі ў 1938 годзе. А тут ён нібы існуе: вось што дазваляе сучасная камп’ютарная графіка – аднавіць з нуля цэлы помнік дойлідства!

І ўсё гэта пры тым, што рэканструктар і калекцыянер жыве не ў Магілёве. Так, гэта яго родны горад. Але некалькі гадоў таму ён пераехаў у нямецкі Аўгсбург – паклікала праца. А душа засталася на радзіме.

Энтузіяст стварыў у сваёй аўгсбургскай кватэры міні-архіў-музей магілёўскай гісторыі. Чаго тут толькі няма:

- Яшчэ калі жыў у Магілёве, я пачаў збіраць цыфравыя копіі старых здымкаў горада. У Германіі я зноў пачаў калекцыянаваць здымкі, сартаваць і выкладваць у інтэрнэце. Так пачалася мая праца над фотагісторыяй Магілёва.

Аднак апошнім часам даследчыка захапіла збіранне пісьмовых крыніц з гісторыі роднага горада і Беларусі. На інтэрнэт-аўкцыёнах ён знаходзіць рэдкія заходнееўрапейскія кнігі, газеты, якія невядомыя навукоўцам у Беларусі, але дзе ёсць шмат каштоўных звестак пра нашу краіну.

У мінскіх букіністычных крамах гэта каштавала б сотні еўра. У Германіі – ад 1 да некалькіх дзесяткаў, толькі за сапраўдныя рэдкасці збіральнікі просяць сотні, а то і тысячы еўра.

Лісоўскі некалькі экспанатаў дапамог набыць Музею гісторыі Магілёва, сярод іх – гравюры, карты XVI стагоддзя. Але перш за ўсё сам пазнае мінуўшчыну сваёй бацькаўшчыны, чытаючы ў арыгінале па-нямецку:

- У розных нямецкіх кнігах XVI-XХ стагоддзяў шмат пра Беларусь пішуць. Але няма часу прачытаць усё, таму канцэнтрую сваю ўвагу перш за ўсё на Магілёве. Пішуць даўнія аўтары пра войны, якіх, на жаль, было нямала ў тыя часы. У маёй калекцыі захоўваюцца газеты 1812 года пра падзеі вайны з Напалеонам. Ёсць дзьве старонкі амерыканскай гезеты пачатку ХХ стагоддзя, дзе апісваюць знаходжанне расійскага цара Нікалая ІІ у Магілёве.



Адна з вуліц Магілёва сто год таму і сёння на адным здымку. Фотакалаж Алега Давіда Лісоўскага

Адной з найцікавейшых газет у сваім зборы Алег Давід лічыць Deutsche Blätter ад 23 жніўня 1814 года з вялікім артыкулам пра ўраджэнца Беларусі, кіраўніка паўстання 1794 года ў Рэчы Паспалітай Тадэвуша Касьцюшку. У публікацыі гаворыцца, што “Касцюшка - адзін з найвялікшых мужоў нашага часу. Таленты палкаводца, адвага, і больш за ўсё: людскасць, любоў да Айчыны, строгая справядлівасьць і найчысцейшая бескарыслівасьць ставяць яго высока сярод яго сучаснікаў і ў вачах нашчадкаў”. У матэрыяле газеты апісваюцца нават падрабязнасці асабістага жыцця палкаводца: “Лёс гэтага чалавека быў прадвызначаны праз няшчаснае каханне. Яго сімпатыя да дачкі маршала Літвы Сасноўскага прымусіла Касцюшку пакінуць Польшчу. Навучанне гісторыі і матэматыцы, здатнасць да засвойвання ведаў падрыхтавалі яго да школы вайны, свабоды і жыццёвай мудрасці”.

Праект, над якім Лісоўскі нядаўна скончыў працаваць, - гэта пераклад на беларускую мову нямецкай кнігі 1785 года “Дзівосныя паведамленні пра езуітаў Беларусі”. Яна рыхтуецца да друку Музеем гісторыі Магілёва. Кніга сапраўды дзівосная:

- Я натрапіў на гэту кнігу на адным з аўкцыёнаў. У ёй расказваецца пра перыпетыі лёсу магілёўскіх езуітаў. У той час ордэн езуітаў у Заходняй Еўропе быў забаронены, а ў Расіі, у склад якой уваходзіў Магілёў, Таварыства Ісуса дзейнічала. У кнізе расказваецца пра тое, як езуіты здолелі захавацца ў Беларусі. А гэта было не так проста. Бо вакол гэтых «беларускіх» езуітаў разгарнулася дыпламатычная вайна папы рымскага з расійскай імператрыцай Екацярынай ІІ. І вось магілёўскі каталіцкі арцыбіскуп Сестранцэвіч здолеў замірыць Рым з Санкт-Пецярбургам, дасягнуць прызнаньня «беларускіх» езуітаў, а затым аднаўлення іх ордэна ва ўсім свеце. Так Магілёў стаў цэнтрам сусветнай палітыкі.

Таксама Лісоўскі звярнуў увагу на тое, што ў назве кнігі бадай ўпершыню ў нямецкай літарататуры Беларусь выступае як асобная краіна, нягледзячы на тое, што тады дзяржавы з такой назвай на карце не было: па-нямецку Беларусь названа Weissrussen, а Расія – Russland. А значыць, ужо ў той час для многіх у Еўропе наша краіна была не terra incognita, а зямлёй вядомай і цікавай.

Алег Давід працягвае збіраць каштоўныя экспанаты. І здаецца мне, што гэта не проста калекцыянер, а сапраўдны паляўнічы на гістарычныя факты. Мала яму чытаць кнігі навукоўцаў, хочацца пазнаваць мінуўшчыну Беларусі па першакрыніцах, да якіх, дзякуючы збегу абставін, ён атрымаў доступ праз інтэрнэт.






З артыкула мастака Эля Лісіцкага 1923 года, знойдзенага Алегам Давідам Лісоўскім, пра магілёўскую халодную “школу” (сінагогу)

“Гэта было каля 1916 года.

Пра магілёўскую сінагогу хадзілі легенды.

Трапілі ў Магілёў, і праз некалькі гадзін мы яе знайшлі. Сінагога стаіць каля самага Дняпра, аднак у такім “гаршку”, што яна цалкам схаваная. І гэта неверагодна. Сінагогі звычайна размяшчаюць такім чынам, каб яны дамінавалі над навакольным ландшафтам.

Удзень сінагога зачыненая.

Сцены – драўляныя, бэлькі дубовыя, зыходзячы з гуку пры пастукванні. Над сценамі столь падобная да шатра. Увесь аб’ём яе падзелены мастаком на часткі і гэтак запоўнены некалькімі простымі фарбамі, што там жыве цэлы вялікі свет, і бліскае, і льецца ў гэтай невялічкай прасторы.

Уся невялікая плошча сінагогі размаляваная пачынаючы ад спінак лавак да самай вяршыні купала. Гэта плён высокай культуры.

Майстар гэтай працы – Сегал.

Пасля таго, як ён скончыў працу, ён зваліўся з рыштаванняў і загінуў. Так расказваюць… Мы сёння не можам гэтага праверыць, аднак гісторыя вельмі характэрная для ацэнкі майстра, – яго твор настолькі вялікі, што далейшае жыццё майстра магло б яго толькі прынізіць. Твор завершаны, і душы няма больш чаго рабіць у целе.

Цэнтральны пункт усяго - столь. На заходнім баку, над уваходам, стаяць вялізарныя львы і павы за імі. Ільвы трымаюць дзве шыльды з надпісамі, ніжняя ў памяць аб самім майстры. Затым на трох паўночных і трох паўднёвых панэлях купала знаходзіцца нешта накшталт фрызу, на якім разварочваецца жыццё паядальнікаў і тых, каго паядаюць. Унізе – вада. Над ёй зямля, а па-над зямлёй – неба, у небе зоры, з якіх расцвітаюць кветкі. У вадзе – рыбы; іх ловяць птушкі. На зямлі ліс цягне ў роце птушку. Мядзведзь лезе на дрэва па мёд. Птушкі трымаюць у дзюбах змей. Усе яны, тыя, што лятаюць, і тыя, што бегаюць – ёсць людзі. Праз свае чатырохлапыя ці птушыныя маскі яны глядзяць чалавечымі вачамі, гэта вельмі адметная рыса яўрэйскай народнай творчасці”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter