Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны не мае патрэбы ў перапісванні, аднак мае патрэбу ва ўдакладненні

Нязгаснае святло Перамогі

У Беларусі 22 чэрвеня — гэта Дзень усенароднай памяці Вялікай Айчыннай вайны. З тае нагоды прайшоў шэраг мерапрыемстваў. У прыватнасці, у Мінску на месцы былога нацысцкага лагера смерці “Трасцянец” адкрыты мемарыяльны комплекс “Вароты памяці”. Ва ўрачыстай цырымоніі ўдзельнічаў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Яшчэ вытрымкі з паведамленняў СМІ: “Ноч памяці ў Брэсцкай крэпасці. Патрыярх Маскоўскі Кірыл маліўся з вернікамі за тых, хто загінуў у чэрвені 1941 года”. І раніцу 22 чэрвеня тысячы жыхароў, гасцей Брэста разам з ім сустрэлі на тэрыторыі гераічнай цытадэлі. 


Брэсцкая крэпасць — месца памяці, гераізму, смутку

Памяць пра вайну, у якой перамаглі нашыя бацькі і дзяды, а значыць мы, — стукае ў сэрцы… З Гітлерам і яго самай моцнай арміяй у свеце мы справіліся за чатыры гады: страшныя, кровапралітныя... Абаранілі сваё права не быць рабамі, вязнямі канцлагераў, не гарэць жывымі ў печах крэматорыяў... Права жыць крывёю заваявалі! А з міфамі пра гісторыю Вялікай Айчыннай, вобразна кажучы, ваюем па гэты час. Вялікая хлусня пра Вялікую вайну ўжо 70 гадоў укідваецца ў інфармацыйную прастору — і неяк паціху, нібы туман, ахутвае яскравыя факты, падзеі, лічбы... Чаму так адбываецца? Можа, калі “дэза” ўкідваецца ў інфапрастору, значыць, гэта некаму вельмі патрэбна?

Сёлета 70 гадоў, як прыйшла Перамога, а цікавасць да ваеннай гісторыі не слабее. Напісаны, пэўна, тысячы работ: мастацкіх, навукова-даследчых, мемуарных... І чым далей, тым больш новых меркаванняў пра падзеі мінулага. Бывае, факты нам “паварочваюць” іншым бокам, яны “пераасэнсоўваюцца”, здараюцца і адкрытыя фальсіфікацыі. Спецыялісты, якія аналізуюць падобныя “дзівы”, прыходзяць да высновы: у пераважнай большасці выпадкаў гэта не проста ад неразумення некім чагосьці, а выразны, добра прадуманы дасведчанымі гісторыкамі і палітыкамі інструмент. Я б сказала нават: зброя. І “завострана” яна спяцамі на тое, каб дыскрэдытаваць пэўныя краіны на міжнароднай арэне і пазбавіць людзей пачуцця гонару за сваю Бацькаўшчыну. Такія думкі ў мяне ўзніклі пасля гутаркі з цікавым гісторыкам Яраславам Бязлепкіным. 

Я. Бязлепкін
Малады вучоны працуе ў Інстытуце гісто­рыі НАН Бела­русі: старшы на­ву­ковы супра­цоў­нік аддзела ваен­най гісто­рыі і міждзяр­жаў­ных ад­но­сі­наў. Яраслаў гадоў дзесяць ужо аддзяляе гістарычныя факты ад іх, скажам так, індывідуальнай інтэрпрэтацыі, вывучаючы навуковыя працы амерыканскіх і брытанскіх аўтараў, прысвечаныя перыяду Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі. З ім мы і гаворым пра асаблівасці “ідэалагічнага мініравання” ваеннай гісторыі.

— Яраслаў, ваша дысертацыя прысвечана вывучэнню поглядаў амерыканскіх і брытанскіх навукоўцаў на гісторыю Беларусі перыяду Вялікай Айчыннай вайны. І ЗША, і Вялікабрытанія былі саюзнікамі СССР пад час вайны, у тых краінах апынуліся многія германскія архіўныя матэрыялы. Гэта датычыцца і чалавечых страт, і злачынстваў нацысцкіх спецслужбаў ды іх дзейнасці на акупаваных тэрыторыях. Аднак погляды нашых гісторыкаў і заходніх на мінулую вайну не супадаюць. Чаму так?

— Погляды не проста не супадаюць — яны моцна адрозніваюцца. А такія важныя тэмы, як страты вермахта ў 1941-44 гадах, савецкае патрыятычнае падполле, дзеці ва ўмовах вайны, тэрор у дачыненні да славянскага насельніцтва, дзейнасць нацысцкіх спецслужбаў на акупаванай тэрыторыі на Захадзе ці не вывучаны наогул, ці слаба вывучаны. Вельмі фрагментарна прадстаўлены ў працах заходніх калег і савецкі партызанскі рух, яны практычна не выкарыстоўваюць савецкія архіўныя матэрыялы. Што за тэндэнцыя?  Каб растлумачыць фрагментарнасць заходніх навуковых даследаванняў па тэме маёй дысертацыі, давялося вывучаць англамоўныя працы з 1945 па 2013 гады. Гэта навуковыя працы амерыканскіх і брытанскіх аўтараў, апублікаваныя ў часопісах ЗША і Вялікабрытаніі. Вывучаў таксама савецкія і сучасныя беларускія і расійскія працы навукоўцаў. Для праверкі многіх фактаў выкарыстаў дакументы Нацыянальнага архіва Беларусі. Выснова мая простая: для заходняй гістарыяграфіі нават цяпер характэрны моцны антысаветызм, вельмі павярхоўны, спрошчаны і нярэдка тэндэнцыйны погляд на гісторыю Беларусі перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Палітычным элітам заходніх краін, пэўна, выгадна, каб у літаратуры быў прадстаўлены негатыўны вобраз СССР.

Патрыярх Кірыл на свяшчэннай брэсцкай зямлі
Патрыярх Кірыл на свяшчэннай брэсцкай зямлі

— Якія міфы пра вайну на тэрыторыі Беларусі часта сустракаюцца? І ці ўдаецца беларускім гісторыкам іх абгрунтавана развеяць?

— Міфаў, як вы кажаце, шмат. Магу прывесці некалькі прыкладаў. Скажам, ёсць меркаванне, быццам “беларускія вёскі спальваліся выключна з-за росту, актывізацыі партызанскага руху на нашай тэрыторыі”. А на самай справе карныя аперацыі супраць насельніцтва вёсак захопнікі пачалі праводзіць задоўга да таго, як партызанскі рух набыў шырокі размах. Напрыклад, у ліпені-жніўні 41-га на тэрыторыі Брэсцкай, Пінскай, Палескай і поўдні Мінскай абласцей праведзена карная акцыя пад назвай “Прыпяцкія балоты”. Больш за 10 вёсак спалілі разам з іх жыхарамі. Ці яшчэ гуляе такая “дэза”: маўляў, партызаны былі, а вось беларускага падполля як такога не існавала. Факты ж сведчаць: у ліку першых барацьбу супраць акупантаў разгарнула Мінскае партыйнае подполле. Ужо да канца 41-га ў Мінску і ваколіцах дзейнічала звыш 50 падпольных груп. А ўсяго за гады вайны ў яго шэрагах змагаліся больш за 9 тысяч чалавек. Гэта былі прадстаўнікі ўсіх сацыяльных слаёў насельніцтва, 25-і нацыянальнасцяў.

— Вось яшчэ не міф, але загадка: раней казалі — у Беларусі загінуў кожны чацвёрты, цяпер усё часцей — што кожны трэці. Некаму ж падаецца: ці то нейкая інфармацыя ўтойвалася раней, ці то ў гісторыкаў увогуле няма канкрэтных лічбаў... Што кажуць на гэты конт у Інстытуце гісторыі?

У ноч на 22 чэрвеня: вахта памяці ў Брэсцкай крэпасці
У ноч на 22 чэрвеня: вахта памяці ў Брэсцкай крэпасці

— Тэма страт не самая простая для даследаванняў. У некаторых выпадках сапраўды не хапае архіўных дакументаў і статыстычных дадзеных: вайна, акупацыя… Таму гісторыкі вымушаныя рабіць прыблізныя падлікі. Сваю “долю блытаніны” ў лічбы страт унеслі тэрытарыяльныя змены ў складзе БССР напярэдадні вайны, эвакуацыя мірных жыхароў, натуральныя страты насельніцтва… Магу прывесці такія дадзеныя. Паводле падлікаў спецыялістаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі ды Нацыянальнага архіва Беларусі, у гады вайны на тэрыторыі нашай рэспублікі з ліку мірных жыхароў загінула 1.409.225 чалавек. Колькасць загінулых ваеннаслужачых Чырвонай Арміі — каля 1.142.000. Страты партызан і падпольшчыкаў такія: ад 40.000 да 44.791 чалавека. Калі сумаваць гэтыя, а таксама лічбы з іншых катэгорый, то лічба страт такая: ад 2.264.107 да 2.761.316 чалавек. Лічым далей. У 1941-м напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны колькасць насельніцтва БССР складала 9.143.000. Таму дэмаграфічныя страты Беларусі ў гады вайны могуць ацэньвацца ў прамежку кожныя 4,03 чалавека (калі арыентавацца на лічбу 2.264.107 загінулых) — кожныя 3,31 (2.761.316 загінулых). Ісціна, як бачым, дзесьці пасярэдзіне. Дарэчы, падобная праблема існуе і ў нямецкіх гісторыкаў — з падлікам страт ваеннага і грамадзянскага насельніцтва нацысцкай Германіі.

— Мяркуючы па ўсім, “белых плям” у гісторыі вайны шмат, як і міфаў…Пра тое, дарэчы, ішла аргументаваная размова ў рэдакцыі газеты “Звязда” : тэкст “Перамога — назаўсёды!” выйшаў напярэдадні Дня Перамогі. Ці не можа, аднак, здарыцца так: некаторыя старонкі гісторыі вайны прыйдзецца не проста падпраўляць, а пісаць, як кажуць, з чыстага ліста?

— Гісторыя не мае патрэбы ў перапісванні — але яна мае патрэбу ва ўдакладненні. На мой погляд, нават за апошнія 10 гадоў у вывучэнні Вялікай Айчыннай адбыліся вялікія змены. Цяпер ідзе актыўная праца па ўдакладненні колькасці вёсак, знішчаных у гады вайны. Дарэчы, стараннямі супрацоўнікаў Нацыянальнага архіва Беларусі створана электронная база дадзеных па гэтай няпростай тэме. Мяркую, ваенным гісторыкам неабходна шукаць новыя факты, аналізаваць вядомыя падзеі з улікам новых дакументаў, аднак у цэлым ацэнкі Вялікай Айчыннай вайны ў кардынальных зменах не маюць патрэбы. Не магу не адзначыць такі факт. Сёлета 30 красавіка ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны пры падтрымцы пасольства ЗША прайшоў круглы стол з удзелам амерыканскага прафесара гісторыі галандскага паходжання Х’юберта Ван Тула. Ён выказаў меркаванне: тэрмін “Вялікая Айчынная вайна” неабходна захаваць — бо менавіта ён перадае ўвесь маштаб і баявых дзеянняў, і трагедыі мірнага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі СССР. Хоць, як я і адзначаў у сваёй дысертацыі, на Захадзе аддаюць перавагу тэрміну “Другая сусветная вайна”. Але ж гэта — іхні погляд на вайну... 

Гутарыла Зінаіда Ганчар
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter