Па дарозе да Сям’і

Народныя ўяўленні аб шлюбным абрадзе. Яшчэ раз акцэнтуем увагу нашых чытачоў на тое, што з цягам часу афіцыйны шлюб практычна ва ўсіх сваіх дэталях і нюансах правядзення “аброс” вялікай колькасцю прымет і рэгламентацый, каранямі сваімі звязаных з даўняй традыцыйнай культурай, з народным светаўспрыманнем, ментальнасцю і характэрнай для яе прымхлівай абачлівасцю. У народнай культуры беларусаў у адносінах да шлюбнага абраду быў сфарміраваны цэлы шэраг рытуальна-магічных дзеянняў, забарон і прадпісанняў, накіраваных на забеспячэнне шчаслівага шлюбу маладых, іх здароўя, нараджэння дзяцей, сямейнага дабрабыту, плёну ў іх гаспадарчай дзейнасці.

Сакральны час перад шлюбам. У дзень вянчання дзяўчына выходзіла з хаты ў статусе нявесты. Вестай  у старажытнай рымскай міфалогіі называлі багіню-захавальніцу свяшчэннага ачага гарадской суполкі або хаты. І адпаведна “ня-Веста” —  гэта статус дзяўчыны, якая на час правядзення вяселля знаходзілася ў пераходным стане: яна фактычна ўжо не належала свайму роду (аб чым пераканаўча сведчыла спецыяльна прыгатаванае для шлюбу адзенне), але яшчэ афіцыйна не была прынята ў кола прадстаўнікоў чужога роду — жаніха. Гэта адбудзецца толькі тады, калі яе публічна назавуць жонкай. Лічылася, што ў гэты “пераходны” перыяд жыцця яна знаходзіцца ў асаблівай небяспецы: злыя пажаданні і праклёны маюць над ёй асаблівую моц.
Таму ў дзень вянчання нявеста павінна была мець пры сабе некалькі прадметаў-абярэгаў. Прысутнасць чырвонага колеру ў яе адзенні, рытуальныя дзеянні бацькоў і г. д. таксама станавіліся свое-асаблівым сродкам яе абароны. Рытуальна маркіраваліся парог хаты, вароты двара, мяжа вёскі, парог храма. Свое-асаблівым абярэгам на ўсім шляху да храма былі хросныя бацькі нявесты, якія да таго ж абавязкова бралі з сабой грамнічную свечку з хаты бацькоў маладой.
* Па той жа прычыне маладым забаранялася спыняцца на шляху да храма. І калі вясельны поезд сустракаўся з якімі-небудзь перашкодамі на сваім шляху, гэта абяцала няшчасці маладой пары. Крайне непажаданай лічылася сустрэча з пахавальнай працэсіяй. Кепскай прыметай бачылася і сустрэча двух вясельнах поездаў. У такім разе ні адзін з бакоў не хацеў саступаць дарогу, бо меркавалі: той, хто збочыць з дарогі, будзе мець нешчаслівы жыццёвы шлях.
* Акрамя гэтага, нявеста і жаніх бралі з сабою рэчы, якія павінны былі “спраецыраваць” іх будучае сумеснае жыццё: два жытнёвыя каласы — для багацця ў гаспадарцы, срэбныя манеты — каб быць багатымі, акраец хлеба, які трэба было з’есці адразу ж пасля вянчання і г. д.
* Існавалі строгія абмежаванні для маладых, якія тычыліся ўжывання ежы  ў дзень вянчання. Да яго маладыя не павінны былі штосьці есці. Асабліва гэта тычылася прадуктаў жывёльнага паходжання.
(Працяг будзе.)

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter