Наркаманка з 15-гадовым стажам расказала пра гераінавае пекла

Нязломленая Марына

У мінулым годзе ўдалося паменшыць колькасць злачынстваў, звязаных з ужываннем і распаўсюджваннем наркотыкаў, больш чым на 40%. Выйсці з «азартнай гульні» многім наркаманам дапамаглі супрацоўнікі міліцыі. Марына аказалася ў ліку шчасліўчыкаў, якіх своечасова выцягнулі з гераінавай багны. Карэспандэнт «Р» пабывала ў гасцях у мамы дваіх дзяцей.

Калаж Юліі КОСЦІКАВАЙ

Пра лёс Марыны я даведалася ў Ленінскім РУУС Мінска. Дзяўчыне было ўсяго 18 гадоў, калі жыццё крута змянілася. Тады яна ўпершыню паспрабавала наркотыкі, і адразу ж на іх падсела. На доўгія і пакутлівыя пятнаццаць гадоў.

— Першы раз дозу прыняла за кампанію. І пайшло-паехала. Мы самі рабілі наркотык з маку, куплялі гераін. Калі сыну Мікіце быў усяго гадок, адвезла яго жыць да бабулі. Дзіця не павінна было знаходзіцца побач з такой маці, як я. Гэта проста жах, што са мной тады рабілася, — у былой наркаманкі набягаюць слёзы.

Мікіта жыў і выхоўваўся ў іншым горадзе, а ў Мінску Марына працягвала кайфаваць. Нідзе не працавала, але на наркотыкі штомесяц траціла каля 2,5 тыс. долараў. Дзе брала? Кагосьці падманвала, выманьвала, брала ў доўг — як атрымлівалася. Калі грошай не было, наркатычная казка скончвалася — з-за страшных ломак жыццё ператваралася ў сапраўднае пекла.

— Горш гэтага, напэўна, нічога не бывае. Калі выкручвае ногі, рукі, неверагодна баліць галава. Хочацца лепш памерці, чым адчуваць усё гэта. Стан жудасны: уявіце пакуты алкаголіка, і памножце гэта на мільён, — Марыне да таго было дрэнна, што яна ўжо сама ўмольвала адправіць яе лячыцца ў бальніцу. Блізкія так і зрабілі, але ўсё было дарэмна: дзяўчына вярталася, зноў пачынала тусавацца ў той жа кампаніі, і не магла выстаяць ад чарговай спакусы — зноў ужывала дозу моцнадзейных забароненых рэчываў.

На нейкі перыяд наркаманку нават адсылалі ў вёску. Сваякі спадзяваліся: раптам прырода дапаможа, адцягне ад заразы. Але растанне з гераінам было непасільна цяжкім. Марына з жахам узгадвае, да чаго даводзіла сваю старэнькую бабулю:

— Яна не ведала, як мне дапамагчы. Выбівалася з сіл, перажывала, калі бачыла мой стан. Быў такі момант, калі бабуля нават бегала да суседкі за макам. Рабіла адвар, нешта накшталт гарбаты, давала мне піць. Лягчэй не станавілася, страшныя ломкі працягваліся. Мне патрэбныя былі наркотыкі і больш нічога.

Вярнуўшыся ў горад, Марына зноў узялася за старое. І хутка стала на шлях большасці наркаманаў — патрапіла за краты. Дзяўчыну асудзілі па арт.328 КК — незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў. У няволі яна шмат думала і разважала, як змяніць сваё жыццё. Бо ўсё яшчэ наперадзе...

Марына адбыла тэрмін. Яна да гэтага часу беражліва захоўвае сваё фота з тых часоў. У яе поглядзе выразна чытаецца: «У тое гераінавае пекла я больш не вярнуся».

— Я выйшла з турмы зусім іншым чалавекам. Але спакуса была вельмі вялікая: мне ўсюды прапаноўвалі наркотыкі. Але я ведала, што не хачу назад — сур’ёзна вырашыла лячыцца. Змяніла круг зносін і пераехала ў невялікі горад, да сына, — Марына ўпэўненая, што менавіта гэта яе і выратавала. Яна пачала атрымліваць кайф ад жыцця ў рэальным свеце. Уладкавалася на працу, але праз нейкі час зноў пераехала ў Мінск. Тут была прыбіральшчыцай, потым атрымала пасаду адміністратара. Старым «сябрам», якія зноў прапаноўвалі наркотыкі, навучылася адмаўляць. Ды так, што праз нейкі час яны яе проста перасталі турбаваць.

Потым Марына сустрэла бацьку свайго сына і былога мужа, з якім расталася шмат гадоў таму. Пачуцці зноў успыхнулі, і на свет з’явіўся маленькі Улад. Дзіця як быццам натхніла на новае жыццё. Праўда, шчасце хутка скончылася — каханага мужа пасадзілі ў турму.

— Я спачатку баялася, што не спраўлюся з усім гэтым. Старэйшы хлопец падрос, другому споўнілася ўсяго 10 месяцаў... Я засталася зусім адна. Праўда, добрыя людзі ўсё ж знайшліся — супрацоўнікі Ленінскага РУУС самі сабралі мне некалькі сумак матдапамогі: дзіцячае харчаванне, адзенне, цацкі і іншыя неабходныя рэчы. Дзякуй ім вялікі. З тых часоў я не зрывалася — узяла сябе ў рукі. Зразумела, што мне патрэбна бачыць не гераін, а ўсмешку роднага малога, — Марына дзеліцца падчас сямейнай прагулкі. Улад — у калясцы, Мікіта побач.

Хлопцы застаюцца на дзіцячай пляцоўцы, а мы ідзем у дом. Суразмоўніца займаецца хатнімі клопатамі, але працягвае расказ:

— Мне з Мікітам, старэйшым сынам, вельмі пашанцавала. Гэта проста цуд, а не дзіця! Здавалася б, ён павінен крыўдзіцца на мяне, можа і помсціць за тое, што я яго ў дзяцінстве кінула, зусім ім не займалася. Але ён даў мне шанс рэабілітавацца як маці — за гэта вельмі ўдзячная. І зараз зраблю ўсё, каб яго не расчараваць.

За 19-гадовага хлопца Марына не перажывае. Яна ўпэўненая, што яе сын, нагледзеўшыся на памылкі маці, не паддасца спакусе і ніколі не падсядзе на наркотыкі:

— Ён у мяне не п’е, не курыць. Сур’ёзна займаецца спортам. Добра вучыцца. Сам зарабіў на машыну — хутка будзе купляць.

Былая наркаманка з жалем глядзіць на маладых людзей, якім не ўдалося выратавацца, як ёй. І ўспамінае, як была знаёмая з 23-гадовай дзяўчынай. Цёмнавалосая, стройная прыгажуня — проста фотамадэль! Вырасла ў вельмі прыстойнай, інтэлігентнай сям’і. Але сышлася з наркаманам — той і прапанаваў ёй паспрабаваць спайс. Лёс вырашыла адно імгненне: у галюцынацыях дзяўчыне нешта здалося і тая скокнула з 9-га паверху…

— Яшчэ адзін знаёмы пад наркотыкамі скалечыў жыццё і сабе, і сям’і, — прыводзіць іншы прыклад. — Ішоў з маладой жонкай і дзіцём — дзяўчынцы тады было ўсяго два месяцы. І яго пераклініла: нечакана дастаў адвёртку і на вачах у малой 21 раз вострай прыладай пырнуў жонку. На шчасце, яна выжыла. Праўда, потым засталася без даху над галавой — яе муж прадаў кватэру, каб разлічыцца за наркотыкі. Дзяўчына з дзіцём перасяліліся ў інтэрнат.

Марына ведае шмат жудасных гісторый. Не раз сама станавілася іх сведкам. На днях, кажа, заўважыла двух голых хлопцаў, якія пад кайфам бегалі па вуліцы. Яшчэ раней — мужчыну, які старанна шукаў сваю жонку ў... вулічнай сметніцы. Відовішча страшнае. Што чарговы раз даказвае — наркотыкі, нават самыя «лёгкія» і «бяскрыўдныя», яшчэ нікога не ашчаслівілі.

ypopko@bk.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter