П’янаму пеўню i мора па калена?

Трое жыхароў Вiцебшчыны толькi паспелi сустрэць год Пеўня, але мала ў iм пажылi. Яшчэ двое нават не дачакалiся нi бою курантаў, нi звонкага кукарэкання. Гарачая “любоў” да спiртнога каштавала iм жыцця. Але каб толькi iм... У аднаго з жыхароў гарпасёлка Шумiлiна алкагольны напой скончыўся хутка. Што рабiць? Заклапочаны спадар, узброiўшыся малатком i нажом, выйшаў з мэтай яго здабычы. Аб’ектам нападзення стала начное кафэ “Мала-дзёжнае” ў родным райцэнтры. Праўда, свой разбойны арсенал рабаўнiк не скарыстаў. I ўсё ж самыя шумныя крымiнальныя «карагоды» пракацiлiся па буйных гарадах. Трое непрацуючых у Вiцебску напалi на жанчыну. Яны не толькi адабралi ў яе сумачку, але i моцна пабiлi. Юных разбойнiкаў затрымалi байцы атрада мiлiцыi асобага прызначэння. Нездарма кажуць, што п’янаму i мора па калена. Адзiн 57-гадовы жыхар Вiцебска так «накукарэкаўся», што выпаў з лесвiчнай пляцоўкi чацвёртага паверха на вулiцы Чкалава. Жанчына ў добрым падпiтку ўпала з балкона шостага паверха. Падобных сумных прыгод у гарадах i вёсках Прыдзвiнскага краю шмат. Хаця лiцэнзii на продаж усялякай пiратэхнiкi з вобласцi нiхто не мае, аднак калядныя кананады грымяць, як на вайне. Дэфiцыт прадаецца з-пад крыса. На прывакзальнай плошчы ў абласным цэнтры мiлiцыянеры за адзiн «сеанс» канфiскавалi 69 найменняў розных пiратэхнiчных «бамбастэраў». Не заўсёды гульнi з агнём заканчваюцца дабром. Яшчэ не ўсе ахвяры i трафеi, як кажуць, падлiчаны. Адзiн мясцовы 17-гадовы кулiбiн сам паспрабаваў змайстраваць «начную ракету» i... трапiў на бальнiчны ложак з траўмамi рук i вачэй.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter