Па Мінску светлая туга…

Святлана Анісімава родам з Тальяці, але душой цягнецца да Беларусі: тут жылі продкі і жывуць родзічыСёлета ў жніўні газета згадвала пра яе. Сяргей Шылкін з Тальяці пісаў пра ўдзел суполкі “Нёман” у Першым гарадскім фэсце нацыянальных культур сярод устаноў сярэдняй прафесійнай адукацыі. “Cвята ініцыявала Святлана Анісімава, загадчыца бібліятэкі, выкладчыца і куратар студсавета Тальяцінскага хіміка-тэхналагічнага каледжа”, — гэта з ягонага допісу.
Святлана Анісімава родам з Тальяці, але душой цягнецца да Беларусі: тут жылі продкі і жывуць родзічы

Святлана Анісімава ў МінскуСёлета ў жніўні газета згадвала пра яе. Сяргей Шылкін з Тальяці пісаў пра ўдзел суполкі “Нёман” у Першым гарадскім фэсце нацыянальных культур сярод устаноў сярэдняй прафесійнай адукацыі. “Cвята ініцыявала Святлана Анісімава, загадчыца бібліятэкі, выкладчыца і куратар студсавета Тальяцінскага хіміка-тэхналагічнага каледжа”, — гэта з ягонага допісу.
І вось Святлана ў Мінску. У рэдакцыю завітала па наводцы кіраўніцы суполкі “Нёман”Людмілы Дзёмінай, прывезла ад яе ў падарунак прыгожы буклет. А як яны пазнаёміліся? “У каледжы даўно ладзіцца фестываль нацыянальных культур, — расказвае Святлана. — Пару гадоў таму, калі адной з груп выпала прадстаўляць на фэсце Беларусь і беларусаў, я тэлефаную ў суполку: ці не далі б вы нам касцюмы? Дзёміна адразу: “Вядома, дамо! Прыязджайце!” Прыемна здзівіла: незнаёмы чалавек — і адразу адгукнулася. Так і пазнаёміліся. Мае хлопцы — а я кіраўнік гурта “Спадчына”з каледжа — удзельнічаюць у імпрэзах “Нёмана”. У нас выдатны рок-гурт. Падбіраем новых музыкантаў і салістаў, бо палова хлопцаў каледж закончылі, у тым ліку і Аляксандр Анісімаў, мой малодшы сын, які ўжо ў войску. Дарэчы, і старэйшы сын, Уладзімір, цяпер салдат: хутка дадому вернецца”.
Святлана згадвае, з якім імпэтам хлопцы развучвалі песню “Касіў Ясь канюшыну”: легла яна на душы, прынесла званне лаўрэатаў гарадскога фестывалю “Студэнцкая вясна”. Артысты выйшлі на сцэну ў беларускіх кашулях-вышыванках. Яны і Гімн Беларусі спявалі выдатна. Святлана ўдакладніла: “Студэнтам я шмат пра Беларусь расказваю. Некаторыя вельмі зацікавіліся: збіраюцца прыехаць на экскурсіі, далей вучыцца тут ці нават жыць”.
Адкуль у яе любоў да нашай Бацькаўшчыны? “Дзед і бабуля мае па бацьку — беларусы з Віцебскай губерні. У бабулі дзявочае прозвішча Філіпёнак, тыпова беларускае. Дзед з 1939-га быў у арміі, служыў па розных ваенкаматах. Думаю, Івана Паўлава помняць старажылы і ў Камянцы, на Брэстчыне: яго перавялі туды ў канцы 44-га. Там і мой тата нарадзіўся, але ў школу пайшоў ужо ў Мінску: дзеда сюды служыць перавялі”.
Бацька яе, Уладзімір Паўлаў, закончыў 4-ю мінскую школу, Політэхнічны інстытут (цяпер БНТУ) і як інжынер-металург з сябрамі паехаў на Волгу: запускаўся аўтазавод у Тальяці. Там і застаўся жыць, а ў Мінску, у кватэры, якую дзед яшчэ атрымліваў, жыве яе любімая цётка Тамара Паўлава, старэйшая бацькава сястра.
Уладзімір Паўлаў, лічыць дачка, зрабіў нядрэнную кар’еру: сыходзіў на пенсію з пасады намесніка тэхнічнага дырэктара АўтаВАЗа. Ён “па Мінску сумуе і любіць тут бываць”. Святлана ж хоць родам з Тальяці, але “ўсё дашкольнае дзяцінства правяла ў Мінску, і ўсе канікулы”. Яе цётка працавала бібліятэкарам у Інстытуце замежных моваў (цяпер МДЛУ), і таму цэнтр горада добра вядомы і Святлане: “Для мяне гэты горад — родны, люблю яго больш, чым Тальяці. Вось дыхаю гэтым паветрам — і мне ўжо добра. Пасля школы я ў 1987-м і паступала ў мінскі Іняз, балаў недабрала. Жыла ў Мінску, працавала ў дзіцячым садзе на вуліцы Цікоцкага: спачатку нянечкай, потым выхавацелькай у яслях”.
Не лёс быў застацца ў Беларусі: паехала ў Тальяці, выйшла замуж, там і жыве. Закончыла Самарскую дзяржакадэмію культуры і мастацтваў. У свой час яны з мужам планавалі нават пераехаць у Мінск, дзе Святлана і прапісаная была да развалу Саюза. “Я і сынам сваім перадала любоў да Мінска, і мужу: мы з ім разам цяпер прыехалі, — прадаўжала субяседніца. — Зноў падумваем аб пераездзе. Яму ў Беларусі падабаецца: тут ёсць адчуванне захаду, тут адметная культура, парадак... У мужа, дарэчы, польскія карані, ён з вёскі пад Тальяці, якую ў народзе называюць Польскія Выселкі. Туды пасля паўстання — магчыма, Кастуся Каліноўскага? — высылалі дробную шляхту. Бабулю Сяргея звалі Лізавета Рыгораўна Лабаноўская: прозвішча ў Паволжы яўна не тыповае”.
Думаю, калі Святлане і Сяргею цікава будзе, яны даведаюцца: раней барацьба паміж Польшчай і Расіяй за беларусаў часта абарочвалася то паланізацыяй, то русіфікацыяй мясцовага люду. То можа і Лабаноўскія вядуць радавод з нашых земляў: варта зазірнуць у архівы. Прынамсі, беларусам Тальяці ў гісторыі Польскіх Выселкаў цікава было б пакапацца, пашукаць “беларускі след”.
Святлана Анісімава — вельмі заняты чалавек. Загадвае бібліятэкай, піша дысертацыю, яшчэ кіруе творчай студыяй “Люстэркі”, агітбрыгадай, камандай каледжа “Што? Дзе? Калі?” І святы, конкурсы ў каледжы яе праца, бо — рэжысёр па спецыяльнасці. “А яшчэ ж сям’я і суполка “Нёман”! — пералічвае клопаты і абавязкі. — І тым не менш хочацца наладзіць сяброўскія кантакты каледжа з падобнай установай з Мінска. Была ў таварыстве “Радзіма”, далі ўзоры дакументаў, як гэта рабіць. Вельмі каштоўныя дыскі падарылі ў апараце Упаўнаважанага: пра народныя святы і абрады, цыкл “Ад Вялікадня да Калядаў”. Будзем выкарыстоўваць у рабоце суполкі. Думаю, у нас усё атрымаецца, сяброў і блізкіх, родных падключу. А чаму я тое раблю? Гэта чыста з любові да Беларусі і да Мінска, па якіх я часта тужу…”

Іван Ждановіч

На здымку:
Святлана Анісімава ў Мінску
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter