Ой, цвіце каліна...

Чырвоная каліна ў народных паданнях славян была сімвалам жаночага лёсу. Каліна цвіце белымі прыгожымі кветкамі, вылучае навокал ціхі свет чысціні і радасці. Але прыходзіць каханне, а з ёю і вяселле: радасць з горам напалову. Хутка сыходзіць калінаў цвет, хутка знікаюць пачуцці. А далікатныя галінкі каліны, як і жаночы лёс (заўсёды быць пакорлівай), ломяцца пад дажджом і ветрам. Немагчыма выключыць прысутнасць каліны ў абрадах сямейнай накіраванасці. Напрыклад, у вясельным абрадзе каліна павінна была забяспечыць маладым шчаслівае сямейнае жыццё:

* Шаферкі ўпляталі ягады каліны ў вясельны вянок нявесты, у косы замест чырвоных стужак. Па народных уяўленнях, каб маладыя кахалі адзін аднаго ўсё жыццё, каліна павінна быць абавязкова ў вясельным вяночку маладой. Галінкі каліны з яркімі чырвонымі ягадамі вешалі па сценах хаты, дзе спраўлялі вяселле. На поўдні Беларусі галінку каліны вешалі на хаце як знак, што ў гэтай хаце дзяўчыну выдаюць замуж.
* Галінку каліны з ягадамі вешалі ў галаве парадзіхі, каб яна і дзіця былі здаровымі, каб нячыстая сіла не перашкодзіла лёгкім родам.
* У дзень святой Акуліны, якая ўшаноўваецца па народным календары 20 красавіка, бясплодныя жанчыны пілі адвар з ягад каліны, якія трэба было ўзяць з вянка нявесты.
* Пры першым рытуальным купанні ў купель дзяўчынцы абавязкова клалі ягады і лісце каліны, каб яна была прыгожай, шчаслівай і здаровай.
* Доўгі час існаваў звычай, калі бабка-павітуха ў ня-дзелю перад Бабіным днём
(8 студзеня) абыходзіла хаты, у якіх прымала нованароджаных, мазала ілбы жанчынам і дзецям ягадамі каліны, запрашала да сябе ў госці і благаслаўляла: “Будзь чырвоным, як каліна”.
У пахавальнай абраднасці каліна прысутнічае як праваднік у той, іншы свет.
Куст каліны саджалі на магіле ў галаве ці нагах памерлага, звычайна адзінокага мужчыны, каб назаўсёды аб’яднаць яго з той суджанай, якая засталася сумаваць па сваім каханым. Каліну садзілі на магіле бацькоў.
Паўсюдна выраз “пасадзіць каліну” азначаў “пахаваць каго-небудзь”. Можа, менавіта таму да каліны, якая расла побач з хатай, былі ярка негатыўныя адносіны, таму што лічылася, што гэта можа выклікаць смерць гаспадыні.
* На Палессі забаранялася ссякаць кусты каліны пад пагрозай смерці.
Прысутнасць каліны можна назіраць і ў каляндарнай абраднасці:
* На Каляды жывёлу, якую прыводзілі “на шчасце” ў хату, упрыгожвалі ягадамі каліны, стужкамі, калоссем жыта.
* На Вадохрышча жанчыны і дзяўчаты на рацэ асвячалі па тры свечкі, звязаныя з ягадамі каліны і сухімі кветкамі, мыліся вадой, у якую клалі ягады каліны, каб твар быў прыгожым.
* Каліна шырока выкарыстоўвалася ў народнай медыцыне. Гэта расліна згадваецца ў траўніках XVI стагоддзя. Знахары выкарыстоўвалі ягады, лісце, кару і карэнне каліны як агульнаўмацавальны сродак, пры лячэнні кашлю, сардэчных захворванняў, як прафілактычны сродак ад ракавых захворванняў, ад зубнога болю.
* І сёння каліна выкарыстоўваецца ў медыцыне як сродак для спынення крыві, пры прастудзе, ад вугроў на твары. Тым, хто пакутуе ад гіпертаніі (павышаны ціск), неабходна есці свежую (замарожаную) каліну: па тры ягады тры разы на дзень.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter